Пачаўся прыём заявак на ўдзел у міжнароднай канферэнцыі

Інстытут грамадзянскай прасторы і публічнай палітыкі Універсітэта Лазарскага ў супрацоўніцтве з Беларускім офісам Фонду Конрада Адэнаўэра, Нацыянальным фондам у падтрымку дэмакратыі і Вышаградскім фондам аб’яўляе прыём заявак на ўдзел у міжнароднай канферэнцыі “Бунт ў імя свабоды: забыты ген беларусаў?



Канферэнцыя адбудзецца 8–10 сакавіка ў Варшаве. Мэта канферэнцыі — пошукі гістарычных інспірацый для грамадзянскай супольнасці ў сённяшняй Беларусі.

Заяўкі прымаюцца па наступных тэмах:

Антыаўтарытарныя тэндэнцыі ў гісторыі Беларусі (антыаўтакратычны характар Статута ВКЛ 1588 г.; пазіцыя жыхароў беларускіх гарадоў і мястэчак адносна цэнтральнай улады (часы Рэчы Паспалітай); змаганне за прыватную ўласнасць у савецкі перыяд);

Культура як сфера сцвярджэння грамадзянскага “Я (магчымасць пераацэнкі распаўсюджанай устаноўкі “палітыка прадвызначае культуру на карысць устаноўкі “культура трансфармуе палітыку; культурнае дысідэнцтва ў БССР і ў лукашэнкаўскай Беларусі; паўпадпольныя тэатры, кінапрадукты, мастацкія выставы ў Беларусі – іх патэнцыял у фармаванні грамадзянскіх пазіцый);

Выхаваўчая і палітычная роля беларускіх жанчын у паўставанні грамадзянскай супольнасці (удзел дваранак беларуска-літоўскіх земляў у палітычным жыцці ў часы ВКЛ i Расейскай Імперыі; роля жанчын у паўстанні 1863–1864 гг.; “жаночыя бунты пачатку 30-х гг.; жаночыя рухі ў сённяшняй Беларусі).

Апроч таго, запрашаюцца грамадскія актывісты, культурныя і рэлігійныя дзеячы на аўтапрэзентацыю:

Абшары і метады грамадзянскага самасцвярджэння ў сённяшняй Беларусі (распавесці пра свой досвед адстойвання сваёй аўтаноміі ў недэмакратычных умовах. Расповед пра гэты досвед варта спалучыць са спробай аўтааналізу і сфармулявання практычных высноваў наконт таго, што, на вашу думку, ёсць ключавым у сітуацыі, калі неабходна адстойваць свае правы перад аўтарытарнай уладай).

Працоўныя мовы: беларуская і ангельская.

Заяўкі і тэзісы (максімум 250 словаў) можна дасылаць на адрас: conference@civicspaceinstitute.org.pl

Апошні тэрмін падачы заявак: 10 лютага 2013 г.

Паведамленне аб  выніках разгляду заявак: 17 лютага 2013 г.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: