Новыя дэталі здарэння з братамі-спартсменамі, пасля якога адзін парэзаў сабе вены, а другі выракся Лукашэнкі

«Свабодзе» сталі вядомыя падрабязнасці здарэння з братамі Дзевятоўскімі ў жніўні 2020-га, пасля якога яны выракліся Лукашэнкі
Вадзім Дзевятоўскі

Вадзім Дзевятоўскі

Выявілася, што братоў беспадстаўна затрымалі ў кавярні ў цэнтры Мінска і адвезлі на Акрэсціна, дзе працягнулі здзекі. Пасля адзін з братоў-спартсменаў парэзаў сабе вены, а другі выракся Лукашэнкі.

У жніўні 2020 года тагачасны кіраўнік Беларускай федэрацыі лёгкай атлетыкі Вадзім Дзевятоўскі, які раней быў вядомы падтрымкай палітыкі Лукашэнкі, на сваёй старонцы ў Фэйсбуку напісаў: «Лукашэнка — не мой прэзідэнт!» Тады для Tribuna.com Дзевятоўскі пацвердзіў, што гэта менавіта яго словы.

Пазней функцыянер распавёў, што, напісаць «адрачэнне» ад Лукашэнкі яго папрасіў брат Алег.

«Мая ранейшая пазіцыя — гэта памылка. Гэта была здрада сабе. Гэта важна. На маёй старонцы — мая заява. Не думайце, што мяне ўзламалі. Усё відавочна. Я напісаў гэта — і мне стала вельмі лёгка. Чаму вырашыў гэта напісаць? Таму што гэта праўда. Я сапраўды так думаю. Паверце, мне казаць цяпер гэта вельмі лёгка, мне стала значна лягчэй. Прабачце, у мяне ўсё», — сказаў тады Дзевятоўскі.
Вадзім Дзевятоўскі не пажадаў расказваць пра прычыны ўчынку дэталёва. Аднак людзі, якія былі вельмі блізкія да яго, цяпер распавялі Tribuna.com некалькі эпізодаў, якія папярэднічалі той заяве.

Вадзім Дзевятоўскі разам са сваім братам у першыя дні пасля выбараў трапіў у непрыемную сітуацыю. Былы дэпутат з братам Алегам сядзелі ў кавярні ў цэнтры Мінска. Побач з установай пачаліся затрыманні. Некаторыя людзі спрабавалі схавацца ад АМАПа ў будынках, але сілавікі забягалі туды і ўсё роўна хапалі людзей. Амапаўцы жорстка затрымалі, сярод іншых, і Вадзіма з Алегам. Дзевятоўскія ў акцыі пратэсту ўдзелу не прымалі.

Разам з астатнімі братоў у аўтазаку адвезлі ў ізалятар на Акрэсціна. Там братоў падверглі фізічнаму і маральнаму гвалту.

Праз нейкі час братоў Дзевятоўскіх адпусцілі без складання пратаколаў. Аднак сітуацыя мела ледзь не трагічныя наступствы: Алег Дзевятоўскі перарэзаў вены, спрабуючы забіць сябе. Што з ім сапраўды адбылося на Акрэсціна, пакуль невядома. У крытычным стане старэйшы з братоў, які таксама быў спартсменам і нават прызёрам шэрагу спаборніцтваў у водных відах, быў шпіталізаваны.

Паводле інфармацыі журналіста Дзмітрыя Руто, якую ён паспеў перадаць калегам да свайго арышту на 15 сутак за чырвона-белы шалік у аўтамабілі, пра братаву спробу самагубства Вадзім Дзевятоўскі даведаўся па дарозе на працу і быў шакаваны. Неўзабаве яго шпіталізавалі ў РНПЦ псіхічнага здароўя ў Навінках у выніку нервовага зрыву.

Таксама журналістам стала вядома, што пасля спробы суіцыду Алег Дзевятоўскі ледзь выжыў — лекары змаглі ўратаваць яго. Некалькі тыдняў старэйшы брат правёў у шпіталі. Малодшы ж выйшаў з лякарні, але піша ў інтэрнэце з таго часу выключна пра спорт, а на пытанні пра той свой допіс і цяперашнюю пазіцыю не адказвае.

Паводле актывіста «Свабоднага аб’яднання спартсменаў» Андрэя Краўчанкі, Дзевятоўскі звязваўся з ім і прапаноўваў сваю дапамогу падчас галадоўкі салідарнасці з палітвязнямі. Палітыку ў размовах яны не закраналі.

Цяпер БФЛА кіруе былы партнёр Вадзіма Дзевятоўскага ў нацыянальнай зборнай Беларусі ў дысцыпліне «кіданне молату» Іван Ціхан, які цалкам падтрымлівае Лукашэнку. Паводле інфармацыі, якую мае прэса, Вадзім Дзевятоўскі цяпер дапамагае Ціхану некаторымі кансультацыямі. Алег Дзевятоўскі аднаўляе сваё здароўе і ўжо займаецца воднымі лыжамі, што рабіў і да жніўня 2020.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: