Ноч у аблозе. Хлопец распавёў, як гэта — раптам стаць героем сюжэта пра гестапа

Пасля зачысткі плошчы Перамен 15 лістапада сілавікі зладзілі аблогу ў дамах на вуліцы Чарвякова. Шмат людзей не змаглі выйсці: у пад'ездах стаялі ўзброеныя людзі, правяралі прапіску, наяўнасць дамовы арэнды і г.д. Нашага суразмоўцу разам з дзясяткам іншых людзей выратавалі жыхары адной з кватэр на плошчы Перамен. На ўмовах ананімнасці ён распавёў, як прайшла ноч у аблозе.

"Ну што распавядаць: забеглі гуртам у хату, потым глядзелі камеры відэаназірання, аканіцы не адчынялі і не зачынялі.

Яны прыехалі пад вечар недзе каля 17 на пяці бусах, калі плошча ўжо была ачэпленая. Выперліся з нейкімі прыблудамі (заплечнік здаравенны на спіне+доўгая вузкая пласціна з зачэпамі, падобная на будаўнічы ўзровень) для раскрыцця дзвярэй.

Дзверы ў пад'езд раскрывалі ломам. Спачатку на гаўбцах стаяла шмат людзей, але потым усе разбегліся, калі гэтыя сталі падымацца па паверхах.

Людзей выводзілі з закручанымі. Адразу ў бус.

У доме насупраць па агульным гаўбцам усю ноч да раніцы хадзіў ГУБАЗіК — выглядваў у нас балконы і вокны, вадзіў па ўсіх хатах ліхтарамі — вельмі нядрэнна адсочвае рух.

Для ўзняцця баявога духу нехта ў суседнім доме уключаў музыку на поўную. Каля паловы на адзінаццатую запусцілі «Калыханку», пасля чаго мы вырашылі спаць.

У нас гэтыя сабакі хадзілі па паверхах, у кагосьці грукалі ў дзверы вельмі моцна, пасля чаго былі чутныя жаночыя крыкі і дзіцячы плач.

Камеры і інтэрнэт у нейкі момант абрэзалі; потым інтэрнэт вярнуўся, але камеры не. Потым яны хадзілі на дыбачках па паверхах — слухалі пад кватэрамі, ці ёсць рух. Пісалі ў чаце, што дзесьці дзяжурылі на паверхах, магчыма, там, дзе вылічылі хлопцаў на балконах.

Спалі покатам, як прыйдзецца, хтосьці на падлозе, хтосьці на крэсле.

Раніцай сыходзілі групамі, як у чаце вярнуліся з прагулкі хлопцы-жыхары.

Частку народу акуратна перадавалі па кватэрах — кагосьці ўдалося вывесці яшчэ ўначы.

Наогул карцінка страшнаватая, калі ў ліфтавым холе з'яўляецца банда з больш за 25 лычаў у поўным абважванні, з кучай зброі і грузіцца ў ліфты, а ты глядзіш у камеры на паверх — на якім спыніцца.

А яшчэ запомнілася, як нейкая бабка са швабрай ім дапамагала. Трымала перад імі дзверы. Была апранутая ў нейкую спецоўку".



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: