Пацярпелы і сведкі схаваныя за шырмай. Як працягнуўся судовы працэс над гродненцам Андрэем Сакалоўскім

У судзе Кастрычніцкага раёна Гродна 15 ліпеня працягнуўся разгляд крымінальнай справы ў дачыненні да Андрэя Сакалоўскага, які, паводле абвінавачвання, «з помсты, меў намер прычыніць боль 11 пацярпелым амапаўцам, пагражаў іх асабістай бяспецы». Усё — за падзеі 6 верасня 2020 года на вуліцы Гарнавых у Гродне, калі праходзілі акцыі пратэсту. Сакалоўскага абвінавацілі па двух артыкулах Крымінальнага кодэксу: арт. 342 КК РБ (арганізацыя ці актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак) і арт. 364 КК РБ (Гвалт альбо пагроза ўжывання гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў), распавядае «Вясна».
Перад пачаткам суда над Андрэем Сакалоўскім. Фота «Вясны»

Перад пачаткам суда над Андрэем Сакалоўскім. Фота «Вясны»

Пацярпелыя амапаўцы былі дапытаныя судовых пасяджэннях 14 чэрвеня і 5 ліпеня. Яны супярэчылі сваім ранейшым паказанням, адмаўляліся ад сваіх ранейшых матэрыяльных патрабаванняў да абвінавачанага.

15 ліпеня працягнуўся допыт астатніх пацярпелых, а таксама сведкаў (супрацоўнікаў АУС).

Пацярпелы Базылевіч не з'явіўся, а Лісаў выступаў на судовым пасяджэнні, знаходзячыся за шырмай. Іх дадзеныя залегендзіраваны. Суддзя Маргарыта Ланцэвіч прапанавала яму прагледзець 10-хвілінны відэазапіс з падзей 6 верасня. Сябе там Лісаў ўбачыў тройчы (пазнаў сябе «па вачах»), а вось Сакалоўскага — ні разу.

«Не бачыў і на відэа Сакалоўскага няма, там мітусня была, я не ведаю хто мяне штурхаў. Я ў вочы Сакалоўскага не бачыў, не ведаю», — растлумачыў Лісаў.

Затым суд прыступіў да допыту сведак. Таксама за шырмай.

Сведка Валянцін Сташэўскі распавёў, што 6 верасня працаваў на вуліцы Гарнавых:

«Ішоў несанкцыянаваны мітынг, людзі ішлі на плошчу. Мы пабудаваліся ў шарэнгу, а людзі ўзяліся за рукі, нас штурхалі, спрабавалі зняць з нас маскі. [Затым] людзі адышлі назад і сталі разыходзіцца. Неслі бчб-сцягі, крычалі «Жыве Беларусь». Людзям казалі разысціся, яны не разыходзіліся. Затрымлівалі агрэсіўных мужчын, жанчын, каго не памятаю».

«А Сакалоўскага ведаеце?» — спытала абарона ў сведкі.

«Не», — адказаў той.

Не ведае Сакалоўскага і яшчэ адзін сведка — Ігар Шабанаў. 6 верасня ён нёс службу ў ДАІ, а затрыманняў на вуліцы Гарнавых не бачыў.

Сведка Ангеліна Нагорная таксама несла службу 6 верасня і таксама не ведае Сакалоўскага.

«Людзі выйшлі на праезную частку, на папярэджанні міліцыі не рэагавалі, супрацоўнікаў штурхалі, спрабавалі сарваць маскі, нанесці ўдары», — распавяла Нагорная на судзе.

«А калі людзі выйшлі на праезную частку?» — спытала ў яе абарона.

«Яны самі выйшлі на дарогу. Я знаходзілася бліжэй да маста. Памятаю, што яны ішлі па праезнай частцы. Прайшло шмат часу. Я не памятаю, калі людзі выйшлі на праезную частку».

Суддзя вырашыла паўтарыць выклік на судовы працэс пацярпелага і сведкі, якія ў суд не прыйшлі. Акрамя гэтага, плануецца выклік 14-ці незалегендзіраваных сведак. У судзе абвешчаны перапынак да 19 ліпеня, на 14.45 гадзін.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: