Па крымінальных справах за падзеі 14 ліпеня ў Мінску ўжо мінімум 13 фігурантаў

Па стане на 29 ліпеня праваабаронцам "Вясны" вядома, што ў межах крымінальных справаў за падзеі 14 ліпеня ў Мінску затрыманыя мінімум трынаццаць чалавек.
Затрыманні 14 ліпеня на Нямізе. Фота: spring96.org

Затрыманні 14 ліпеня на Нямізе. Фота: spring96.org

Крымінальныя справы распачатыя па трох артыкулах Крымінальнага кодэкса: 363 (супраціўленне супрацоўніку органаў унутраных спраў), 364 (гвалт у дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў), 342 (арганізацыя і ўдзел у парушэнні грамадскага парадку, спалучаных з відавочным непадпарадкаваннем законным патрабаванням супрацоўнікаў органаў унутраных спраў).

27 ліпеня ў межах крымінальнай справы па арт. 364 (гвалт у дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў) і ч. 1 арт. 342 (Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх) затрыманы Ілля Туркоў. Ён змешчаны ў Ізалятар часовага ўтрымання на Акрэсціна ў Мінску.

Таксама затрыманы Яўген Каліноўскі. Па папярэдняй інфармацыі яму інкрымінуюць, як і Туркову, два артыкулы Крымінальнага кодэкса: арт. 364 і ч. 1 арт. 342.

Раніцай 29 ліпеня за падзеі 14 ліпеня ў Мінску быў затрыманы Ілля Фрэнь. Яго забралі ў Следчы камітэт на падставе ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса.

Раней з 10-сутачнага арышту не выйшаў Спартак Сірэнка, які быў асуджаны за "ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве" і "непадпарадкаванні законным патрабаванням міліцыі". Вядома, што яго пакінулі пад вартай у якасці падазраванага па арт. 342 Крымінальнага кодэксу – "Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх". У панядзелак, 27 ліпеня, яго выпусцілі на волю, але ён застаецца ў статусе падазраванага па ч. 1 арт. 342 КК.

Таксама пасля 12-сутачнага арышту з ЦІП не выйшаў на волю Глеб Гатоўка. 26 ліпеня, у нядзелю, у яго дома адбыўся ператрус. Ён падазраецца ў здзяйсненні двух артыкулаў Крымінальнага кодэкса: ч. 1 арт. 342 і 364.

Такім чынам, спіс фігурантаў крымінальных справаў за падзеі 14 ліпеня ў Мінску выглядае так:

Антон Шумаў (ч. 1 арт. 342 і 364 КК),
Уладзіслаў Усцін (арт. 364 КК),
Уладзімір Хамічкоў (арт. 342 КК),
Антон Валавік (ч. 1 арт. 342 і арт. 364 КК),
Спартак Сірэнка (арт. 342 КК),
Ілля Туркоў (арт. 364 і ч.1 арт. 342 КК),
Яўген Каліноўскі (папярэдне, арт. 364 КК і ч. 1 арт. 342 КК),
Ілля Фрэнь (ч. 1 арт. 342 КК),
Глеб Гатоўка (ч. 1 арт. 342 і 364 КК).
Праваабаронцам "Вясны" вядома, што па дадзеных крымінальных справах затрыманыя яшчэ мінімум чатыры чалавекі.

* Абвінавачванні пакуль не прад'яўленыя, таму інфармацыя аб інкрымінаваных артыкулах – папярэдняя.

Нагадаем, вечарам 14 ліпеня ў Мінску і іншых гарадах краіны прайшлі стыхійныя акцыі пратэсту супраць нерэгістрацыі кандыдатамі ў прэзідэнты Віктара Бабарыкі і Валерыя Цапкалы. У сталіцы ў той вечар было затрымана каля 300 чалавек, многія з іх былі аштрафаваныя і адпраўленыя на "суткі".

Пазней па гэтых падзеях былі распачатыя крымінальныя справы па трох артыкулах Крымінальнага кодэкса: 363 (супраціў супрацоўніку органаў унутраных спраў), 364 (Гвалт альбо пагроза ўжывання гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў), 342 (Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх).

spring96.org

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: