Падатковая хоча, каб Ціханоўскі сплаціў падатак з тых 900 тысяч долараў, якія нібыта знайшлі за канапай

У Гомелі суд пачаў разглядаць скаргу Сяргея Ціханоўскага на рашэнне падатковай інспекцыі аб спагнанні празмернага падатку. Гаворка ідзе пра тыя самыя 900 тысяч долараў, нібыта знойдзеных ў чэрвені 2020 года за канапай на лецішчы Ціханоўскага. Судовы працэс зрабілі закрытым, паведамляе карэспандэнт TUT.BY.

З часткі грошай, знойдзеных у Ціханоўскага за канапай, падатковая інспекцыя хоча спагнаць празмерны падатак (16%). Паводле пастановы падатковай, Ціханоўскі павінен выплаціць у бюджэт 257 тысяч 992 рублі і 72 капейкі — зыходзячы з сумы перавышэння даходаў над выдаткамі.

Ціханоўскі падаў скаргу: ён наогул адмаўляе, што гэта ягоныя грошы.

13 траўня ў судзе Савецкага раёну Гомеля адбылося папярэдняе слуханне па гэтай грамадзянскай справе.

У пачатку працэсу прадстаўнікі падатковай звярнуліся да суду з хадайніцтвам зрабіць працэс закрытым: маўляў, будзе агучана службовая інфармацыя, якую нельга выдаваць, таксама спаслаліся на ахоўваемую законам падатковую таямніцу.

Адвакат Ціханоўскага Наталля Мацкевіч запярэчыла, што падстаў для слухання гэтай справы ў цалкам закрытым фармаце няма — можна часткова закрываць працэс, калі таго патрабуе закон.

— Закрытыя судовыя пасяджэнні наганяюць у грамадстве атмасферу недаверу, што суды адбываюцца не зусім справядлівым чынам, — адзначыла Наталля Мацкевіч.

Тым не менш пасля больш чым гадзіннага перапынку суддзя выйшла з дарадчага пакоя і абвясціла працэс закрытым.

Нагадаем, 4 чэрвеня на лецішчы Сяргея Ціханоўскага міліцыянты знайшлі 900 тысяч долараў. Ператрус доўжыўся з трох гадзін дня да трох ночы. Грошы выявілі каля дзвюх гадзін ночы, толькі падчас трэцяга ператрусу.

Сам Ціханоўскі настойвае, што грошы падкінутыя.

Святлана Тихановская ў інтэрв'ю расійскаму тэлеканалу «Дождж» таксама выказалася аб знойдзенай суме.

— Вядома, ён займаўся камерцыйнай дзейнасцю. Але я вельмі сумняваюся ў тым, што ён змог зарабіць такія грошы.

— Гэта значыць, гэтыя грошы, вы мяркуеце, падкінулі? — удакладніў вядучы.

— Я не магу сцвярджаць. Меркаваць — так. Але гэта будзе абвінавачваннем. Гэта справа Следчага камітэта — даказваць.

— 3 чэрвеня праводзіўся ператрус ва ўстаноўленым парадку ў дачным доме, уласнікам якога з'яўляецца маці затрыманага Ціханоўскага. З санкцыі пракуратуры ў прысутнасці панятых і маці Ціханоўскага выяўленыя радыёстанцыі, фінансава-гаспадарчыя дакументы, пячаткі суб'екта гаспадарання, машынка для рахунку грошай і самі грошы — 900 тысяч долараў ЗША, — пракаментавала знаходку МУС. І прадэманстравала аператыўнае відэа з вялікай сумай грошай.

На відэа маці Ціханоўскага кажа, што гэта яе грошы. «Я зарабляла, сын зарабляў», — адказвала яна пасля шматгадзіннага ператрусу міліцыянтам.

Следчы камітэт заявіў, што на грошы накладзены арышт у сувязі з нібыта шкодай «ад дзеянняў Ціханоўскага і набліжаных асоб», які склаў больш за 3,5 млн рублёў.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: