Пачынаецца суд над журналісткай Кацярынай Барысевіч і лекарам Арцёмам Сарокіным — з-за артыкула пра «нуль праміле»

Беларускія праваабаронцы прызналі Кацярыну Барысевіч і Арцёма Сарокіна палітвязнямі, міжнародная арганізацыя Amnesty International назвала іх вязнямі сумлення, нагадвае TUT.BY. Лекару і журналістцы пагражае да трох гадоў пазбаўлення волі.



Фота: TUT.BY

Лекара Мінскай БХМД Арцёма Сарокіна і журналістку TUT.BY Кацярыну Барысевіч затрымалі роўна тры месяцы таму — 19 лістапада 2020 года. На думку Генеральнай пракуратуры, якая распачала крымінальную справу, яны выдалі медыцынскую таямніцу аб стане Рамана Бандарэнкі, што пацягнула за сабой цяжкія наступствы, а менавіта «павышэнне напружанасці ў грамадстве і стварэнне атмасферы недаверу да кампетэнтных дзяржаўных органаў». Сёння іх справу разглядае суд Маскоўскага раёна Мінска. Лекару і журналістцы пагражае да трох гадоў пазбаўлення волі.

А 8-ай раніцы ў Мінску — мінус 22 градусы па Цэльсіі. Сонца падымаецца над гарызонтам вялікім вогненным шарам — такія світанні з акна сваёй кватэры любіла фатаграфаваць Кацярына Барысевіч, пакуль яе не затрымалі.

Адразу пасля 8.30 у Дом правасуддзя пачынаюць прыходзіць слухачы. «На суд да Арцёма Сарокіна і Кацярыны Барысевіч», — кажуць яны на ўваходзе, але прапускаць іх пачынаюць бліжэй да 9-ай гадзіны. Унутр заходзяць толькі чатыры міліцыянты ў форме з металашукальнікамі ў руках і трое мужчын у цывільным і з рацыямі — пасля таго, як паказваюць свае пасведчанні. 

Жонка Арцёма Сарокіна Наталля з адвакатам. Фота: TUT.BY

Пасля 9.00 у суд прыйшлі родныя абвінавачаных: дачка Кацярыны Барысевіч Дар'я, жонка Арцёма Сарокіна Наталля і маці лекара Галіна Канстанцінаўна.

Першымі да дзвярэй залы суда прыходзяць калегі і родныя абвінавачаных. Пасля — двое супрацоўнікаў у цывільным. Адзін ў чорнай масцы, другі — у балаклаве.

 

Даша, дачка Кацярыны Барысевіч, якая пасля яе затрымання засталася адна, сёння зможа ўбачыць маму. Фота: TUT.BY

9.22. Пад дзвярыма залы пасяджэння ўжо сабралася каля 40 чалавек. Тых, хто на ўваходзе кажа, што ідзе на працэс над Барысевіч і Сарокіным, адводзяць убок — і толькі праз час прапускаюць унутр.

Судовае пасяджэнне вядзе Святлана Бандарэнка, намесніца старшыні суда Маскоўскага раёна па крымінальных справах. Кацярыну Барысевіч абараняюць адвакаты Андрэй Мачалаў і Міхаіл Бандарчук, Арцёма Сарокіна — Вольга Бацюк. Пасяджэнне павінна пачацца а 10-ай гадзіне ў Доме правасуддзя ў Мінску.

Што адбылося

12 лістапада Раман Бандарэнка памёр, не прыходзячы ў прытомнасць. Напярэдадні вечарам яго збілі невядомыя ў двары дома на «Плошчы Перамен», дзе малады чалавек жыў. 13 лістапада Следчы камітэт паведаміў: «Пры першасным аглядзе разам з цялеснымі пашкоджаннямі ў яго [Рамана Бандарэнкі] дыягнаставаная алкагольная інтаксікацыя». Практычна адначасова з гэтай заявай у сеціве з'явілася копія медыцынскага дакумента, з якога вынікала, што ў крыві Рамана Бандарэнкі алкаголю не было.

Журналістка TUT.BY Кацярына Барысевіч праверыла гэтую інфармацыю і, са спасылкай на медыцынскія дакументы і каментар лекара, напісала артыкул пад назвай «Лекар БХМД: "У Рамана Бандарэнкі было нуль праміле алкаголю, наогул нічога не знайшлі"».

Пра тое, што распачата крымінальная справа па факце смерці Рамана Бандарэнкі, Генеральная пракуратура паведаміла толькі ўчора, 18 лютага 2021 года. Справа ў дачыненні да Арцёма Сарокіна і Кацярыны Барысевіч была распачата практычна адразу ж — 19 лістапада 2020-га.

 

Кацярына Барысевіч і Арцём Сарокін

Іх абвінавацілі ў разгалошванні медычнай таямніцы, што пацягнула цяжкія наступствы (ч.3 арт. 178 КК). На думку Генпракуратуры, публікацыя інфармацыі аб тым, што ўвечары 11 лістапада Раман Бандарэнка быў цвярозы, пацягнула «павышэнне напружанасці ў грамадстве, стварэнне атмасферы недаверу да кампетэнтных дзяржаўных органаў, падахвочванне грамадзян да агрэсіі і супрацьпраўных дзеянняў». Пры гэтым Алена Бандарэнка, маці загінулага Рамана, дала згоду на распаўсюд медыцынскай інфармацыі пра сына.

Першыя дні пасля затрымання Арцём Сарокін і Кацярына Барысевіч знаходзіліся пад вартай у СІЗА КДБ, цяпер — ужо амаль тры месяцы — у следчым ізалятары на Валадарскага.

Арцём Сарокін — анестэзіёлаг БХМД, урач вышэйшай катэгорыі. Яму 37 гадоў. Калегі адгукаюцца пра яго як пра прафесіянала, які ўмее праводзіць любыя віды аперацый. Менавіта ён працаваў у тую ноч, калі ў бальніцу прывезлі збітага Рамана Бандарэнка і рабіў яму анестэзію. Дома Арцёма Сарокіна чакаюць жонка Наталля і трое дзяцей: 9-гадовы Міша, 6-гадовы Фёдар і маленькая Лія.

У красавіку журналістцы TUT.BY Кацярыне Барысевіч таксама споўніцца 37. У журналістыцы яна амаль 15 гадоў, спецыялізуецца на прававых тэмах: піша пра гучныя крымінальныя справы, судовыя разгляды. Кацярына не раз станавілася лаўрэатам шматлікіх прафесійных конкурсаў. У прыватнасці, у 2015 годзе Генеральная пракуратура ўзнагародзіла яе Дыпломам пераможцы «За прафесіяналізм і журналісцкае майстэрства». Летась за яе прафесійную дзейнасць на Кацярыну завялі крымінальную справу.

Беларускія праваабаронцы прызналі Кацярыну Барысевіч і Арцёма Сарокіна палітвязнямі, міжнародная арганізацыя Amnesty International назвала іх вязнямі сумлення.

Калегам Кацярыны з TUT.BY, «Новага часу», Onliner, «Камсамольскай праўды ў Беларусі», БелаПАН і іншых незалежных выданняў адмовілі ў магчымасці прысутнічаць на працэсе ў якасці журналістаў. Прычына — у «абмежаванасці месцаў у зале судовага пасяджэння і мерах па недапушчэнні распаўсюджвання каранавіруснай інфекцыі».

Любоў Каспяровіч, TUT.BY

 

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: