Гэты артыкул — частка спецпраекту «Падзеленыя кратамі»

Нявеста палітвязня Віктара Панцялеева: Я яго кахаю і буду чакаць, колькі трэба

Гісторыя кахання палітвязня з Брэста Віктара Панцялеева і яго нявесты Яўгеніі падобная да рамана. Маладыя людзі былі разам некалькі гадоў, пасля рассталіся. Калі Віктара затрымалі, Яўгенія напісала яму ліст у СІЗА, яны памірыліся, і Віктар зрабіў дзяўчыне прапанову.
Яўгенія і Віктар, фота з архіва гераіні

Яўгенія і Віктар, фота з архіва гераіні

Яўгенія Панцялеева (яна просіць называць яе па прозвішчы жаніха) распавяла «Новаму Часу» пра каханне скрозь краты, змаганне за каханага і пра тое, колькі гатовая яго чакаць.

«Была параненая нага, хоць міліцыянты кажуць, што не стралялі»

Берасцейца Віктара Панцялеева затрымалі 18 жніўня, змясцілі ў брэсцкі ІЧУ, а праз некалькі дзён перавялі ў СІЗА № 7. Хлопца абвінавачваюць паводле ч. 2 арт. 293 Крымінальнага кодэкса («Удзел у масавых беспарадках, што выявіўся ў гвалце над асобай, пагромамі, падпаламі, знішчэннем маёмасці, узброеным супрацівам прадстаўнікам улад»), што пагражае пакараннем ад 3 да 8 гадоў пазбаўлення волі. Пад беспарадкамі маюцца на ўвазе падзеі ў цэнтры Брэста 10 жніўня, калі ў горадзе адбываліся сутыкненні пратэстоўцаў з сілавікамі. Фігурантамі па гэтай справе праходзяць каля 70 чалавек, якіх пачалі судзіць у Брэсце 15 лютага. Судзяць групамі па 10 чалавек, сярод падсудных ёсць непаўналетні. Віктара Панцялеева праваабаронцы прызналі палітзняволеным. Калі яго будуць судзіць, пакуль невядома.

Яго нявеста Яўгенія пакуль ходзіць на суды над іншымі фігурантамі і актыўна стараецца дапамагаць не толькі свайму жаніху, але і іншым зняволеным і іх блізкім. Родныя палітвязняў арганізавалі нешта накшталт групы падтрымкі адно аднаго, пастаянна збіраюцца разам, сябруюць, падаюць скаргі і дамагаюцца вызвалення затрыманых.

Яўгенія распавядае, што ведала пра тое, што ў Брэсце 10 жніўня былі пратэсты, але сама была ў той дзень на працы, таму нічога не бачыла.

«У яго была параненая нага, адвакат сказала, што, здаецца, гумовая куля трапіла, — распавядае пра свайго тады яшчэ былога хлопца Яўгенія. — Хоць міліцыянты на судзе кажуць, што не стралялі і што гранаты ляцелі ў 20 метрах ад пратэстоўцаў, але на экране ў гэты ж час паказваюць відэа, дзе гранаты ўзрываюцца наўпрост пад нагамі».

 Яўгенія Панцялеева ля месца, дзе будавалі барыкады. Фота Ганны Блізнюк 

Дзяўчына робіць усё, што можа, каб дамагчыся справядлівасці і вызваліць каханага, але пакуль мала што дае вынік. Напрыканцы лютага яна звярталася ў Брэсцкі гарвыканкам, каб сустрэцца з яго старшынёй і абмеркаваць сітуацыю з масавымі беспарадкамі і той шкодай, якая нібыта была нанесена гораду падчас іх. Але ёй адмовілі, сказаўшы, што гэта не ў кампетэнцыі кіраўніка горада. Дзяўчына абураецца:

«Мы перажываем, што ім прыпісваюць вельмі вялікую шкоду, але ніхто з нашых блізкіх не ламаў таго, што ім выстаўляюць. Тое, што шкло пабітае — гэта гумовыя кулі ў яго ляцелі. У нас у горадзе больш бязмежжа робяць міліцыянты, чым пратэстоўцы. Не тых судзяць».

Суразмоўца зазначае, што ніхто не чакаў, што суд пачнецца ўжо 15 лютага, родныя палітвязняў лічаць, што ўлады хочуць хутчэй усіх пасадзіць.

Сабралі разам «БМВ»

Віктар і Яўгенія пазнаёміліся каля пяці гадоў таму ў сацсетках. «Сустрэліся, паглядзелі адно на аднаго, пасмяяліся, таму што ніхто нікому не спадабаўся», — расказвае Яўгенія.

Але паступова ўсё закруцілася.

«Віця — мужчына. Ён ніколі не адмовіць у дапамозе, вельмі надзейны чалавек. Ён усё кіне, каб дапамагчы. Усе сябры за гэта яго вельмі любяць і паважаюць».

Паводле слоў дзяўчыны, ён захапляецца аўтамабілямі. Апошнім часам працаваў кіроўцам, а да гэтага — у рыбалоўных крамах, выдатна ведаў увесь тавар і пра ўсё мог дасканала распавесці пакупнікам.

«З хобі ў яго — "БМВ". Мы разам з ім збіралі 28-ю "БМВ", купілі дзве ці тры машыны, каб сабраць. Быў момант, калі трэба было везці здымаць з уліку машыну, а ў нас быў голы кузаў, і мы з гадзіны ночы да гадзіны дня яе збіралі», — дзеліцца Яўгенія агульным захапленнем.

Дзяўчына скончыла Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў і працавала ў Палацы культуры прафсаюзаў, арганізоўвала мерапрыемствы, канцэрты, а таксама прафсаюзныя паездкі. Яна гаворыць, што Віктар заўжды дапамагаў ёй, калі нешта было трэба, і яна таксама падтрымлівала яго.

Але ў пары бывалі і расставанні, апошняе з іх здарылася вясной 2020 года. Хоць сувязі яны паміж сабой не падтрымлівалі, усе родныя і знаёмыя працягвалі ім гаварыць, што ўсё роўна яны адно ад аднаго не ўцякуць.

Пра затрыманне даведалася ад сябра

Сапраўды, нават пасля разрыву стасункаў у Яўгеніі заставаліся пачуцці да былога хлопца. Яна працягвала праглядаць яго сацсеткі. Звычайна ён быў анлайн кожны дзень, але ў жніўні перастаў заходзіць — дзяўчыну гэта насцярожыла, і яна патэлефанавала сябру Віктара, ад якога і даведалася аб затрыманні.

«Першы час у лістах ён пісаў, што яго хутка выпусцяць, усё будзе добра. Гэта працягвалася да паўтара месяца, ён будаваў планы на Новы год. А потым напісаў ліст з просьбай перадаць яму тэлевізар. Я спачатку не зразумела, бо не ведала, што ў СІЗА можна перадаць тэлевізар, думала, што гэта нейкі шыфр», — узгадвае суразмоўца.

Але напісаць былому хлопцу Яўгенія вырашылася не адразу. Спачатку яна аднесла яму перадачу ў СІЗА.  

«Там была такая гісторыя: з Віцем у камеры сядзеў мусульманін. Ён увесь час маліўся на падлозе — уяўляеце, якая гэта нагрузка на калені. І Віця выкленчыў яму дыванок. І той кажа: “Я буду маліцца, каб з табой адбыўся цуд”. Раніцай ён стаў маліцца, а ўвечары я перадала гэтую перадачу», — распавядае Жэня.

Спачатку яна перадавала Віктару прывітанні праз адваката, і хлопца гэта вельмі ўзрушыла. Потым яна напісала яму. У першых лістах ён распавядаў ёй нейкія турэмныя анекдоты, але паступова яна нават не заўважыла, як яны зноў сышліся. І цяпер, кажа дзяўчына, у іх усё па-іншаму.

Прапанова ў СІЗА

Віктар стаў пісаць, што хацеў бы мець сям’ю, дзяцей, хаця да гэтага ні пра што такое не гаварыў. Аднойчы Жэні нейкім цудам дазволілі спатканне з вязнем.

«Я сяджу, на эмоцыях распавядаю яму, як у нас ідуць суды над “карагоднікамі” (яшчэ адна гучная крымінальная срава ў Брэсце, звязаная з паслявыбарчымі пратэстамі. — НЧ), а ён кажа: “Жэня, памаўчы, я проста хачу на цябе паглядзець. Я хачу з табой распісацца, давай ажэнімся, выходзь за мяне”. Я тады сказала нешта накшталт “Віця, супакойся, ты ў СІЗА, выйдзеш — вырашым», — распавядае Яўгенія пра незвычайную прапанову выйсці замуж.

Але некалькі дзён таму яна напісала яму ліст, у якім адказала «так».

«Пасля спаткання мне прыйшоў ад Віці ліст, дзе ён піша: “Ты ў мяне — першае каханне”. Гэта самыя крутыя словы, якія можна пачуць ад мужчыны», — перакананая дзяўчына.

За час зняволення Віктар Панцялееў двойчы пабываў у карцары. Калі Яўгенія пра гэта даведалася, яна двое сутак не магла есці, пабегла ў СІЗА. Да яе выйшаў намеснік начальніка ўстановы і прасіў супакоіцца і не перажываць: «Выйдзе ваш Панцялееў — вы абамлееце, ён такі прыгожы стаў».

Яўгенія зазначае, што Віктар трымаецца «на пазітыве», умовы ў яго нармальныя, адміністрацыя СІЗА — чалавечная.

«Ты можаш у любы момант падысці на КПП, зняць слухаўку і пагаварыць з начальнікам. Аднойчы — яшчэ быў жнівень — мы стаім на перадачах і да нас падыходзіць мужчына і пытаецца, можа, у нас нейкія прапановы ёсць. Я выйшла наперад і кажу, што трэба, каб крама працавала да 17, каб выбар быў. Аказалася, гэта быў начальнік СІЗА. Праходзіць два дні — і ў краме 300 пазіцый, ажно да туалетнага ёршыка».

«Калі тут далей будзе ўсё працягвацца, я не хачу тут расціць сваіх дзяцей»

Пасля выбараў Жэня звольнілася з прафсаюзнай працы і цяпер падпрацоўвае барменам, але прызнаецца, што хоча вярнуцца ў культуру.

«Я не магу знайсці працу ў сферы культуры. Я добры спецыяліст, я пішу класныя сцэнарыі, умею рабіць добрыя мерапрыемствы. Але ісці працаваць за 250 рублёў? На гэтыя грошы не выжыць», — гаворыць яна.

Нейкі час Яўгенія жыла ў Расіі. У 7 класе яна пераехала ў Брэст і закахалася ў яго: «Тут усё як трэба». Яна гаворыць, што любіць свой горад і ганарыцца ім і яго гісторыяй. І ва ўніверсітэт культуры яна пайшла таму, што любіць Беларусь і нашы традыцыі.

«Я не хачу адсюль з’язджаць. Але калі тут далей будзе ўсё працягвацца, я не хачу тут расціць сваіх дзяцей».
Дзяўчына прызнаецца: у яе былі надзеі на гэтыя выбары, і было б цікава паглядзець на іншага прэзідэнта краіны. Але яна разумее, што эканоміка руйнуецца і вывесці Беларусь з таго заняпаду, у якім яна знаходзіцца цяпер, атрымаецца не хутка.  

«Калі падключылі інтэрнэт і я ўбачыла тое, што адбываецца, у мяне на вачах былі слёзы, я зразумела, што гэта — народ! Бо ў нас заўсёды было “мая хата скраю”, а тут такая салідарнасць! Калі мне патрэбныя былі грошы на адваката, на перадачы — сумы шалёныя — проста так рабяты з Мінска, з якімі Віця ліставаўся, скінуліся дваром і пераслалі грошы».

А пасля аднаго з інтэрв’ю з Жэняй сталі звязвацца арганізатары вяселляў і прапаноўваць зрабіць іх з Віктарам свята.

Акурат цяпер Жэня і Віктар абмяркоўваюць гэтую падзею ў ліставанні. Яўгенія хоча, каб гэта была пышная ўрачыстасць адзін раз і на ўсё жыццё, яна гаворыць, што самымі галоўнымі гасцямі на вяселлі будуць родныя палітзняволеных, з якімі яна пасябравала. А Віктар назваў толькі пяцярых сваіх сяброў, якіх хацеў бы запрасіць: пасля арышту многія ад яго адвярнуліся.

Як падтрымаць Яўгенію і Віктара

Першы час Яўгеніі было складана перажываць зняволенне каханага чалавека. Яна распавядае, што сны, у якіх бачыла сябе разам з Віктарам, успрымала як рэальнасць, а тое, што адбывалася насамрэч, здавалася сном. Было шмат слёз, але цяпер ёй дапамагае трымацца вера ў лепшае і лісты.

«Я ведаю, што ён мяне кахае, што ён выйдзе, што ў нас з ім будзе сям’я. Хай гэта будзе праз год — я ўпэўненая, што яны не дасядзяць свае тэрміны. А як з войска чакаюць людзей? Я яго кахаю і буду чакаць, колькі трэба», — параўноўвае дзяўчына.

Яна гаворыць, што гатовая чакаць, калі спатрэбіцца, бо іншага мужчыны побач з сабой не ўяўляе. Паводле яе слоў, паміж імі ўсталявалася нейкая «касмічная сувязь»: яна зробіць белы манікюр з беларускім арнаментам, а ён ёй піша, што сніў яе з белымі пазногцямі і дасылае паштоўку дакладна з такім жа арнаментам. І такіх супадзенняў было шмат. Часам ім сняцца падобныя сны.

На жаль, аніводная з газет, на якія падпісвалі Віктара Панцялеева, так яму і не прыйшла. А вось з лістамі праблем не было, таму вы можаце падтрымаць палітвязня, напісаўшы яму на адрас: СІЗА-7, 224030, г. Брэст, вул. Савецкіх памежнікаў, 37.

Яўгенія дзякуе людзям, якія падтрымліваюць сям’ю Віктара, і гаворыць, што яны — героі. Для родных палітвязня ўсё яшчэ актуальная дапамога ў аплаце паслуг адваката. Сродкі можна перавесці на наступныя рэквізіты:

Картка: 5323 0800 2108 1360 да 09/23 IRYNA PANTSIALEYEVA (маці Віктара)
Рахунак: 405101017462 ААТ «Белаграпрамбанк», 220036, г. Мінск, пр-т Жукава, 3.
УНП: 100693551 S.W.I.F.T. BAPBBY2X АКПА: 00040577

А яшчэ Жэня заклікае хадзіць на суды над берасцейцамі, якіх цяпер судзяць за масавыя беспарадкі, бо часам падчас працэсаў судовая зала напаўпустая, і гэта не надае хлопцам бадзёрасці.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: