Новая «схема» райпо — крэдыты на пагашэнне нястачы?

Чаму крамы райпо прымушаюць прадаўцоў браць крэдыты на пагашэнне недастач, і чаму работнікі згаджаюцца — каментуе намеснік старшыні прафкама РЭП Гомеля Андрэй Стрыжак.

Фота: grodno24.com

Фота: grodno24.com

Працягваюцца судовыя паседжанні па пазове сябраў прафсаюза РЭП прадавачак крамы райпо з вёскі Цагельня Гомельскага раёна. Як распавялі прадаўцы, кіраўніцтва крамы абвінаваціла іх у нястачы і адправіла браць крэдыт у банк; а каб банк дакладна даў крэдыт, начальства надрукавала падробленыя даведкі аб зарплаце, завысіўшы яе ў некалькі разоў. Банк выдаў крэдыт, на яго жанчыны купілі бытавую тэхніку і аддалі яе райпо. Цяпер тэхнікі ў іх няма, затое ёсць абавязак перад банкам, які трэба будзе выплачваць не адзін месяц.


Прафсаюз РЭП дапамог скласці пазоў, у якім запатрабаваў ад райпо вярнуць прадаўцам бытавую тэхніку. Інтарэсы жанчын прадстаўляе прававы інспектар РЭП па Гомельскай вобласці Леанід Судаленка.

Андрэй Стрыжак, намеснік старшыні прафкама Гомеля, расказаў, што райпо ў судзе адмаўляецца вяртаць тэхніку, а «падробленую» даведку аб зарплаце тлумачыць тым, што «завіс кампутар». У паводзінах райпо прафсаюзны актывіст угледжвае пэўную логіку:

—- Райпо не ўпершыню наш «кліент» — прадаўцы з гэтай гандлёвай арганізацыі часта звяртаюцца па дапамогу ў прафсаюз РЭП. Мяркуючы па гэтых зваротах, абвінавачванні ў нястачы, якія невядома адкуль бяруцца ў маленькіх крамах, — звычайная практыка для райпо. І прафсаюз РЭП пастаянна зніжае сумы такіх недастач, дапамагае прадаўцам. Але, мяркуючы па ​​гэтай новай справе, райпо таксама робіць высновы і мяняе тактыку.


Прафсаюзны актывіст лічыць, што працэс выплаты прадаўцом нястачы, замацаваны законам, не надта задавальняе райпо:

— Калі чалавек па судзе становіцца абавязаным выплачваць нястачу, тады з яго здымаецца максімум 20% зарплаты кожны месяц, і гэта можа расцягнуцца на гады, калі нястача была на буйную суму. Райпо ж зараз практыкуе зусім іншы падыход: па словах прадавачак, іх начальства прымушае падпісваць крэдытныя дагаворы з банкам, а на гэтыя крэдыты купляць бытавую тэхніку. І тэхнікай кампенсаваць нястачы. Атрымліваецца, што прадавец райпо вяртае ўсю суму адразу — а не па 20% штомесяц, як раней, і райпо пагашае сваю нястачу імгненна, а прадавец застаецца сам-насам з банкаўскім крэдытам і адсоткамі.
Леанід Судаленка і яго даверыцельніцы ў судзе. Фота Андрэя Стрыжака

Леанід Судаленка і яго даверыцельніцы ў судзе. Фота Андрэя Стрыжака


Андрэй Стрыжак мяркуе, што ў прадаўцоў ёсць шмат прычын згаджацца на такія прапановы наймальнікаў:

— Многія проста хочуць менш праблем у жыцці. Трэба яшчэ ўлічваць, што часцей за ўсё крамы райпо знаходзяцца ў невялікіх вёсках, у якіх любое абвінавачванне ўспрымаецца сур'ёзна. Можа быць, прадаўцы хочуць захаваць сваю рэпутацыю ў вачах аднавяскоўцаў, таму імкнуцца хутчэй закрыць пытанне, каб не дапускаць скандалу. Бо нястача — гэта фактычна абвінавачваньне ў крадзяжы.

Тым не менш, прафсаюз РЭП не лічыць новую практыку райпо прымальнай:

— Мы спадзяемся на тое, што праваахоўныя органы і пракуратура звернуць увагу на велізарную колькасць парушэнняў у працы райпо: раз за разам да нас звяртаюцца прадаўцы, і раз за разам — аднатыпныя суды. А з гэтай новай практыкай можна змагацца толькі адным спосабам: ніхто з прадаўцоў не павінен браць ніякіх крэдытаў на сябе. Тым больш, у такіх умовах, у якіх апынуліся нашы прадаўцы: ім выдалі падробленую даведку аб памерах даходу для банка. І зараз банк можа прад'явіць прэтэнзіі да таго, хто выдаў такую ​​даведку.

Андрэй Стрыжак раіць не толькі не браць крэдытаў для пагашэння недастач ў райпо, але і па магчымасці не працаваць там:

— Райпо — найгоршы наймальнік, мяркуючы па практыцы прафсаюза РЭП і на маю суб'ектыўную думку. Такой колькасці скаргаў на парушэнне працоўных правоў не паступае больш ні на каго.

praca-by.info

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Каментаваць