Адукацыя — лабараторны трусік беларускіх уладаў?

Cфера адукацыі — гэта паддоследны трусік беларускіх уладаў. Столькі рэформаў не зазнала ніводная сфера грамадскага жыцця ў Беларусі.


Вось і зараз, перад самым пачаткам навучальнага года, Лукашэнка прыняў міністра адукацыі Ігара Карпенку і агучыў сваё бачанне праблемаў адукацыі. Сярод іншага ён зазначыў, што чуў пра крытыку цэнтралізаванага тэставання. Яго, нібыта, праінфармавалі пра крытыку ЦТ, пра тое, што «ў нас не ўсё добра з паступленнем у ВНУ», і ён «пачынае задумвацца» пра ўдасканаленне сістэмы паступлення. Яго турбуе, што абітурыент «не здае экзамены вочы ў вочы з экзаменатарам, з выкладчыкам ВНУ або іншых навучальных устаноў».

А таму трэба правесці шырокую нараду і выпрацаваць падыход да паступленняў у ВНУ. Па словах Карпенкі, на анансаванай Лукашэнкам нарадзе могуць абмеркаваць спалучэнне выпускных іспытаў у школе і цэнтралізаванага тэставання для наступнай ступені адукацыі. Карпенка толькі агучыў назву для такога спалучэння — «агульнанацыянальны экзамен» — і расказаў, чаму лічыць ідэю вартай.

«Мы ў школе, дапусцім, пішам пераказ, — разважаў міністр. — А пры паступленні ў ВНУ здаём тэст. Па матэматыцы пішам кантрольную работу, а пры паступленні — тэст. Гэта розныя іспыты. І, вядома, гэта стварае пэўныя праблемы». Настаўнікі, казаў ён, цяпер «разрываюцца» між падрыхтоўкай да ЦТ і выпускных экзаменаў. І іх, і школьнікаў можна «разгру­зіць». Міністр таксама дапусціў, што пры паступленні ў ВНУ на спецыяльнасці, дзе патрэбная замежная мова, можа быць уведзены, напрыклад, іспыт для ацэнкі вымаўлення.

Што ж такое? Так доўга мы ўкаранялі ЦТ, насіліся з ім, як дурань з торбай, а зараз — вяртаемся да таго, што было раней? Да сапраўдных іспытаў? Варта адзначыць, што крытыка ЦТ палягала не ў самой сістэме гэтага тэставання, а ў тым, якім чынам складзеныя тэсты і пытанні. І што ў выніку тэст можна здаць зусім без ведаў, на дурніцу, — і прайсці ў ВНУ.

Але гэтае пытанне, паўтаруся, не ў сістэме ЦТ, а ў тым, якія пытанні ўтрымліваюць тэсты, як яны складзеныя, і як вызначаюцца ў нашых ВНУ прахадныя балы.

Усё гэта прывяло да таго, што народ у інтэрнэтах пачаў кпіць з двух высокіх чыноўнікаў. Маўляў, Коля (самі ведаеце, чый сын) не вучыць правілы, а таму на ЦТ не мае шанцаў. А калі ён будзе здаваць не «ананімную» паперку, а сядзець перад экзаменатарам, то, зразумела, атрымае не балы па ЦТ, а залаты медаль. Адразу. Імгненна.

Але гэта так, развагі з «памыйкі» інтэрнэту.

Палёгка для настаўнікаў не чакаецца. Канешне, на размове з Карпенкам была закранутая тэма залішняй папяровай працы для выкладчыкаў, розных спараваздачаў і службовых запісак. Усе кажуць, што ад такой макулатуры настаўнікаў варта «разгрузіць». Аднак казаць — кажуць, а вынікаў ніякіх. І зараз Карпенка сказаў — ніхто не збіраецца пазбаўляць выкладчыкаў абавязкаў ад штогадовага пакватэрнага абыходу раёнаў каля школаў для ўліку дзяцей, якім належыць даць сярэднюю адукацыю. Пастанова Саўміну ўскладае гэты ўлік на мясцовыя выканаўчыя і распарадчыя органы, упраўленні адукацыі — але хадзіць звычайна прымушаюць настаўнікаў.

Па словах Карпенкі, «мы ўсё роўна павінны ведаць, колькі дзяцей прыйдзе да нас у школу, — каб планаваць і фінансаванне, колькі класаў трэба рыхтаваць. Гэта своеасаблівы аналіз. Калі мы пяройдзем на адзіны рэгістр насельніцтва — тады, можа быць, будзе магчыма гэта зрабіць».

Гэта ўжо падобнае не на тое, што «адна рука не ведае, што робіць другая», гэта падобнае на вар’яцтва ў адной галаве. Таму што ў адной установе адукацыі — дзіцячым садку — ужо напачатку лета ведаюць, колькі дзяцей яны «выпусцяць». А ў другой установе адукацыі — школе, — аказваецца, не ведаюць, колькі дзяцей да іх прыйдзе! Хаця супаставіць гэтыя дадзеныя маглі б два чыноўнікі РайАНА цягам працоўнага дня.

Канешне, ёсць дзеці, якія ў садок не ходзяць. Але пры «паступленні» дзіцяці ў школу кожны бацька піша заяву на імя дырэктара навучальнай установы з просьбай прыняць яго малечу — і піша загадзя, а не 1 верасня. Навошта настаўнікам збіваць ногі па раёне і губляць час, калі ўсе адпаведныя звесткі ляжаць у адной тэчцы ў пакоі дырэктара?

Можа, раптам настаўнік у час «пакватэрнага абыходу» знойдзе дзіця, бацькі якога не заклапаціліся тым, каб аддаваць яго ў школу? Ну, можа быць. І што настаўнік гэтым бацькам зробіць? Прыстрашыць міліцыяй? Пагрозіць пальчыкам? Скажа: «Ай-яй-яй, так нельга»? У настаўнікаў няма ані паўнамоцтваў, ані права ўлазіць у прыватнае жыццё людзей, ці не так?

Дык навошта той абыход? Ці ў міністэрстве лічаць, што настаўнікам заняцца няма чым?

Самае цікавае — згаданы Карпенкам адзіны рэгістр насельніцтва. Пра тое, што ён запрацуе «неўзабаве», чыноўнікі ІТ-краіны казалі ў 2010 годзе, затым у 2012-м. У 2013-м сістэму нібыта запусцілі ў тэставым рэжыме, але потым пра яе — ні слоўца.

Пры гэтым нейкіх дадатковых грошай настаўнікам за лішнюю працу не падкінуць. Лукашэнка зноў казаў: «Настаўнік мусіць атрымліваць прынамсі сярэдні заробак». Але Карпенка паведаміў: ідзе рух «у гэтым кірунку (...) і да 2025 года мусім выйсці на поўную рэалізацыю гэтай стратэгіі».

Тут абяцанага не тры гады чакаюць, і нават не пяцігодку. І ніхто не ведае, якім будзе «сярэдні заробак» ды інфляцыя ў тым 2025 годзе.

Дарэчы, абмяркоўваючы паходы настаўнікаў па кватэрах, ніхто не згадаў, што нас у гэтым годзе чакае ўсебеларускі перапіс насельніцтва, з якога аўтаматычна будзе бачна ўсё, што патрэбна міністру Карпенку, каб «ведаць, колькі дзяцей пойдзе ў школу, і планаваць». У час перапісу па другім разе зробяць тое, што робяць настаўнікі пры «пакватэрным абыходзе раёна».

Дык, можа, трэба было сумясціць гэтыя мерапрыемствы? І настаўнікам нейкая капейчына за кошт перапісу перапала б?

І яшчэ. Па словах міністра адукацыі, цяперашнюю 10-бальную сістэму ацэнкі ведаў могуць перапрацаваць «пры неабходнасці».

Можа, хопіць ужо ставіць вопыты на дзецях?



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!