«Няма ні адной свабоднай кіслароднай кропкі!» У Барысаве цяжкая сітуацыя з каронавірусам

Пра гэта яшчэ ўчора паведаміла мясцовае выданне «Адзінства».

У Барысаве складаная сітуацыя з захворваннем на COVID-19. Аб гэтым распавяла галоўны ўрач гарадской ЦРБ Алена Лыскавец:

— Ковід з кожнай новай хваляй становіцца цяжэйшым. Захворванне значна «памаладзела», — распавядае Алена Генрыхаўна. — Калі ў першую хвалю захворвалі і часцей траплялі ў бальніцы ўзроставыя людзі 60+, то цяпер сярэдні ўзрост хворых — 36-60 гадоў. І інфекцыя працякае досыць цяжка: масіўныя пнеўманіі з вялікім адсоткам паразы лёгкіх, часта пацыенты, прычым маладыя, адпраўляюцца на ШВЛ або на кіслародную падтрымку.

І сёння ў нас няма ні адной свабоднай кіслароднай кропкі! Калі 10 жніўня на тэрыторыі Барысава і раёна было зарэгістравана 455 хворых, то зараз іх колькасць павялічылася ўдвая: па дадзеных на 14 верасня налічваўся 931 хворы. З іх у стацыянары знаходзілася 255 чалавек, і ўсе 110 кіслародных кропак занятыя.

З 6 верасня значна павялічылася колькасць хворых дзяцей, што звязана з пачаткам заняткаў ва ўстановах адукацыі, а таксама з вяртаннем да месца жыхарства і ў працоўныя калектывы дарослых з адпачынкаў, пенсіянераў — у горад з дач.

Але, па словах медыка, справа не толькі ў гэтым. Калі ў мінулым годзе вірус толькі з'явіўся, ён быў агрэсіўны, новы, але пры гэтым «прыйшоў» і атакаваў у адзіночку. Зараз жа, як толькі рэзка пахаладала, ён знайшоў «саюзнікаў» — «нападае» разам з сезоннымі вострымі рэспіраторнымі бактэрыяльнымі, віруснымі інфекцыямі.

Дзеці ў чацвёртую хвалю хварэюць у асноўным без ускладненняў і пераносяць захворванне досыць лёгка. Але калі вясной 2020-га часцей за ўсё хвароба сябе вонкава ніяк не выяўляла, то зараз і ў іх заўсёды ёсць сімптомы — баліць горла, з'яўляецца кашаль і г. д.

Дарэчы, адзначаюцца цяпер адрозненні ў клінічнай карціне каронавіруснай інфекцыі ў параўнанні з мінулагодняй. Гэта звязана з мутацыяй віруса і зменай яго патагеннасці. Калі раней яго знешнія прыкметы былі падобныя да рэспіраторнай інфекцыі — адсутнасць нюху, боль у цягліцах, тэмпература, кашаль, то цяпер пачатак захворвання ковідам можа быць якім заўгодна — ад боляў у горле да кішачных расстройстваў. Ён вельмі падступны — накіроўваецца да таго арганізму, у якім ёсць нейкі збой, звязаны з сезоннымі захворваннямі. А так як ковід вельмі заразны і мае надзвычай высокую хуткасць распаўсюджвання, зараз мы і назіраем яго магутную чацвёртую хвалю.

Таксама «Адзінства» адзначае, што 11 верасня бальніца №2 у Барысаве была цалкам перапрафіляваная пад хворых з COVID-інфекцыяй. Да таго часу там функцыянавала 90 «ковідных» ложкаў. Цяпер іх агульная колькасць складае 176 (6 рэанімацыйных).

— Гэта, зноў жа, звязана з вялікім ростам выпадкаў заражэння, — інфармуе Алена Лыскавец. — У Барысаўскім рэгіёне сярод 23 раёнаў Міншчыны ён самы высокі. Штодня мы маем ад 50 да 100 новых заражаных. Улічваючы, што мы лечым яшчэ пацыентаў з Крупак і Беразіно — у іх раёнах прырост невысокі, і арганізоўваць дадатковыя месцы там немэтазгодна. У інфекцыйнай бальніцы функцыянуе 186 «ковідных» ложкаў, з іх 6 таксама рэанімацыйныя. Пакуль усіх 362 ложкаў хапае. Але калі ўзнікне неабходнасць, то мы гатовыя да разгортвання новых месцаў у цэнтральнай раённай бальніцы.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: