«Нясіце на могілкі жывыя кветкі»

Святар лічаць, што на могілкі да родных лепш прынесці жывыя кветкі, а не штучныя. Не варта пакідаць на могілках ежу ды гарэлку: «Памерламу трэба наша малітва, а не ежа».

Фота: Віктар Гілірыцкі

Намеснік старшыні Сінадальнага інфармацыйнага аддзела БПЦ протаіерэй Яўген Грамыка распавёў «Камсамольскай праўдзе», як праваслаўнаму хрысціяніну годна і правільна ўшанаваць на Радаўніцу сваіх памерлых сваякоў. Бо не ўсе народныя традыцыі ўхваляе Царква.

— На Радаўніцы ў храмах здзяйсняюцца памінальныя набажэнствы, дзе мы молімся аб нашых памерлых блізкіх. І па традыцыі ў гэты дзень мы наведваем могілкі. Зразумела, што ідзем туды не з пустымі рукамі, а нясем кветкі, і часцяком штучныя. Аднак Царква гэта не вітае, — распавёў протаіерэй Яўген Грамыка. — Бо кветкі часам называюць водбліскамі раю на зямлі. Яны — адлюстраванне чароўнай прыгажосці. І атрымліваецца, што замест гэтага мы прыносім нашым памерлым родным нешта штучнае, несапраўднае. Ды і радасць аб уваскрэслым Хрысце ўвасабляем у штучныя формы.

Але варта не забываць, што памерлыя людзі памерлі толькі целам, а душа іх засталася. І больш прыемна было б упрыгожыць магілу роднага чалавека жывымі кветкамі. Так, штучныя стаяць даўжэй, чым жывыя. Але яны ад сонца выліньваюць, губляюць з часам свой выгляд, становячыся бруднымі і брыдкімі. А жывыя пастаяць і засохнуць, і іх можна будзе прыбраць. Гэта выглядае натуральна.

Забароны на Радаўніцы нешта рабіць для праваслаўнага хрысціяніна няма. Напрыклад, прыбірацца ў гэты дзень на могілках можна. Прайшла зіма, усё растала, засталося смецце. Цалкам натуральна прыбрацца на магіле, падправіць агароджу, падфарбаваць яе.

У кожным рэгіёне Беларусі свае традыцыі. Напрыклад, асвячэнне магілаў. Будучы калісьці настаяцелем сельскай парафіі, я таксама асвячаў магілы. Але не ўсе народныя традыцыі ўхваляе Царква. Так, пасля Вялікадня людзі нясуць на магілы блізкіх кулічы, яйкі, каб падзяліць з імі радасць свята. Але я лічу, што гэта няправільна.

Памерламу чалавеку ежа ўжо не патрэбна. Яна патрэбна толькі бяздомным. Але калі вы хочаце дапамагчы бяздольнаму, то дайце яму грошай, ежы асабіста ў рукі. Не трэба ладзіць і застолле на могілках, ставіць каля магілы чарку гарэлкі. Паўстае пытанне: “Навошта гэта?” Нашым памерлым блізкім патрэбна наша малітва, і каб пра іх месца спачынку не забыліся.

На Радаўніцы лепш пабыць у храме, дзе здзяйсняецца памінальная літургія, памаліцца, падаць запіску аб супакоі душы, паехаць на могілкі, навесці парадак на магіле, дзе таксама можна памаліцца, а потым зладзіць памінкі дома або ў сталовай. Пасядзіце за сталом, пагаварыце, прыгадайце памерлых блізкіх добрым словам. Гэта годныя хрысціяніна паводзіны.

Паводле www.kp.by


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!