Новы дзяржзавод у Бярозе будзе ліквідаваны, ледзь паспеўшы запрацаваць

Эканамічны суд Брэсцкай вобласці завяршыў працэдуру санацыі рэспубліканскага прадпрыемства «Бярозатара». Тэрмiн лiквiдацыйнага вядзення ўсталяваны да 31 ліпеня 2020 года. Інфармацыю пра гэта паведамілі ў судзе.
У 1989 годзе на замову Дзяржаграпрама СССР было прынята рашэнне аб будаўніцтве ў Бярозе завода спажывецкай і транспартнай тары. Ён праектаваўся і будаваўся як буйны вытворчы комплекс па выпуску розных відаў упакоўкі і прадукцыі для прамысловых прадпрыемстваў. У 1997 годзе на прадпрыемстве было ўстаноўлена абсталяванне, і пачаўся выпуск металічных накрывак для шкляных слоікаў. У 2001 годзе перайменавана ў дзяржпрадпрыемства «Бярозатара». Потым была запушчана вытворчасць накрывак для ўпакоўкі дзіцячага харчавання ў шкляных банках і лакіравання і літаграфавання жэсці.

Аднак на «Бярозатара» заставаліся недабудаваныя свабодныя плошчы. У 2008 годзе Аляксандр Лукашэнка ўхваліў рэалізацыю праекта па стварэнні ўпакоўкі для вадкіх харчовых прадуктаў тыпу «тэтрапак». У Беларусі такая ўпакоўка не выпускаецца, і новая вытворчасць ідэальна ўпісалася ў праграму імпартазамяшчэння. Пастаўшчыком абсталявання выступіла італьянская кампанія «Агратэхніка». Яго кошт склаў 21,2 млн еўра. Агульныя інвестыцыйныя затраты ў праект былі на парадак больш, фінансаваліся за кошт крэдыту Белаграпрамбанка.

У 2011 годзе новую вытворчасць наладзілі. Планавалася выпускаць 500 млн упаковак у год. Але загрузка магутнасцяў складала менш за 1%. Кантралёры звязвалі гэта з недастатковай прапрацоўкай цэлага шэрагу праблемных пытанняў. Адзін з іх — адсутнасць неабходнай сыравіннай базы (на той момант заводы ў Гомельскай вобласці па выпуску кардона з беленай сульфатнай цэлюлозы толькі пачыналі будаваць). Улічваючы, што імпартны складнік у беларускай ўпакоўцы даходзіў да 95% з адпаведным перакосам цэн, гэтая ўпакоўка проста не знаходзіла збыту, пісаў «Вячэрні Брэст». «Бярозатара» не змагла канкурыраваць з замежнымі пастаўшчыкамі.

У выніку ўзніклі праблемы з вяртаннем крэдытных рэсурсаў. Працэдура санацыі ў адносінах да «Бярозатара» была запушчана ў верасні 2016 года і неаднаразова падаўжалася. Улады спадзяваліся знайсці вырашэнне пытання. У прыватнасці, спадзяваліся на прыход новага інвестара.

У выніку нядаўна Эканамічны суд Брэсцкай вобласці запусціў працэдуру лiквiдацыйнага вядзення «Бярозатара» да 31 ліпеня 2020 года.

«Гэта новае прадпрыемства, якое не прапрацавала ні аднаго дня. Заява ў суд аб яго эканамічнай неплацежаздольнасці (банкруцтве) была пададзена ўласнікам — Мінсельгасхарчам. Мы спрабавалі яго саніраваць, але, на жаль, беспаспяхова», — канстатаваў старшыня Эканамічнага суда Брэсцкай вобласці Сяргей Кулак (цытата па 1reg.by).

Суд устанавіў, што кошт актываў даўжніка складае 44 млн рублёў, агульная сума патрабаванняў крэдытораў — 25 млн рублёў. Прадаваць прадпрыемства плануецца адзіным комплексам.


Паводле tut.by

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!