Новыя жыроўкі: за двухпакаёўку давядзецца заплаціць больш за 500 тысяч

У Мінскай жыллёва-камунальнай гаспадарцы тлумачаць, што жыроўкі з новымі коштамі прыйдуць мінчукам ужо ў сакавіку.



З 1 лютага 2015 года ў Мінску даражэюць камунальныя паслугі. Пастанову аб гэтым Мінгарвыканкам прыняў 5 студзеня. 

Тэхабслугоўванне падаражэе на 33%, вада і каналізацыя — у сярэднім на 22,7%, капітальны рамонт — на 40%! Да прыкладу, калі раней за тэхабслугоўванне двухпакаёвай кватэры (48 квадратных метраў) было 34 000 рублёў, дык з лютага — 45 тысяч. Вырасла аплата за ліфт у 1,3 разы (6579 рублёў з кожнага прапісанага ў кватэры), а таксама з 1 студзеня ўрад падвысіў тарыфы і на аплату электрычнасці.
 
 
Нагадаем, згодна з указам №550, аднамомантавае падаражанне камунальных паслуг адбываецца штогод з 1 студзеня, але не больш чым на 5 долараў. А таксама індэксуецца раз на квартал у залежнасці ад таго, як растуць заробкі беларусаў.
 
 
У мінулым годзе камунальныя паслугі даражэлі згодна з указам раз на квартал: 1 сакавіка, 1 чэрвеня, 1 верасня і 1 снежня. Дык да чаго тады мае дачыненне павелічэнне камунальнай платы з 1 лютага?
 
 
Адказ знаходзім у Міністэрстве жыллёва-камунальнай гаспадаркі.
 
 
«Так, Мінгарвыканкам «праспаў» падаражанне. Пакуль усе ўздымалі кошты ў студзені, яны насіліся з паперамі і ніяк не ўзгаднілі сваё падаражанне. Не выканаць указ нельга, таму падаражанне для менчукоў будзе не з 1 студзеня, а з 1 лютага», — тлумачаць у міністэрстве нечаканае падвышэнне платы за камунальныя паслугі.
 
 
«Дык мы паводле курсу снежня падымалі кошты, — спрабуюць супакоіць у Мінскай жыллёва-камунальнай гаспадарцы. — Павелічэнне адбылося не больш чым на 5 долараў на тыповую двухпакаёўку з трыма жыхарамі!»
 
 
У Мінскай жыллёва-камунальнай гаспадарцы тлумачаць, што жыроўкі з новымі коштамі прыйдуць мінчукам ужо ў сакавіку.
 
 
Падлічваем. За камунальныя паслугі ў тыпавой двухпакаёўцы на 48 квадратных метраў з трыма прапісанымі ў студзені плацілі прыкладна 495 тысяч рублёў. За люты рахунак пацяжэе да 535 тысяч рублёў. Агульнае падаражанне за люты складзе амаль 8%, або 40 000 рублёў.
 
 
Наступным разам кошты на камунальныя паслугі павінны падвысіцца з 1 сакавіка ў залежнасці ад таго, як вырастуць сярэднія заробкі беларусаў за 1 квартал 2015 года.
 
 

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: