Пад ціскам грамадскасці ў Слуцкім парку з’явіліся біятуалеты. Чаму ж «дзеці бегаюць у кусты»?

Гарадскі парк у Слуцку — гэта асноўнае месца правядзення масавых мерапрыемстваў і ўлюбёнае месца адпачынку гараджан. Карціну псавала неканалізацыйная прыбіральня з выкапанай ямай. Больш за паўтысячы подпісаў грамадзян паўплывалі на слуцкія ўлады: антысанітарную прыбіральню зачынілі. Што ўзамен?

Грамадская актывістка «Нашага дома» Тамара Блінова атрымала адказ з Слуцкага раённага Савета дэпутатаў на калектыўны зварот гараджан наконт прыбіральняў у гарадскім парку.

— Гэта не адказ па сутнасці пытання, а блытаная адпіска, — распавядае Тамара Блінова. — У адказе прызнаецца нездавальняючае становішча былой прыбіральні і гаворыцца, што з мэтай папярэджання інфекцыйных захворванняў у Слуцкую ЖКГ накіраваны ліст аб закрыцці дадзенай прыбіральні і ўсталяванні біятуалетаў у выходныя і святочныя дні. Таксама з адказу вынікае, што будаўніцтва стацыянарнай грамадскай прыбіральні з каналізацыяй на тэрыторыі гарадскога парка не плануецца.

Рэкамендавана хадзіць у прыбіральню гарадскога стадыёна, у бары і кавярні, размешчаныя паблізу, а таксама ў платныя прыбіральні, якія знаходзяцца на вуліцах Манахава і на вуліцы Піянерскай. Таксама Тамары Бліновай не спадабалася, што такое сур’ёзнае пытанне нават не заслужыла разгляду на сесіі раённага Савета дэпутатаў.

«При необходимости президиум вносит предложение о рассмотрении поступивших в Совет обращений на сессии районного Совета депутатов. Учитывая вышеизложенное, следует, что данный вопрос не требует своего рассмотрения на сессии районного Совета депутатов», — піша ў сваім адказе старшыня Савета Наталля Аўсяннікава.

Узброеныя адказам з Слуцкага райсавета, карэспандэнт НЧ разам з Тамарай Бліновай вырашылі 2 жніўня наведаць рэкамендаваныя прыбіральні.

На дарожках парка ў гэты несвяточны дзень было даволі шмат народу. На пытанне аб задавальненні простых патрэб наведвальнікамі батута, супрацоўнік атракцыёна шэптам нам паведаміў, што «дзеці бегаюць у кусты».

Калі бар «Рохас» працаваў з 12 гадзін, то дзеці хадзілі туды, хоць гэта і не падабалася ўладальнікам бара, — паведаміў мужчына. — Цяпер жа ён працуе толькі з вечара. Кажуць, што недзе ўсталяваны біятуалеты, але гэта вельмі далёка ад батута і іншых атракцыёнаў.

Усцешаныя навіной пра біятуалеты, якія, згодна з афіцыйнай паперай, павінны былі працаваць толькі па святочных днях, мы накіраваліся на іх пошукі. Па дарозе распытвалі гуляючы народ і высветлілі, што большасць пра існаванне біятуалетаў не чула. Затое бацькі і дзеці добра ведалі, што нецывілізаваная прыбіральня зачынена і накіроўвалі нас на стадыён.

Чаму яны гэтак рабілі мы зразумелі толькі каля самой зачыненай антысанітарнай прыбіральні. На вялікім дрэве вісела аб’ява, у якой вялізнымі літарамі было напісана, што «туалет закрыт», а маленькімі падпісана, што «туалет находится на стадионе за административным зданием».

Каб абыйсці адміністратыўны будынак патрэбна было аббегчы ўвесь стадыён (прыкладна 700 метраў) і яшчэ доўга і ўважліва шукаць патрэбнае памяшканне.

Мусіць, за намі ўважліва сачылі і з адміністрацыўнага будынка стадыёна, бо як толькі мы пакінулі прыбіральню, сімпатычныя супрацоўніцы адміністрацыі адразу ж выбеглі на дарожку і пачалі ў нас дапытвацца аб мэтах знаходжання на іхняй тэрыторыі. Адміністратар гарадскога стадыёна Ірына Цярэшчанка растлумачыла, што гэтая прыбіральня не прызначана для звычайнай публікі, якая ходзіць па парку. Наведаць яе маюць права толькі гледачы і спартоўцы падчас спаборніцтваў, а таксама маладзёны, якія тут займаюцца спортам.
Прыбіральня на стадыёне, у якую нельга хадзіць людзям з парку і вуліцы

Прыбіральня на стадыёне, у якую нельга хадзіць людзям з парку і вуліцы

Новенькія біятуалеты мы ўсё-ткі знайшлі: без указальнай стрэлкі, без знаёмых надпісаў «М» і «Ж», без паперы, яны хаваліся па ободва бакі за будынкам зачыненай прыбіральні. У нас абедзвюх узнікла падазрэнне, што яны спецыяльна не разрэкламаваны адміністрацыяй ЖКГ і парка, каб іх не трэба было пасля чысціць і прыбіраць. Як быццам яны ёсць, але ў той жа час і няма.

Прыбіральня для "святочных дней", якую яшчэ трэба знайсці

Прыбіральня для "святочных дней", якую яшчэ трэба знайсці

Актывістка «Нашага дома» Тамара Блінова не задаволена такім вырашэннем праблемы і збіраецца абскарджваць афіцыйны адказ Слуцкага раённага Савета дэпутаў у Мінскім абласным Савеце дэпутатаў і Мінскім аблвыканкаме.

Нягледзячы на тое, што ёй зноў жа, амаль шэптам, супрацоўнік адміністрацыі парка паведаміў, што 2 дні таму прыязджала камісія, якая нібыта прыняла рашэнне аб будучым будаўніцтве стацыянарнай сучаснай прыбіральні — з каналізацыяй і вадой для мыцця рук.

У афіцыйнам адказе Наталля Аўсяннікава пра такую камісію і аб такім рашэнні не напісала.


Фота аўтаркі

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Абмеркаванне:

  • Кастусь
  • 2018-08-04 11:22:14
Бо усяроуна загадзяць,зламаюць,а паперу скрадуць.А гэта "актывiстка" адразу няздолела заглянуць i убачыть туалеты? Што,няужо прыбiральня такая вялiзарна,што нябачна было бiятуалетау? Оббегчы стадыен,так аббегла,а зазiрнуць за прыбiральню розума няхвацiла! А,нябыло шыльды,напiсанай вялiзарнымi буквамi!