«Ну раз ён хлопец, давай яго да хлопцаў». Гісторыя трансгендара Жэні Вялько, які трапіў у жодзінскую турму

Яўгена затрымалі ў суботу 26 верасня. За кратамі ён прабыў некалькі дзён, пасля чаго атрымаў штраф і выйшаў на волю ў Жодзіне, піша Радыё Свабода.
26 верасня ў Мінску праходзіў традыцыйны суботні жаночы марш. Яго ўдзельніцы і ўдзельнікі сабіраліся ля Камароўскага рынку, адкуль потым дайшлі да плошчы Якуба Коласа. Сілавікі затрымлівалі людзей на працягу ўсяго маршу. Адным з затрыманых у той дзень стаў Яўген Вялько.

«Мяне затрымалі каля 15:00 ля Камароўскага рынку, — расказаў Яўген. — Калі людзі пачалі збірацца, пад’ехалі бусікі і аўтазакі, міліцэйскія машыны і машыны без апазнавальных знакаў. Спачатку яны проста ездзілі, а калі людзі пачалі збірацца ў вялікую купку, сілавікі выйшлі ў першы раз. Тады ў мяне атрымалася ад іх уцячы. Але калі людзі сабраліся другі раз, мы падышлі да калоны, якая толькі-толькі пачала рухацца ад Камароўскага рынку. Маю ўвагу ў той момант адцягнулі журналісты (яны прадставіліся як „польскі тэлеканал“), і я не ўбачыў, як са спіны да мяне падыходзяць людзі... Я не ведаю, гэта быў АМАП ці не, гэта былі людзі без апазнавальных знакаў, у зялёнай вопратцы, у масках. І калі іх ужо стала чацвёра, яны пад рукі адвялі мяне ў машыну, „газэль“ без нумароў».

«Калі яны пачулі, што мяне завуць Яўген Дзмітрыевіч, пачалі смяяцца»

Па словах Яўгена, людзі ў форме спыталі, дзе ягоны тэлефон, забралі бела-чырвона-белы сцяг, пасля загадалі паказаць змесціва заплечніка.

«Яны запатрабавалі ад мяне паказаць пашпарт, — згадвае Яўген. — Я быў у стрэсе і не вельмі добра памятаў, я і цяпер не ведаю, ці павінен быў наогул адказваць на іхныя пытанні. У іх у руках была камера, яны здымалі мяне. Узялі ў рукі мой пашпарт і знялі, па-першае, на сваю камеру. А па-другое, спыталі, як мяне завуць, мой адрас і ўзрост. Я на гэтыя пытанні адказаў. Калі яны пачулі, што мяне зваць Яўген Дзмітрыевіч, пачалі смяяцца. Сталі перагаворвацца паміж сабой: „Ды ты паглядзі, ха-ха, гэта мужык“. Потым убачылі вясёлкавы сцяг і сказалі: „А, ну ўсё зразумела“».

Пасля Яўгена адвезлі ў Ленінскі РУУС Мінска, дзе склалі на яго пратакол за ўдзел у несанкцыяванай акцыі пратэсту.

«Удзельнічаў у несанкцыянаваным мерапрыемстве, рухаўся разам з маршам, выкрыкваў лозунгі. Выказваў сваю пазіцыю адносна сумленных выбараў, — прыводзіць Яўген змест пратаколу. — У прынцыпе, запісалі ўсё правільна. Далі на подпіс дакументы, дзе была распіска, што мне ўжо выдалі мабільны тэлефон. Я адмовіўся падпісваць, бо тэлефона мне не выдалі. Пасля гэтага пратакол шпурнулі мне ў твар і сказалі, што „такія мужыкі, як я, гэтай краіне не патрэбны“. Што я наогул за мужык такі, вартае жалю відовішча. Спрабавалі мяне пераканаць падпісаць гэтыя дакументы. Я ў выніку іх не падпісаў. Мне яшчэ раз паўтарылі, што я не вельмі разумны, і адправілі на агляд. Хацелі сфатаграфаваць, сфатаграфаваць асаблівыя прыкметы. Я адмовіўся. На гэтым яны не настойвалі, але адправілі на дактыласкапію. Ад яе я таксама адмовіўся, і далей было хвілін 40 вельмі непрыемных зносін з іншымі супрацоўнікамі і супрацоўніцамі».

З РУУС Яўгена напачатку адвезлі на завулак Акрэсціна ў ІЧУ. Там хлопца чакала чарговая порцыя «жартаў» з боку супрацоўнікаў ізалятара. Пасля яго накіравалі на медычны агляд, які праводзіла медсястра.

«Медсястра задавала пытанні з нагоды хранічных захворванняў, — гаворыць Яўген. — Я адказаў, што ў мяне хранічны цыстыт і праблема з сасудамі. Мне сказалі распрануцца да майткоў. У мяне з сабой была ўцяжка з эластычных бінтоў, і я сказаў медсястры, што „як бы вось, я трансгендар“. Сілавікі гэта ніяк не пракаментавалі ў той момант. Магчыма, пры медсястры не хацелі гэтага рабіць. Яна пачала задаваць пытанні: кім я быў да гэтага, якое маё папярэдняе прозвішча, ці збіраюся я рабіць аперацыі. Я выдатна разумеў, што гэта некарэктныя пытанні. Але ў той момант мне здалося, што яна задавала іх без якой-небудзь злосці, а хутчэй ад няведання. Таму я адказваў. Медсястра потым папрасіла прабачэння, сказала, што ўпершыню з гэтым сутыкаецца».

«У цябе ручкі такія маленькія, як ты можаш быць хлопцам»

На Акрэсціна Яўгена змясцілі ў камру, ён нават паспеў атрымаць перадачу ад маці. Аднак неўзабаве яго разам з іншымі затрыманымі вывелі з камер і загадалі ісці ў аўтазакі, якія павезлі ўсіх у жодзінскую турму. У аўтазаку Яўгена змясцілі ў «мужчынскі „стакан“».

«Мяне запхнулі да хлопцаў, паздзеквацца. Казалі: «Ну раз ён хлопец, давай яго да хлопцаў, — узгадвае Яўген. — Паколькі вонкава людзі ў гэтым боксе не адразу зразумелі, што я хлопец, мне сказалі, што я «магу прысесці на каленкі». Мы павінны былі мяняцца, каб нармальна ехаць. Гэта значыць, двое сядзяць, а адзін стаіць. Я таксама стаяў сваю чаргу. Мабыць, гэта выклікала ў маіх спадарожнікаў павагу. Магчыма, гэта пераканала іх нейкім чынам, што я хлопец. Але да гэтага былі размовы накшталт:„«У цябе ручкі такія маленькія, як ты можаш быць хлопцам?“»

У Жодзіне Яўгена разам з іншымі затрыманымі зноў паставілі да сценкі. Ён расказвае, што нейкі час стаяў асобна і супрацоўнікі ізалятара зноў абмяркоўвалі яго гендар.

«Калі нас рассялялі па камерах, гэта быў адзін з самых непрыемных момантаў, — успамінае Яўген. — Там былі людзі, якія ўвесь час раўлі матам, пагражалі нам па-рознаму. Калі мы варушыліся, на нас крычалі, тыкалі ў спіну дубінкай. Казалі, што нас навучаць, як сябе паводзіць. У мяне пыталіся: „Ты Яўген альбо Яўгенія?“... Яны доўга глядзелі на мяне і смяяліся. Задавалі пытанні „А што ў цябе ў трусах?“ і гэтак далей. Некалькі разоў мне паведамілі, што „цяпер агледзяць па поўнай праграме“. Казалі, што будуць аглядаць мяне „асаблівым чынам“, а потым некалькі разоў паўтарылі, што „такія сукі, як я, не павінны жыць“, таму мяне трэба „вывесці на двор і расстраляць“. Гэта былі тыя самыя супрацоўнікі, якія нас прымалі і распіхвалі па камерах».

Яўген кажа, што гэта быў складаны час для яго. Хлопец нават пачаў думаць пра суіцыд. Ён не ўяўляў, як пражыве наступныя 15 сутак у такіх умовах. Суд у яго справе адбыўся на наступны дзень. На працэсе не было сведак, Яўгену таксама не дазволілі мець адваката. Ён спытаў у суддзі, ці заключылі родныя дамову з адвакатам, бо загадзя папярэдзіў маці, што яна можа гэта зрабіць. Суддзя адказала, што такіх сведчанняў няма, і дала Яўгену на подпіс паперу пра адмову ад абаронцы.

«Суддзя пагартала справу і сказала: „Пяць базавых“, — гаворыць Яўген пра свой працэс. — Яшчэ яна сказала, што няма падстаў сумнявацца ў паказаннях сведак. Нікога са сведак не выклікалі — гэта былі проста паказанні на паперцы. Не было відэазапісаў, нічога. Мне сказалі пра 5 базавых і вывелі назад у камеру. Сказалі, што вызваляць сёння. Нас доўга збіралі. Потым мне аддалі рэчы — бел-чырвона-белага сцяга там ужо не было, а вясёлкавы сцяг сілавік запатрабаваў пакінуць. Жанчыны, затрыманыя ў суботу разам са мной, сказалі, што яны не маюць права забіраць сцяг. Але тады іх папярэдзілі, што калі яны працягнуць абурацца, іх тут і пакінуць. Я аддаў сцяг у выніку».

Каля турмы Яўгена сустрэлі валанцёры і маці, якая чакала яго ў Жодзіне ад самай раніцы. Цяпер хлопец збіраецца аб’яднацца з іншымі затрыманымі і абскарджваць дзеянні сілавікоў.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: