«Новая газета» пра Беларусь: Краіна прававога дэфолту

Журналістку і лекара, які распавёў праўду пра перадсмяротны стан збітага сілавікамі рамана Бандарэнкі, трымаюць у СІЗА і без адваката.

Кацярына Барысевіч у рэдакцыі TUT.BY


Расійская «Новая газета» піша пра апублікаванне вынікаў медыцынскай экспертызы забітага жыхара «Плошчы Пераменаў» Рамана Бандарэнкі. Вынікі гэтай экспертызы цалкам супярэчаць афіцыйнай версіі СК, у якой гаворыцца, што падчас затрымання Раман быў п’яны. Гэтую ж версію агучваў і Лукашэнка.

Аднак дакумент з лякарні хуткай дапамогі, які журналістцы Кацярыне Барысевіч перадаў лекар гэтай лякарні, кажа пра адваротнае: Раман быў абсалютна цвярозы. У яго крыві было 0 праміле алкаголю. У выніку затрымалі і лекара, і журналістку. Абодва цяпер знаходзяцца ў СІЗА КДБ у статусе падазраваных па ч. 3 артыкула 178 КК Беларусі «разгалошванне медычнай таямніцы, якое прывяло да цяжкіх наступстваў».

23 лістапада адвакат журналісткі паспрабаваў трапіць да Кацярыны ў СІЗА КДБ, каб сустрэцца з падабароннай. Аднак, як стала вядома, следчы сустрэчу з Кацярынай адвакату забараніў, прытым што ў адпаведнасці з законам забаронена як раз супрацьдзеянне аказанню прававой дапамогі.

Аднак у краіне прававога дэфолту, у якую Беларусь ператварылася ў апошні час, магчыма ўсё.

Фактычна сітуацыя ў Беларусі ўжо мае ўсе прыкметы не толькі глыбокага палітычнага, але і гуманітарнага крызісу.

Усё, што цяпер рэальна застаецца родным і калегам Кацярыны Барысевіч, — чакаць і заклікаць аб дапамозе міжнародныя прававыя структуры і арганізацыі, што яны і робяць.

Што вядома пра затрыманага медыка? Яго імя блізкія нас прасілі не распаўсюджваць. У сакрэце дадзеныя арыштаванага мэдыка трымае і следства. Жонка затрыманага распавяла, што яму 37 гадоў і што ў бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі ён працуе анестэзіёлагам-рэаніматолагам. Сама жанчына таксама медык, але ў іншым медустанове. Абодва жывуць у Пухавіцкім раёне, да працы дабіраюцца на электрычцы, жывуць сціпла. Выхоўваюць траіх дзяцей.

Адразу пасля затрымання дадому да жанчыны прыйшлі з ператрусам. Забралі тэхніку, мабільны і 50 долараў — грошы з дня нараджэння сына.

Сам затрыманы паспеў сказаць па тэлефоне, што з ім усё ў парадку і што ён спадзяецца на хуткае вызваленне. Аднак яго не адпусцілі. Жонка затрыманага да апошняга не ведала, дзе трымаюць яе мужа. Распавяла, што наўгад прынесла перадачу ў СІЗА КДБ — і там яе прынялі.


29 лістапада журналістцы і медыку павінны прад’явіць абвінавачванне і абраць меру стрымання.

Сваякі Рамана Бандарэнкі ніякіх прэтэнзій да іх не маюць і пасля таго, што адбылося, таксама апублікавалі ў Інтэрнэце медыцынскі агляд сына, які пацвярджае: Раман быў цвярозы.

Пратэсты ў Беларусі працягваюцца, і доўжацца ўжо чацвёрты месяц. З-за пераследаў і тэрору сталі пакідаць краіну тысячы грамадзян. Пры гэтым дагэтуль выразную пазіцыю ў дачыненні да дзейных беларускіх уладаў пакуль што выказалі толькі Польшча, Літва і Латвія.

Рэпутацыя Беларусі як краіны для інвестыцый няўмольна руйнуецца. ЕС ужо адмовіў у выдачы крэдытаў. У ЗША на стадыі разгляду акт «Аб дэмакратыі, правах чалавека і суверэнітэце Беларусі», пасля падпісання якога рэжым чакаюць новыя санкцыі, у тым ліку і ў дачыненні да найбуйнейшых прадпрыемстваў, а таксама фінансавыя расследаванні ў дачыненні да сям’і Лукашэнкі і яго набліжаных.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: