«Нуль за ваду ў жыроўках» не распаўсюджваецца на кавярні і рэстараны

Мінгарвыканкам дазволіў сотням тысяч жыхароў Мінска не плаціць за халодную ваду ў чэрвені. Аднак гэты пераразлік не датычыць кавярняў і рэстаранаў. Грамадскае харчаванне ў Маскоўскім і Фрунзенскім раёнах сталіцы некалькі дзён атрымлівала забруджаную ваду, як і іншыя мінчукі. Але чыноўнікі не спяшаюцца вызваляць прадпрымальнікаў ад плацяжоў, піша Еўрарадыё.
Чарга па пітную ваду ў Малінаўцы. Фота Генадзя Кеснера

Чарга па пітную ваду ў Малінаўцы. Фота Генадзя Кеснера

У Мінсквадаканале Еўрарадыё пацвердзілі, што пераразлік закране толькі жылыя памяшканні ў прыватных і шматкватэрных дамах, а таксама ў інтэрнатах:

"Гаворка ідзе толькі пра фізічныя асобы. Па юрыдычных пытанне вырашаецца, — тлумачыць начальнік цэнтра па разліках са спажыўцамі "Вадазбыт" Наталля Суботка. — Пакуль што рашэнне датычыцца толькі звычайных жыхароў".

Неўзабаве пасля таго, як з кранаў пацякла вада з пахам "хіміі" (а ў некаторых раёнах і таго горш), кавярні і рэстараны атрымалі паведамленне ад медычных чыноўнікаў. Санэпідслужба "прапанавала" ім перайсці на бутыляваную або прывазную ваду для гатавання ежы і асабістай гігіены.


Для працы грамадскага харчавання патрабуецца нашмат больш вады, чым для кватэры. Некаторыя заплацілі за ваду ў бутэльках — а некаторыя вывесілі аб'явы пра тое, што кавы сёння папіць не атрымаецца. Напрыклад, так было на запраўцы "Беларуснафта" на скрыжаванні вуліц Ясеніна і Слабадской, на самым паўднёвым захадзе Мінска.

Нежаданне ўладаў рабіць пераразлік за ваду для прадпрымальнікаў зразумелае. Тарыфы для юрыдычных асобаў у Беларусі ў некалькі разоў вышэйшыя, чым для фізічных. Кавярні і рэстараны плацяць каля 4 рублёў за кубаметр вады, у той час як фізічныя асобы плацяць за той жа аб'ём менш за 1 рубель.

Асацыяцыя рэстаратараў Беларусі накіравала ў Мінгарвыканкам зварот з просьбай падумаць пра становішча грамадскага харчавання: "Мы прапанавалі даць льготы пацярпелым ад няякаснай вады рэстаранам".

Пакуль адказу не паступіла. У Асацыяцыі чакаюць яго 6-7 ліпеня.

"Камунальная гаспадарка нясе адказнасць за шкоду, прычыненую спажыўцу ў вынiку неаказання паслуг водазабеспячэння, каналізацыі ці іх выканання з недахопамі. Гэта ж тычыцца і якасці пітной вады, якая падаецца спажыўцу", — тлумачыць юрыст Асацыяцыі рэстаратараў Марына Елсукова. Яна рэкамендуе уладальнікам устаноў зафіксаваць паказанні лічыльнікаў у моманты, калі няякасная вада пачала цячы і калі больш не паступала. І падлічыць усе страты арганізацыі, каб у будучыні паспрабаваць іх кампенсаваць.

Аляксей Карпека, euroradio.fm

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: