«Паабяцайце, што больш не будзеце вешаць сцяг». Да журналісткі НЧ прыходзілі міліцыянты

Днямі ў сеціве сталі з'яўляцца гісторыі аб тым, як беларусаў штрафуюць і нават саджаюць на суткі за бел-чырвона-белыя сцягі ў вокнах. Па шчырасці, мы з мужам перажывалі, што сцяг у нашым вакне з вуліцы не бачны, бо ён вісіць унутры кватэры. Але візіт міліцыянтаў сёння ўвечары пераканаў нас у адваротным.
Ілюстрацыйнае фота Дзмітрыя Дзмітрыева

Ілюстрацыйнае фота Дзмітрыя Дзмітрыева

Я чакала мужа з працы, таму нават не падумала, што ў дзверы можа званіць нехта іншы. Але, адчыніўшы, убачыла на парозе двух маладзёнаў у цывільным і масках. Адзін з іх здалёк паўраскрыў чырвоную «корачку», у якой я абсалютна нічога не магла ўбачыць. Бачачы маё непаразуменне, мужчына ўдакладніў: «Цэнтральнае РУУС. Што там у вас на вакне вісіць?»

«А што такое?»
 — пацікавілася я.

«Трэба праехаць паразмаўляць», — з месца ў кар'ер кідае візіцёр.

Ага, ведаю я гэтае «паразмаўляць» — вярнуся праз некалькі сутак.

Кажу міліцыянтам, што не магу нікуды праехаць, і ўвогуле не я гаспадыня кватэры, а гаспадара няма (спадзяюся, муж даруе мне такі саскок). На дзіва, візіцёры не сталі настойваць, але той, які дагэтуль маўчаў, сказаў: «Значыць, выклічам позвай». 

Міліцыянты сыйшлі, але літаральна праз паўгадзіны раздаўся званок хатняга тэлефна. Звычайна на яго тэлефануе толькі робат, каб нагадаць пра неабходнасць аплаты камунальных паслуг. Таму сумневаў наконт таго, адкуль могуць тэлефанаваць, амаль не было.

Жанчына на тым канцы дроту не прадставілася, а папрасіла да тэлефона мужа. Я сказала, што яго няма і спытала, што яму перадаць. Высветлілася, што яна тэлефануе з міліцыі наконт сцяга, які вісіць на акне нашай кватэры. 

«Ага, да нас толькі што прыходзілі. Ужо не вісіць», — удакладняю я. Сапраўды, пасля некаторых спрэчак па тэлефоне з мужам, сцяг было вырашана пакуль зняць.

«Дакладна не вісіць? Паабяцайце, што вы больш не будзеце яго вешаць. Вы ж дарослы чалавек, усё разумееце...»

«А можна пытанне, чыста па-чалавечы? Вы ж таксама дарослы чалавек і таксама разумееце, што ў гэтым няма ні злачынства, ні правапарушэння. Гэты сцяг — наша каштоўнасць, ён некалі быў дзяржаўным, і хутка зноў будзе», — спрабую я дагрукацца да здаровага глузду суразмоўцы.

«Ну, пра гэта можна доўга дыскутаваць... Проста паабяцайце, што больш не будзеце яго вешаць, іначай нам давядзецца выклікаць вас на прафілактычную гутарку».

«Добра. Я павешу яго, калі ён стане дзяржаўным», — заключаю я. На тым і развіталіся.

Я ўсё яшчэ не ведаю, ці правільна я зрабіла, саступіўшы ў малым. Бо ёсць выпадкі, калі людзі здымалі сцягі, але ад рэпрэсій іх гэта ўсё роўна не ратавала. З іншага боку, мяне здзівіла, што міліцыянты не забралі мяне адразу — звычайна нежаданне грамадзяніна «праехаць» не тое што не ўлічваецца, а расцэньваецца як непадпарадкаванне. І тое, што жанчына, якая тэлефанавала, пакуль толькі недзе ў эфемернай будучыні паабяцала «прафілактычную гутарку» ў выпадку адмовы зняць сцяг, спарадзіла думку, што яны самі не надта гараць жаданнем прыцягваць нас да адказнасці.

Зрэшты, можа, таму, што разумеюць — складу правапарушэння ў вывешванні сцяга ў кватэры, сапраўды, няма. Грамадская актывістка з Віцебска Таццяна Севярынец, аштрафаваная за «пікет» на сваёй лоджыі, вырашыла на будучыню спытаць дазвол на правядзенне мерапрыемства ў тым жа месцы ў адміністрацыі Першамайскага раёна горада. З адказу, які атрымала актывістка, вынікае, што лоджыя Таццяны Яўгенаўны не з'яўляецца грамадскім месцам, таму дазволу на правядзенне там масавага мерапрыемства не патрабуецца.

Фота з фэйсбука Таццяны Севярынец

Але міліцыя, відаць, лічыць іначай.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: