Няўпэўненая «змова дыктатараў» і працяг вулічнай актыўнасці. Найважнейшае за 14 верасня

Сустрэча кіраўнікоў Беларусі і Расіі ў Сочы не стала падзеяй. Найперш, мы не ведаем, пра што яны размаўлялі. Ці пагразіў Пуцін Лукашэнку пальцам, альбо паставіў нейкія жорсткія ўмовы? Пачакаем, пакуль змест размовы «сам-насам» стане агульнавядомым, бо беларускі пакуль што кіраўнік наўрад ці вытрымае, каб нешта не расказаць.


Адзінае, што шмат якія выданні паведамілі, быццам бы Расія дасць Беларусі крэдыт у паўтары мільярды долараў. Многія выданні напісалі пра гэта, як пра відавочны факт і «змову дыктатараў». Але даслоўна Пуцін сказаў: «Мы дамовіліся аб тым, што Расія прадаставіць Беларусі ў гэты складаны момант дзяржаўны крэдыт [у памеры] 1,5 млрд долараў, і мы гэта выканаем. Зараз, наколькі вядома, нашы міністры фінансаў вядуць на гэты конт працу на прафесійным узроўні».

«Дамовіліся», насамрэч — не азначае «далі». Апроч таго, невядома, на якіх умовах і на якія мэты будзе гэты крэдыт, таму што Расія заўсёды апошнімі гадамі рэфінансавала беларускі доўг. І менавіта ў такім памеры: мільярд — паўтары мільярды долараў. А «рэфінансаванне» азначае, што грошы ў Беларусь не прыходзяць — яны пераходзяць з аднаго банкаўскага рахунку ў Маскве на іншы.

Святлана Ціханоўская, як лідар Беларусі папярэдзіла Пуціна, што грошы ён дае персанальна Лукашэнку, і таму толькі Лукашэнка (а не Беларусь) будзе іх аддаваць.


Што ж тычыцца сітуацыі ў Беларусі, то яна па-ранейшаму застаецца бурлівай. Супрацоўнік Інстытута гісторыі Акадэміі навук Мікола Волкаў быў затрыманы на праспекце Дзяржынскага ў Мінску падчас Марша герояў — калегі зладзілі акцыю ў яго падтрымку 14 верасня ля прэзідыума Акадэміі навук.

На плошчы Незалежнасці ля Чырвонага касцёла жанчыны правялі акцыю проста з пустымі лістамі паперы фармату А4. І іх усё роўна затрымалі.


Бацькі дзяцей сталічнай гімназіі №56 напісалі адкрыты зварот да адміністрацыі і настаўнікаў гімназіі пра недапушчальнасць ідэалагічнага ціску на настаўнікаў і вучняў, а таксама асудзілі фальсіфікацыю выбараў. Тое ж яны запатрабавалі і ад настаўнікаў, прыгразіўшы поўнасцю не аплочваць розныя школьныя зборы, не звязаныя з навучальным працэсам.

Не забываюцца беларусы і пра шараговыя справы. На сайце petitions.bу з'явіўся зварот у Мінгарвыканкам і Мінскі гарадскі Савет дэпутатаў з патрабаваннем перайменаваць вуліцу Калініна ў вуліцу Васіля Быкава, а вуліцу Талбухіна ў вуліцу Уладзіміра Караткевіча. Аўтары звароту падкрэсліваюць, што Талбухін і Калінін не маюць дачынення да Беларусі, хіба што апошні спрыяў узмацненню рэпрэсій у дачыненні да беларусаў.


Улады ж працягваюць змагацца са сценамі. Пад раніцу панядзелка, 14 верасня, зафарбавалі зялёнай фарбай мурал Марыі Калеснікавай, што з нядаўняга часу знаходзіцца на вуліцы Калеснікава на Каменнай горцы ў Мінску. Але сценак у Мінску багата.

А пакуль Лукашэнка выбіваў з Пуціна грошы, Варшава распрацавала і запрапануе партнёрам з Еўрасаюза «План Маршала для Беларусі». Гэта шэраг прапаноў, перш за ўсё эканамічнага характару, якія б былі прапанаваныя Мінску ў выпадку правядзення паўторных дэмакратычных выбараў. Гэта праект эканамічнай дапамогі Беларусі, свайго роду «дарожная карта», у тым ліку стварэнне стабілізацыйнага фонду.

Гэта лепш, чым расійчкі крэдыт, праўда?



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: