Пад Гомелем пахавалі маці Героя Украіны Міхася Жызнеўскага

5 траўня на могілках у вёсцы Сцяг Працы Гомельскага раёну пахавалі Ніну Жызнеўскую, маці беларуса Міхася Жызнеўскага, які першым з замежнікаў стаў Героем Украіны., паведамляе «Радыё Свабода».
Ніна Жызнеўская пахаваная побач з мужам і сынам

Ніна Жызнеўская пахаваная побач з мужам і сынам



Праводзіць у апошні шлях маці героя прыехалі не толькі сваякі і знаёмыя, але і прадстаўнікі амбасады Украіны, украінскай дыяспары ў Гомелі, а таксама грамадскія актывісты з абласнога цэнтру і Мінска.

Адпявалі Ніну Жызнеўскую ў царкве святога князя Аляксандра Неўскага, куды падлеткам хадзіў яе сын з марай вучыцца ў духоўнай семінарыі.

Ніна Жызнеўская нарадзілася 25 чэрвеня 1956 году ў гэтай жа вёсцы Сцяг Працы, якая раней называлася Абрэзы. У маладосці працавала на гомельскім заводзе сантэхнарыхтовак, пасьля ў камунальнай службе. Была ў шлюбе з Міхаілам Пятровічам Жызнеўскім. Нарадзіла сына і дачку.

22 студзеня 2014 году іх сын Міхась, абаронца ўкраінскай Рэвалюцыі годнасьці і свабоды, быў забіты на Майдане ў Кіеве карцечным стрэлам у сэрца байцом спецпадраздзялення «Бэркут». Міхась Жызнеўскі пасмяротна ўганараваны ордэнам Герояў Нябеснай сотні, а ў чэрвені 2017 году і найвышэйшым званнем — Герой Украіны.

У апошнія гады Ніна Васільеўна кепска сябе пачувала — ёй зрабілі аперацыю на сэрцы, былі хворыя ногі, дапякалі гіпертанія і цукроўка.

3 траўня жанчыну забрала «хуткая» — у яе паднялася высокая тэмпэратура.

Паклалі Жызнеўскую ў шпіталь інвалідаў вайны. Дачка Натальля кажа, што маці толкам не абследавалі. 4 траўня каля а 10.30 яна памерла: як запісана ў пасведчанні № 1203, прычынай смерці стала «тэрмінальная стадыя паражэння нырак, хранічны абструкцыйны піеланефрыт».

Мінула толькі 26 дзён, як раптоўна памёр Міхаіл Пятровіч, муж Ніны Васільеўны і бацька Міхася. Яго пахавалі побач з сынам. Сёння да іх далучылася жонка і маці.

На развітальнай цырымоніі актывісты зачыталі спачувальныя словы прэзыдэнта Украіны Пятра Парашэнкі:

«З глыбокім болем успрыняў трагічную вестку, што ўслед за бацькам Героя Нябеснай сотні Міхаіла Жызнеўскага сышла ў вечнасць яго маці Ніна Васільеўна. Гэтая сям’я паказала нам гераічны прыклад самаахвярнасці дзеля ідэалаў свабоды і годнасці. Даручыў МЗС Украіны аказаць сямʼі ўсю неабходную дапамогу. Вечная памяць! Героі не паміраюць!»



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: