Падчас запісу дэбатаў вядоўца прыгразіў Віталю Рымашэўскаму тысячамі пазоваў

Пра пагрозы і «спробу палітычнага ціску» падчас запісаў тэледэбатаў тэлерадыёкампаніі «Беларусь-3» паведаміў сайт «Беларускай хрысціянскай дэмакратыі». Вядучы дэбатаў застрашваў сустаршыню БХД Віталя Рымашэўскага тысячамі пазоваў.

Віталь Рымашэўскі. Фота Арцёма Лявы

31 кастрычніка ў Мінску для каналу «Беларусь-3» рабіўся запіс афіцыйных тэледэбатаў па Чкалаўскай выбарчай акрузе № 96. Удзел у дэбатах сярод іншых узяў і сустаршыня БХД Віталь Рымашэўскі — давераная асоба кандыдата ў дэпутаты Надзеі Гацак.

Паводле Віталя Рымашэўскага, у канцы эфіру вядоўца некалькі разоў сказаў яму, што яму варта рыхтавацца да пазоваў ад настаўнікаў за словы пра фальсіфікацыі выбарчай кампаніі ў Беларусі.

Сустаршыня БХД Віталь Рымашэўскі адзначыў: «Я лічу, што спадар Крывашэеў не меў права рабіць такія заўвагі. Ён не юрыст і не знаходзіцца на той пасадзе, каб заяўляць такое. Таму я расцэньваю яго словы як пагрозу і спробу палітычнага ціску. Тым больш, што пра фальсіфікацыю выбараў у Беларусі неаднаразова заяўляў сам Лукашэнка. Сведчылі пра гэта і міжнародныя назіральнікі ад АБСЕ».

Паводле bchd.info



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!