Пачалося галасаванне за лаўрэата прэміі імя Сырыцы

Сфармаваны шорт-ліст прэміі Сырыцы за 2019 год, у яго увайшлі cем прадстаўнікоў розных рэгіёнаў Беларусі. Лаўрэата абярэ Рада Руху «За Свабоду».
Віктар Сырыца

Віктар Сырыца

У гэтым годзе на конкурс паступілі 25 прапановаў, з якіх у шорт-ліст трапілі сем:

- Андрусь Архіпенка (кампанія па ўшанаванню памяці пісьменніка Алеся Адамовіча, усталяванне помніка ў вёсцы Глуша, Бабруйскага раёна, Магілёўскай вобласці)

- Зміцер Шыманскі (кампанія па беларусізацыі новага аўтавакзала ў Брэсце)

- Эдзіта Бранцэвіч (апекаванне над беларускамоўнай групай у садку Смаргоні, Гродзенскай вобласці)

- Юрый Нагорны (усталяванне новага памятнага знаку на месцы апошняга бою каліноўцаў у вёсцы Пагосцішча Лёзнінскага раёну)

- Ларыса Шчыракова (арганізацыя грамадскай кампаніі «Забітыя і забытыя» па ўшанаванні месцаў масавых расстрэлаў пад Гомелем у 30-я — 40-я гады)

- Віктар Клімус (стварэнне мультымедыйнага дадатку, дзякуючы якому можна пабачыць страчаныя будынкі старога Брэста)

- Хрыстафор Жаляпаў (правядзенне ў Віцебску канферэнцыі «Беларуская дзяржаўнасць. Гісторыя і сучаснасць»)

«Уручэнне прэміі імя Віктара Сырыцы — ініцыятыва Руху „За Свабоду“, якая накіраваная на падтрымку працы ў культурніцкай галіне. Мы лічым, што гэта важна для нацыянальнага адраджэння і захавання незалежнасці Беларусі», — пракаментаваў этап уручэння прэміі намеснік старшыні Руху «За Свабоду» Віктар Янчурэвіч.

Ён лічыць, што ў гэтым годзе вельмі цікавыя і карысныя ініцыятывы патрапілі ў шорт-ліст.

Прыемна, што сярод удзельнікаў адбору ёсць ініцыятывы практычна з усіх куткоў Беларусі, у тым ліку тыя, якія раней не былі адзначаныя на нацыянальным узроўні, адзначыла каардынатар прэміі імя Віктара Сырыцы, сябра Рады Руху Вольга Быкоўская.

«У гэтым годзе ў нас атрымалася знайсці больш цікавых рэгіянальных падзеяў, і гэта натхняе на далейшую працу. Жыццё ў беларускіх рэгіёнах насамрэч ёсць, не на ўсё звяртаюць увагу ў Мінску. Людзі ўкладаюць сілы ў сваю малую радзіму, каб не загінула гістарычная памяць ці культурная адметнасць», — дадала Быкоўская.

У гэтым годзе арганізацыя зноў запускае не толькі галасаванне сярод сябраў Рады, але і т.зв. грамадскае, у якім можа прыняць удзел любы ахвотны. Гэтае галасаванне будзе мець кансультацыйны характар.

Усе ахвотныя могуць аддаць свае галасы за лепшую ініцыятыву, запоўніўшы форму.

Галасаванне працягнецца да 20 лютага.

Віктар Сырыца, вядомы баранавіцкі краязнаўца, гісторык, актывіст, каардынатар мясцовай суполкі Руху «За Свабоду» і ТБМ раптоўна памёр у 2015 годзе. У 2016 годзе ў памяць пра яго Рух «За Свабоду» заснаваў прэмію ягонага імя, якой узнагароджваюць актывістаў, якія за мінулы год арганізавалі выбітныя рэгіянальныя ініцыятывы.

Паводле pyx.by

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: