Пачалося абскарджванне справаў па Курапатах у Вярхоўным судзе

Сябры грамадзянскай ініцыятывы «Эксперты ў абарону Курапатаў» на сваёй чарговай сустрэчы 2 лістапада падпісалі, а затым накіравалі ў Вярхоўны суд першыя наглядныя скаргі па грамадзянскіх справах у абарону Курапатаў.

Гэтыя скаргі супраць Генеральнай пракуратуры, Міністэрства культуры і начальніка ўпраўлення аховы гістарычна-культурнай спадчыны і рэстаўрацыі гэтага міністэрства Ігара Чарняўскага звязаны між сабой справай абароны ахоўнай зоны Курапатаў.

27 лістапада 2012 года Генпракуратура вынесла Мінаблвыканкаму  прадстаўленне аб парушэнні заканадаўства з боку СТАА “БелРэстІнвест”, якое самавольна збудавала шэраг аб’ектаў у ахоўнай зоне Курапатаў. Па выніках разгляду гэтага прадстаўлення, што адбыўся 27 снежня 2012 году ў Мінаблвыканкаме, было прынятае аднагалоснае рашэнне аб вынасе незаконна збудаваных аб’ектаў. Паколькі прадстаўленне Генпракуратуры не было выкананае (дарэчы, і да гэтай пары), грамадзяне вясною 2014 году звярнуліся ў суд са скаргай на бяздзеянне Гепракуратуры.

Справа ў тым, што згодна артыкулу 4 Закону Рэспублікі Беларусь “Аб пракуратуры Рэспублікі Беларусь”, задачай пракуратуры з’яўляецца “забеспячэнне верхавенства права, законнасці і правапарадку, абарона правоў і законных інтарэсаў грамадзян і арганізацый, а таксама грамадскіх і дзяржаўных інтарэсаў”. У гэтым жа артыкуле пазначана, што у мэтах выканання гэтых задач пракуратура ажыццяўляе нагляд за выкананнем заканадаўства.

Згодна артыкулу 38 закону аб пракуратуры, прадстаўленне з’яўляецца актам пракурорскага нагляду і ўтрымлівае патрабаванні аб устараненні парушэнняў заканадаўства. 

Такім чынам, з дапамогай прадстаўлення пракуратура, як наглядны орган, выконвае ўскладзеныя на яе задачы па забеспячэнні верхавенства права, законнасці і правапарадку.

Аднак выкладзеныя вышэй абставіны сведчаць пра тое, што Генпракуратура хоць і вынесла прадстаўленне, аднак не вырашыла задачы, ускладзеныя законам на пракуратуру, таму што не дамаглася выканання свайго прадстаўлення.           

Пры гэтым суды і старшыня Мінскага гарадскога суду падтрымалі пазіцыю Генпракуратуры і адмовілі заяўнікам у задавальненні іх скаргі, 

Трэба мець на ўвазе, што некаторыя звароты грамадскасці па праблеме невыканання прадстаўлення Генпракуратура перасылаліся ў Міністэрства культуры, якое таксама два гады нічога не рабіла для выканання прадстаўлення Генпракуратуры і рашэння ад 27 снежня 2012 году, гэта значыць бяздзейнічала. Таму эксперты звярнуліся ў суд са скаргай на бяздзеянне Міністэрства культуры. Аднак суд адмовіў ва ўзбуджэнні справы з надуманай падставы — нібыта грамадзяне абскарджваюць не двухгадовае бяздзеянне Міністэрства культуры, а яго пастанову ад 1 снежня 2014 году № 70 пра зацвярджэнне праекту зон аховы Курапатаў.


Насамрэч, рашэнне аб неабходнасці вынасу самавольна ўзведзеных аб’ектаў з тэрыторыі ахоўнай зоны Курапатаў было прынятае 27 снежня 2012 году, а пастанова Міністэрства культуры №70 пра зацвярджэнне праекту зон аховы Курапатаў — амаль праз два гады — толькі 1 снежня 2014 года.

Менавіта двухгадовае бяздзеянне Міністэрства культуры, з-за якога засталося невыкананым прадстаўленне Генпракуратуры і рашэнне ад 27 снежня 2012 году, і было абскарджана ў судзе.

Падпісанты скаргі звярнулі ўвагу Вярхоўнага суду, што на Міністэрства культуры законам ускладзены абавязак па каардынацыі дзейнасці дзяржаўных органаў у сферы аховы гістарычна-культурнай спадчыны і кантролю за выкананнем заканадаўства ў гэтай галіне.

Нягледзячы на судовыя захады грамадскасці, прадстаўленне Генпракуратуры, як акт пракурорскага рэагавання, засталося невыкананым, а суд прызнаў законнымі дзеянні Генпракуратуры і Міністэрства культуры.

Заяўнікі просяць Вярхоўны суд выпатрабаваць справы, разгледзець іх у рамках закону і вынесці пратэст на судовыя пастановы.

На пасяджэнні былі заслуханыя справаздачы сябраў ініцыятывы па апытаннях сведкаў курапацкай трагедыі, што праводзіліся цягам бягучага году. Апроч таго, сябры ініцыятывы абмеркавалі хаду падрыхтоўкі II дакументальна-мастацкай выставы “Праўда пра Курапаты. Факты, дакументы, сведчанні”. 

Удзельнікі пасяджэння мяркуюць цягам лістапада накіраваць у Вярхоўны суд яшчэ дзве наглядныя скаргі па судовых справах у абарону Курапатаў — па адмове Генпракуратуры назваць вядомыя ёй імёны курапацкіх ахвяр, а таксама па адмове Мінрайвыканкаму і ягонага старшыні Пятра Ярмаша даць дазвол на правядзенне пікетаў у абарону Курапатаў.

Цягам лістападу запланаваная таксама сустрэча грамадскіх актывістаў з намеснікам старшыні Вярхоўнага суду ў дзень яго асабістага прыёму.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Каментаваць