Офіс па правах людзей з інваліднасцю абвяшчае пачатак Тыдня даступнасці

Офіс па правах людзей з інваліднасцю з 15 траўня праводзіць традыцыйны "Тыдзень даступнасці". Галоўная тэма гэтага года — правы людзей з псіхічнымі інваліднасцямі і даступнасць незалежнага пражывання.

Арганізатары абяцаюць розныя актыўнасці па ўсёй краіне: канферэнцыі, круглыя ​​сталы, юрыдычныя кансультацыі і нават "Жывую бібліятэку".

У гэтым годзе Тыдзень даступнасці працягнецца амаль 2 тыдні: з 15 траўня па 1 чэрвеня. Галоўны фокус мерапрыемстваў накіраваны на развіццё незалежнага пражывання ў Беларусі, як магчымасці для самастойнага жыцця і прыняцця рашэнняў людзей з рознымі формамі інваліднасці.

"Адна з самых галоўных мэтаў Тыдня даступнасці — прызнанне даступнасці як базавай патрэбы ў цывілізаваным грамадстве, сцвярджэння даступнасці ўсіх правоў чалавека без дыскрымінацыі для людзей з інваліднасцю, а таксама прыцягненне ўвагі да розных аспектах праблем інваліднасці", — кажа дырэктар Офіса па правах людзей з інваліднасцю Сяргей Драздоўскі.

Эксперты, журналісты і актывісты падчас розных мерапрыемстваў на Тыдні даступнасці будуць гаварыць пра галоўныя дасягненні кампаніі "дэінстытуалізацыю" і пра выклікі для людзей з псіхічнымі парушэннямі.

У Тыдні даступнасці акрамя супрацоўнікаў Офіса прымуць удзел прадстаўнікі Еўрапейскага саюза, пасольства Літоўскай Рэспублікі, беларускіх клубных дамоў, Свята-Елісавецінскага манастыра і іншых арганізацый. 

Праграма тыдня даступнасці у 2019 годзе

15 траўня — семінар па антыдыскрымінацыі ў Гомелі з удзелам дырэктара Офіса Сяргея Драздоўскага
18 траўня — праваабарончае ток-шоў "Без права на Я"
21 траўня — фінальная канферэнцыя, падвядзенне вынікаў кампаніі "дэінстытуалізацыі", накіраванай на змяненне сацыяльнай сістэмы ў Беларусі
22 траўня — падвядзенне вынікаў конкурсу журналісцкіх работ па тэме псіхічнага здароўя
25 траўня — Форум "неЗАЛЕЖНАСЦЬ" аб лепшых практыках развіцця незалежнага пражывання ў Беларусі
1 чэрвеня — "Жывая бібліятэка" і ўдзел у фестывалі "Кіламетр грамадскай актыўнасці".

На працягу ўсяго Тыдня даступнасці будзе працаваць юрыдычная прыёмная. Атрымаць кваліфікаваную дапамогу па пытаннях, звязаных з інваліднасцю, можна па тэлефоне +375 (17) 355-08-29.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!