Пачаўся суд па «студэнцкай справе». Журналістаў не пусцілі. Ёсць затрыманыя

Сёння, 14 траўня, у судзе Савецкага раёна Мінска распачаўся разгляд так званай "студэнцкай справы". Затрыманыя па справе 11 студэнтаў і выкладчыца Вольга Філатчанкава — паўгода за кратамі.

Сярод абвінавачаных і Алана Гебрэмарыям — сябра Каардынацыйнай рады і прадстаўніца Святланы Ціханоўскай па справах моладзі.

Таксама судзяць 10 студэнтаў-актывістаў: Анастасію Булыбенка, Вікторыю Гранкоўскую, Яну Арабейка, Марыю Каленік, Касю Будзько, Ксенію Сырамалот, Таццяну Якельчык, Іллю Трахтэнберга, Ягора Канецкага, Глеба Фіцнера.


Усе затрыманыя па «справе студэнтаў» прызнаныя палітвязнямі. Іх усіх абвінавачваюць паводле 342-га артыкулу Крымінальнага кодэксу («Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх»). За гэта пагражае да трох гадоў пазбаўлення волі.

9.30-10.15. Каля будынку суда Дома правасуддзя сёння раніцай шматлюдна. На уваходзе АМАП. Прышло шмат моладзі, але яе ў будынак суда не пускаюць. 

10.30. У судовую залу пускаюць толькі сваякоў — пакуль па два чалавекі на падсуднага. 

У Вікторыі Гранкоўскай няма сваякоў наогул, але і нікога з яе сяброў у межах "двух чалавек на падсуднага" не прапускаюць.

10:40. Журналістаў на судовае пасядэнне не пускаюць. У залу перасталі пускаць людзей наогул. Адна жанчына сталага веку плача: «Пусціце бабулю!»



11.00. На вуліцы застаюцца стаяць больш за сто чалавек, якія прыйшлі падтрымаць абвінавачаных. Выйшаў міліцыянт і агучыў просьбу разысціся, але людзі сказалі, што будуць стаяць да канца пасяджэння.

Тыя, хто прыйшоў падтрымаць студэнтаў, не спяшаліся разыходзіцца. Працэс паскорылі супрацоўнікі міліцыі, якія абвясцілі ў мегафон, што "запуск у залу судовага паседжання спынены, просьба разысціся".

Праз некалькі хвілін з "характэрнага" мікрааўтобуса выйшлі супрацоўнікі АМАПу і папрасілі не ствараць натоўп.

Людзі павольна сталі разыходзіцца. Тых, хто рабіў гэта марудна, спынілі супрацоўнікі АМАПу і правялі ў мікрааўтобус. Завялі ў мікрааўтобус пяць чалавек.



Сярод затрыманых — палітык Анатоль Лябедзька, паведамляюць праваабаронцы «Вясны». 



11.25. Адвакат аднаго з падсудных заявіў хадатайства, каб змянілі меру перасячэння на хатні арышт. У судзе абвешчаны перапынак.

«На іхным месцы маглі быць мы», — кажуць людзі, якія прыйшлі на суд падтрымаць студэнтаў.



Затрымалі журналістку TUT.BY Любоў Каспяровіч. Перад затрыманнем яна брала інтэрв'ю ў сяброў аднаго з абвінавачаных — выконвала свае прафесійныя абавязкі, рыхтавала рэпартаж: «Мы стаялі і размаўлялі, раптам нехта крыкнуў: "АМАП!" Убачылі, што да нас бягуць людзі ў чорным — кінуліся бегчы ад іх. Журналіст TUT.BY спатыкнулася і ўпала, амапаўцы кінуліся на яе, — распавялі TUT.BY адрабязнасці затрымання відавочцы.

Прадстаўнік сталічнай міліцыі Наталля Ганусевіч пракаментавала затрыманне любові коратка: «Будзем разбірацца».

Анлайнер у сваім тэлеграм-канале, са спасылкай на міліцыю, паведамляе пра затрыманне 14 чалавек. У дачыненні да затрыманых каля Дома правасуддзя “міліцыя праводзіць праверку”. Па словах міліцыі, затрыманыя яны не выканалі патрабаванні супрацоўнікаў міліцыі, якія папярэджвалі прысутных аб незаконнасці правядзення масавых мерапрыемстваў.

Што адбываецца на працэсе?

Пракурор зачытаў абвінавачванні, паведамляецца ў тэлеграм-канале "Студэнцкая думка".

Паводле яго слоў, Ягор Канецкі "размяшчаў у чатах заклікі, каардынаваў", Вольга Філатчанкава "выкарыстоўваючы аўтарытэт выкладчыка, размяшчала заклікі да ўдзелу ў беспарадках, падчас правядзення мерапрыемстваў выконвала функцыі каардынавання".

Ілля Трахтэнберг нібыта "заклікаў і размяшчаў інфармацыю аб закліках ў пэўны час і ў пэўным месцы і выконваў функцыю кіравання ўдзельнікамі".

Тэкст абвінавачвання для палітзняволеных амаль не адрозніваецца, змяняюцца толькі ВНУ, таксама ўдакладняюць, што па версіі абвінавачвання фігуранты справы з'яўляліся "групай, якая дзейнічае па папярэдняй змове".

Таксама зачытваюць даты і адрасы месцаў, дзе праходзілі несанкцыянаваныя масавыя мерапрыемствы, і нават прамежкі часу, на працягу якіх доўжыліся гэтыя мерапрыемствы, паведамляюць праваабаронцы «Вясны».

Як паведамляе Задзіночанне беларускіх студэнтаў са словаў бацькі аднаго з падсудных, усіх судзяць афлайн. Палітзняволеныя сядзяць у клетках: а адной хлопцы і Вольга Філатчанкава, а ў другой дзяўчаты.

Сярод фігурантаў — былая выкладчыца Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі Вольга Філатчанкава. У пачатку працэса яна звярнулася да суда з просьбай усіх апраўдаць, піша Наша Ніва.

— Я грамадзянка Рэспублікі Беларусь з актыўнай жыццёвай пазіцыяй, здольна не толькі асэнсавана мысліць і аналізаваць інфармацыю, але і зразумела выказваць свой пункт гледжання, — звярнулася да суда Вольга Філатчанкава. — Гісторыя ведае мноства прыкладаў, калі людзей пераследвалі, саджалі ў турмы і проста знічтажалі толькі за тое, што іх меркаванне адрознівалася ад меркавання кіруючай эліты. Гэта мы назіраем і ў нашай краіне, у цяперашні час. Гісторыя цудоўна паказвае…

На гэтых словах суддзя перапыніла абвінавачаную:

— Зразумела. Вы паказанні пачынаеце даваць ці хадайніцтва заяўляеце?

— Высокі суд, я заяўляю хадайніцтва, — адказала Філатчанкава.

— Канкрэтна заявіце, якое хадайніцтва ў вас маецца, — настойвала суддзя.

Але Вольга працягнула далей:

— Гісторыя цудоўна ілюструе, што бывае, калі ахвяра кажа «не» сваім катам. На падставе сказанага прашу па дадзенай крымінальнай справе змяніць меру ўтрымання ўсім абвінавачаным і вынесці апраўдаўчы прысуд.

У выніку суддзя адхіліла хадайніцтва адносна меры ўтрымання, фігуранты і надалей будуць знаходзіцца ў СІЗА.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: