Па гарадах Беларусі раздавалі спецвыпуск «Новага Часу», не абышлося без умяшання міліцыі

Спецыяльны выпуск газеты «Новы час» (№ 41) быў прысвечаны захаванню правоў чалавека ў месцах несвабоды.

Газета "Новы Час" разам з праваабаронцы “Вясны” і валанцёрамі працягваюць інфармаваць грамадзян аб праблемах, звязаных з захаваннем правоў чалавека ў Беларусі. Гэтым разам спецыяльны выпуск газеты быў прысвечаны захаванню правоў чалавека ў месцах несвабоды. 


Гродна. Чарговы выпуск газеты, які прысвечаны правам чалавека ў няволі, у межах агульнарэспубліканскай акцыі, арганізаванай Праваабарончым Цэнтрам “Вясна”, раздалі на шматлюдным гродзенскім рынку мясцовыя праваабаронцы “Вясны” Віктар Сазонаў і Уладзімір Хільмановіч разам з праваабаронцам з БХК Раманам Юргелем.

Гродзенцы ўжо прывыклі да традыцыйнай раздачы спецвыпуска газет ад праваабаронцаў, і з радасцю бралі спецвыпуск. За некалькі гадзін разышлося 1000 асобнікаў “Навага Часу”.

Раздача спецвыпуска праходзіла мірна, ніхто не перашкаджаў ні распаўсюду газеты, ні размовам праваабаронцаў з жыхарамі гораду на гэтую вострую тэму, і іншыя аспекты дзейнасці праваабаронцаў.

Смаргонь. Тут падчас распаўсюду спецвыпуску “Новага Часу” не абышлося без умяшання міліцыі.

3 лістапада ў Смаргоні на надзельным рынку праваабаронца Алесь Дзергачоў распаўсюджваў спецвыпуск газеты “Новы Час”, прысвечаны правам чалавека ў турмах.

Пасля распаўсюду, калі Алесь Дзергачоў з апошнім асобнікам стаяў і размаўляў з адным з наведвальнікаў рынку, да яго падыйшоў супрацоўнік міліцыі і спытаў, ці распаўсюджвае ён газету і на якой падставе. У адказ давялося тлумачыць, што распаўсюд праводзіцца на падставе Канстытуцыі, якая гарантуе адпаведную свабоду.

Тым не менш, супрацоўнік выказаў меркаванне, што праваабаронца праводзіць несанкцыянаваны пікет, бо каля яго збіраюцца людзі. Прыйшлося зноў запярэчыць і некалькі разоў нагадаць пра канстытуцыйныя правы. Супрацоўнік міліцыі папрасіў праваабаронцу даць тлумачэнні ў міліцэйскім аўтамабілі. У выніку Алесь Дзергачоў пазнаёміўся з інтэр’ерам бусіка і сфатаграфаў на стале свой асобнік “Новага часу”, а затым ўручыў яго супрацоўніку.

Светлагорск. Праваабаронцы і актывісты раздавалі спецвыпуск газеты “Новы Час” каля гандлёвага цэнтру “Бярозкі” ў нядзелю, 3 лістапада.



Баранавічы. Праваабаронцы Сяргей Гоўша і Аляксандр Вайцешык на вуліцах Баранавіч са спецвыпускам.

А 30 кастрычніка ў Мінску праваабаронцы і валанцёры Праваабарончага цэнтру “Вясна” правялі акцыю па раздачы спецыяльнага выпуску газеты “Новы Час”, прысвечанага захаванню правоў чалавека ў месцах несвабоды. 

spring96.org

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!