Па ўсёй краіне звальняюць страйкоўцаў і адлічваюць студэнтаў

Учора, 27 кастрычніка, на нарадзе былы прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка заявіў, што пратэстоўцаў і страйкоўцаў трэба звальняць, а студэнтаў — адлічаць. Выканаўцы не прымусілі сябе чакаць.
Архіўнае фота, аўтар Алег Грушэцкі

Архіўнае фота, аўтар Алег Грушэцкі



У Рэчыцы з упраўлення прамыслова-геафізічных работ дзяржаўнага вытворчага аб’яднання «Беларуснафта» звольнены шасцёра спецыялістаў-нафтавікоў. 26 кастрычніка яны падтрымалі страйк, а ўвечары даведаліся пра звальненне.

Машыністку крана Ульяну Гарбачову і электрагазазваршчыка Міхаіла Громава, якія падтрымалі страйк на МТЗ, звольнілі нібыта за адсутнасць на працы. Што цікава, юрысты завода не прызналі звальненне законным.

Пачалі звальняць страйкоўцаў на Мінскім электратэхнічным заводзе імя Казлова. Зваршчык заводу Аляксандр Шымановіч сёння раніцай аднёс у адміністрацыю заяву аб далучэнні да агульнанацыянальнага страйку, а пасля абеду атрымаў SMS аб пералічэнні заробку ў сувязі са звальненнем, паведамляе Радыё Свабода.

Трох работнікаў Мінскага заводу колавых цягачоў звольнілі за ўдзел у страйку — Дзмітрыя Кананка, Аляксандра Лаўрыновіча і Віктара Чайкоўскага.

З Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта звальняюць выкладчыка кафедры тэорыі і практыкі англійскай мовы Ганну Аблову. Педагога абвінавачваюць у парушэнні загада аб няўдзеле ў несанкцыянаваных акцыях на тэрыторыі ВНУ, паведамляе Еўрарадыё.

Масава адлічваюць студэнтаў Універсітэта культуры. Каля 18-ці студэнтаў, якія ўчора пісалі тлумачальныя і не мелі да гэтага вымоў выяўляюць, што іх пропускі заблакаваны. Дэканат падцвердзіў, што студэнтаў адлічваюць. Прычына — "грубейшае парушэнне парадку".

Ужо 18 студэнтаў у спісах на адлічэнне БДМУ. Адлічэнні ідуць прама цяпер. Студэнты масава збіраюцца ў падтрымку калег. У рэктараце усе прарэктары і рэктар, дэканы.

Студэнтаў выклікаюць па-аднаму, спачатку 10 хвілін брыдка маральна здзекуюцца, затым даюць загад, які гатовы загадзя, тлумачальныя проста прымацоўваюць. Фармулёўка нікога не хвалюе, пішуць Белыя халаты.

Студэнтку ГрДУ Маргарыту Шышу спрабавалі адлічыць цішком задняй датай, піша hrodna.life. Увечары 28 кастрычніка студэнтка 4-га курса факультэта дызайну Маргарыта Шыша не змагла зайсці ў асабісты кабінет на сайце ўніверсітэта. Таксама яна не знайшла свайго прозвішча ў электронных часопісах. Такое адбылося ўпершыню за 4 гады. Раніцай Маргарыту выклікалі з першай пары і азнаёмілі з загадам аб адлічэнні, датаваным 27 верасня. Прычынай адлічэння ў выпісцы з загаду пазначана сістэматычнае невыкананне навучэнцам абавязкаў Кодэкса аб адукацыі, парушэнні правілаў унутранага распарадку ўніверсітэта і Дамовы аб падрыхтоўцы спецыялістаў з вышэйшай адукацыяй за кошт бюджэту, а таксама ў здзяйсненні супрацьпраўных дзеянняў.

Супрацьпраўнымі, згодна з дакладнымі цыдулкамі дэкана факультэта, палічылі выкананне "Купалінкі", "парушэнне цішыні падчас перапынку", тое, што студэнты хадзілі па ўніверсітэце з бел-чырвона-белым сцягам і зрабілі здымкі з карткамі "ўсё забаронена".

Еўрарадыё падлічыла, што за апошнія дні за пратэсты адлічана больш за 70 студэнтаў.
Колькі студэнтаў за апошнія дні адлічылі з беларускіх ВНУ за ўдзел у пратэстных акцыях:

БНТУ — ад 20 да 30
БДМУ — 15
БДУКМ — 18
БДАМ — 3
ГрДУ — 1
БрДТУ — 9

Агулам ад 66 да 76 студэнтаў.

Дадзеныя пакуль няпоўныя. Яшчэ не ўсе ўніверсітэты склалі спісы на адлічэнне.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: