Пад Столінам унашавалі памяць паўстанцаў Кастуся Каліноўскага

Роўна 150 гадоў таму тут у вёсцы Калоднае адбыўся апошні бой касінераў пад кіраўніцтвам Рамуальда Траўгута з жаўнерамі царскага войска.

 



Тады загінулі 7 паўстанцаў – не так шмат у параўнанні з іншымі бітвамі таго драматычнага года. Але вяскоўцы яшчэ ў савецкі час паставілі тут памятную пліту памерлым "за нашу і вашу свабоду".


Людзі помняць пра тыя падзеі, бо яны непарушна звязаныя з гісторыяй вёскі. Да паўстання тут быў маёнтак роду Скірмунтаў. Царскія ўлады сканфіскавалі яго, дый зямлю навокал, бо гаспадыня маёнтку — мастачка Гелена Скірмунт — дапамагала паўстанцам.



"Вучні мясцовай школы разам з настаўнікамі кожную вясну і восень прыбіраюць гэтыя помнічкі ды мемарыяльныя дошкі, і ля помніку, пастаўленага ў гонар падзеяў 1863 года", — кажа настаўніца ў мясцовай школе Наталля Базар.



Сёння на месцы апошняга бою сабраліся і мясцовыя жыхары, і госці з Пінску. Пасля ўзгадання падзеі і ўскладання кветак сумеснае набажэнства правялі каталіцкі ды вуніяцкі святары. Маліліся па-беларуску і па-польску. Падрабязней у матэрыяле Марціна Ярскага.



Марцін Ярскі, "Аб'ектыў"

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!