Пачаўся перапіс насельніцтва. Чым ён адрозніваецца ад папярэдніх?

Цягам 4–30 кастрычніка ў Беларусі пройдзе перапіс насельніцтва пад лозунгам «Погляд на рэчаіснасць — крок у будучыню». Папярэдняя кампанія праводзілася 10 гадоў таму, нагадвае «Свабода».

 

Пра што будуць пытацца

Усяго пытанняў 49. Спытаюць, сярод іншага, пра тое, дзе вы нарадзіліся, колькі жылі за мяжой і ці збіраецеся выязджаць з Беларусі. Пацікавяцца нацыянальнасцю, роднай мовай, адукацыяй, якая ў вас сямʼя і праца. Зададуць пытанні пра вашае фінансавае становішча, жыллёвыя ўмовы.

 

Ёсць тры спосабы паўдзельнічаць у перапісе:

·        Самастойна запоўніць апытальныя лісты праз інтэрнэт.

·        На стацыянарных участках.

·        Дома падчас вуснага апытання перапісчыкаў.

Свабода” высвятляла, ці ёсць прынцыповая розніца паміж сёлетнім перапісам і аналагічным маніторынгам 2009 году.

 

Каго будуць перапісваць

·        Грамадзянаў Рэспублікі Беларусь

·        Замежных грамадзянаў і асобаў без грамадзянства, якія пастаянна ці часова пражываюць або часова знаходзяцца ў Рэспубліцы Беларусь.

·        Грамадзянаў Рэспублiкi Беларусь, замежных грамадзянаў і асоб без грамадзянства, якія пастаянна пражываюць у Рэспубліцы Беларусь, але на дату перапісу часова знаходзяцца на тэрыторыі замежных дзяржаў (тэрмін адсутнасьці не перавышае аднаго году).

 

Што спытаюць пра мову

Моўны раздзел перапісу-2019 змяшчае два пытанні:

·        ваша родная мова (мова, засвоеная першай у раннім дзяцінстве);

·        мова, на якой вы размаўляеце дома.

І варыянты адказаў: беларуская, руская, польская, украінская або нейкая іншая.

У параўнанні з апытаннем 10-гадовай даўнасці, выкраслены трэці пункт: іншыя мовы, якімі вы свабодна валодаеце. Выявілася, што адказы ніяк не адлюстроўваюць рэальны стан рэчаў.

Згодна з вынікамі папярэдняй кампаніі, у краіне пражывалі 9 мільёнаў 504 тысячы чалавек, беларусаў з іх — 7 мільёнаў 957 тысяч (83,7% ад агульнай колькасці). Беларускую мову назвалі роднай 53,2% насельніцтва краіны, дома на ёй гаварылі 23%. У часе перапісу 1999 году сітуацыя выглядала нашмат лепш: беларуская была роднай для 73,6% жыхароў.

Моўныя рупліўцы заклікалі суайчыннікаў пазначаць беларускую як родную мову, засвоеную першай у раннім дзяцінстве, і тую, на якой размаўляеце дома. Зрэшты, гэта выклікала хвалю крытыкі з боку тых, хто супраць «падтасоўваньня рэальных фактаў дзеля патрэбнай статыстыкі».


Культуролаг Сяргей Харэўскі звяртае ўвагу, што арганізатары перапісу, арганізаванага за грошы Сусветнага банку (амаль 2 мільёны долараў), першымі парушаюць моўную раўнавагу.

«На шчасце, нікому з маёй сямʼі не давядзецца крывіць душой, адказваючы на балючыя для некаторых пытанні. Але чаму Белстат сваю дзейнасць вядзе выключна на адной, не маёй, мове? Паводле перапісаў 1999 і 2009 гадоў, у выніку надсаднай, бязлітаснай русіфікацыі з 73% да 53% знізілася доля людзей, чыя родная мова была беларускай, з 37% да 23% стала менш беларускамоўных. І гэта ўсё адно блізу 2 мільёнаў, якіх для ўлады не існуе! Таму і вынікі іхных перапісаў мяне хвалююць мала: я ёсць і, дзякуй Богу, не самотны. А пра гэта мы і так ведаем...»

 

«Гномы, эльфы, гобліны ды іншыя нацыянальнасці». Хто гэта?

Першая інфармацыя пра колькасць насельніцтва Беларусі будзе агучаная ў лютым 2020 года. Разгорнутыя звесткі пра сацыяльна-дэмаграфічныя характарыстыкі, у тым ліку фактычнае беспрацоўе, — у ліпені 2020-га. Найбольш працаёмістай будзе частка, якая тычыцца дзейнасці насельніцтва ў сферы сельскай гаспадаркі — яе прэзентуюць аж у ліпені 2021 году.

Кіраўніцтва Нацыянальнага статыстычнага камітэту кажа, што з улікам папярэдніх кампаній сёлета будуць ігнаравацца «некарэктныя адказы». Перапісчыкі не ведаюць, што рабіць з «гномамі», «эльфамі» ды іншымі «гоблінамі», якіх ці то жартам, ці то ўсурʼёз пазначалі ў ранейшых перапісах. Усіх нявызначаных запішуць у «іншыя нацыянальнасці».

Не будуць сёлета пытацца пра рэлігійную прыналежнасць. Аргументуецца гэты тым, што такія звесткі носяць асабісты характар і могуць зачапіць пачуцці вернікаў.

Затое спытаюцца, чаму вы выехалі на працу ў іншую вобласьць або краіну.

Упершыню ў жанчын пацікавяцца адносна жадання завесці дзяцей. Мужчыны таксама будуць мець магчымасць адказаць, але іх меркаванне выслухаюць вусна.

 

Ёсць пытанні, на якія так і адразу і не адкажаш, напрыклад:

«Ці знаходзіліся часова ў дадзенай домагаспадарцы ў ноч на 4 кастрычніка 2019 года рэспандэнты, якія пастаянна пражываюць за межамі Рэспублікі Беларусь?»

«Ваш сямейны стан (для асоб ва ўзросце 15 гадоў і старэйшых (...) 3) знаходжуся ў незарэгістраваных адносінах».

«Па якой прычыне вы плануеце выехаць з Рэспублікі Беларусь?»

Рабіліся прагнозы, што па выніках перапісу можа быць скарэктаваны адміністрацыйны падзел Беларусі. У той час як Мінск за справаздачнае дзесяцігоддзе прырос на 200 тысяч чалавек, у некаторых раёнах жыхароў не набярэцца і 10 тысяч. Паколькі ўтрымліваць адміністрацыю ў такіх цэнтрах ужо немэтазгодна, з’явіліся ідэі «аптымізаваць» тэрыторыю і насельніцтва, за якія яна адказвае.

 

Кусты на лецішчы і свіньні ў хляве. Навошта іх лічыць?

Праграму чарговага перапісу зацвердзіў Савет Міністраў Беларусі. Вось асноўныя пункты, якія цікавяць дзяржаву.

 

Дэмаграфія

 

·        Прозвішча, імя, ідэнтыфікацыйны нумар,

·        дата і месца нараджэння,

·        колькасць поўных гадоў,

·        пол,

·        роднасныя ці іншыя адносіны з асобай, пазначанай як першая ў хатняй гаспадарцы,

·        знаходжанне ў шлюбе.

 

Міграцыя

 

·        Бесперапыннасць пражывання ў населеным пункце;

·        папярэдняе месца жыхарства;

·        пражыванне цягам году і больш бесперапынна ў іншай краіне;

·        краіна, з якой рэспандэнт прыбыў у Рэспубліку Беларусь на пастаяннае месца жыхарства;

·        перыяд прыбыцця;

·        прычына прыезду;

·        намер і прычына, па якой плануецца выехаць з Беларусі;

·        тэрмін, на які плануецца выехаць.

 

Нацыянальнасць

 

·        Грамадзянства,

·        нацыянальнасць,

·        родная мова,

·        мова, на якой рэспандэнт звычайна размаўляе дома.

 

Адукацыя

 

·        Узровень адукацыі, наяўнасць вучонай ступені;

·        уменне чытаць і пісаць;

·        атрыманне асноўнай адукацыі;

·        атрыманне дадатковай адукацыі;

·        наведванне дзіцем установы дашкольнай адукацыі.

 

Прыбыткі

 

·        Занятасць асобаў ад 15 да 74 гадоў;

·        асноўная праца ў апошні тыдзень да пачатку перапісу;

·        месца знаходжання працы;

·        прычына, па якой рэспандэнт не працуе ў населеным пункце па месцы жыхарства;

·        перыядычнасць выезду на тэрыторыю іншай дзяржавы і статус занятасці;

·        пошук працы рэспандэнтам на працягу апошняга месяца да пачатку перапісу, гатоўнасць прыступіць да яе ў бліжэйшыя 2 тыдні;

·        прычына адмовы ад пошуку працы.

 

Дзеці

 

·        Колькасць народжаных дзяцей;

·        планаванне нараджэння новых дзяцей.

 

Жыллё

 

·        Месца жыхарства;

·        колькасць домагаспадарак, іх склад; тып памяшкання, якое выкарыстоўваецца для пражывання;

·        памер агульнай плошчы жылога дома або кватэры;

·        наяўныя віды добраўпарадкавання ў памяшканні;

·        уласнік памяшкання;

·        колькасць жылых пакояў, якія займае домагаспадарка;

·        часовае пражыванне чальцоў хатніх гаспадарак, якія пастаянна пражываюць за межамі Беларусі, на дату перапісвання.

 

Сельская гаспадарка

 

  • Наяўнасць ва ўласнасці або валоданні зямельных участкаў у 2019 годзе з указаннем іх колькасці;
  • характарыстыка зямельных участкаў і мэты іх выкарыстання;
  • наяўнасць на зямельных участках пладова-ягадных насаджэнняў і кустоў на 1 кастрычніка гэтага году;
  • плошча пладова-ягадных насаджэнняў у пладаносным узросце па відах;
  • наяўнасць у гаспадарцы пчоласемʼяў, жывёлы і птушкі па відах.

 

Персанальныя дадзеныя збяруць у беларусаў, а таксама ў іншаземцаў і асобаў без грамадзянства, якія часова знаходзяцца ў Беларусі.

 

www.svaboda.org

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!