Новы беларускі спадарожнік павінен з'явіцца праз два-тры гады

Новы беларускі спадарожнік дыстанцыйнага зандзіравання Зямлі павінен з'явіцца не пазней чым праз два ці тры гады, заявіў журналістам 23 чэрвеня ў Мінску старшыня прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук (НАН) Беларусі Уладзімір Гусакоў.



Пытанні стварэння новага беларускага касмічнага апарата кіраўніцтва НАН абмяркоўвае з дэлегацыяй Федэральнага касмічнага агенцтва Расіі (Раскосмас) на чале з яго кіраўніком Ігарам Камаровым, якая знаходзіцца сёння ў Мінску з аднадзённым візітам.


Паводле слоў Гусакова, "праз два-тры гады рэсурс старога спадарожніка заканчваецца" і Беларусь павінна думаць аб новым касмічным апараце — "больш дасканалым, інавацыйным, тэхналагічным, эфектыўным у эксплуатацыі з больш магутным распазнаваннем". "Сёння мы будзем разглядаць магчымасць стварэння такога спадарожніка, — заявіў кіраўнік НАН Беларусі. — Мы прадставім магчымасці беларускай навукі, наш патэнцыял, тое, з чым мы можам удзельнічаць у стварэнні новага спадарожніка. Расійскія калегі таксама прадставяць свае магчымасці і рэсурсы. Думаю, што мы зможам падпісаць сумесны пратакол па выніках нашых перамоў і намеціць крокі далейшай працы".


Плануецца, што новы спадарожнік, які пакуль яшчэ не мае назвы, атрымае ўдасканаленую аптычную сістэму з распазнавальнай здольнасцю менш за метр. Гэта дазволіць рабіць "больш выразныя здымкі", сказаў Гусакоў. Абсталяванне і матэрыялы для спадарожніка будуць стварацца ў Беларусі і Расіі. Інфармацыя, якую будуць атрымліваць пры дапамозе спадарожніка, будзе карысная МНС, Мінпрыроды, Мінсельгасхарчу, Мінлясгасу і іншым ведамствам. Акрамя таго, здымкі плануецца не толькі распаўсюджваць сярод карыстальнікаў унутры краіны, але і прадаваць замежным карыстальнікам, дадаў кіраўнік Акадэміі навук.


У сваю чаргу Ігар Камароў заявіў журналістам, што Беларусь і Расія актыўна развіваюць кірунак супрацоўніцтва, "які ў тым ліку тычыцца групоўкі касмічных апаратаў, атрымання інфармацыі з сістэм дыстанцыйнага зандзіравання Зямлі". "Цяпер ідзе тэхнічная прапрацоўка патрабаванняў да гэтага апарата і яго асноўных характарыстык. Мы таксама будзем абмяркоўваць, як нам рэалізаваць гэты праект з пункту гледжання вытворчасці, сродкаў вывядзення [на арбіту], выкарыстання інфармацыі, увесь комплекс пытанняў", — сказаў кіраўнік Раскосмаса.


Нагадаем, 22 ліпеня 2012 года быў паспяхова запушчаны і выведзены на рабочую арбіту беларускі касмічны апарат (БКА) дыстанцыйнага зандзіравання Зямлі. На вышыні каля 510 км БКА ўтварыў малую спадарожнікавую групоўку разам з аналагічным па тыпе апаратам "Канопус-В" (Расія). Абодва спадарожнікі валодаюць распазнавальнай здольнасцю два метры і вуглом агляду да 45 градусаў.


Для забеспячэння сістэматычнага маніторынгу паверхні планеты неабходна, каб у арбітальнай групоўцы было не менш чым пяць апаратаў. Да 2018 года расійскі бок плануе дапоўніць групоўку чатырма сваімі спадарожнікамі тыпу "Канопус-В" з распазнавальнай здольнасцю два метры. 


Новы беларускі спадарожнік, верагодней за ўсё, далучыцца да адной з існуючых расійскіх груповак апаратаў з распазнавальнай здольнасцю адзін метр.
 
 
Захар Шчарбакоў, БелаПАН

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: