Падлетак, які падняў руку на гарадавога, выконваў ленінскі запавет

Гарадавы на працягу апошняга стагоддзя лічыўся сімвалам самых змрочных рэакцыйных сілаў Расійскай імперыі, увасабленнем гвалту і несправядлівасці, задушэння свабоды і роўнасці, абаронцам ненавіснага царскага рэжыму, нагадвае Валянцін Жданко ў сваім артыкуле на «Радыё Свабода».

Чытаем з малым сынам «Міколку-паравоза» Міхася Лынькова — кнігу майго маленства, якая і цяпер застаецца ў школьнай праграме і на якой за мінулыя восемдзесят гадоў выгадавалася некалькі пакаленняў беларускіх дзяцей. Малы з неўразуменнем азіраецца на мяне, калі я раптам пасярод зусім не смешнага тэксту зарагатаў:

«...За станцыяй яшчэ чуліся стрэлы. То не здаваліся на некаторых вуліцах жандары і гарадавыя. Але стрэлы былі радзей і радзей. Міколка кінуўся ў горад. Па галоўнай вуліцы вялі групу арыштаваных. Тут было некалькі афіцэраў, жандары, кучка гарадавых. Усе яны скоса пазіралі на народ, і злосныя агеньчыкі паблісквалі ў іх пахмурых вачах.

— А... фараоны, папаліся, гады! Не век жа вам чужую кроў смактаць! — чуліся паасобныя выклікі людзей з тратуараў, з вуліцы..»

Дагэтуль дакладна не вядома, каму з высокіх міліцэйскіх чыноў два гады таму прыйшла ў галаву ідэя ўшанаваць у цэнтры Мінску абагулены вобраз гарадавога. Таго самага гарадавога, які на працягу апошняга стагоддзя лічыўся сімвалам самых змрочных рэакцыйных сілаў Расійскай імперыі, увасабленнем гвалту і несправядлівасці, задушэння свабоды і роўнасці, абаронцам ненавіснага царскага рэжыму.

Наўрад ці памылюся, калі выкажу здагадку, што ініцыятар усталявання гэтай скульптуры не чытаў у дзяцінстве «Міколку-паравоза», не любіў рускіх пісьменнікаў — рэвалюцыйных дэмакратаў. І, апроч таго, кепска вывучаў Леніна.

Не скажу, што я заўсёды дакладна памятаў, што Ільіч казаў пра гарадавых. Але, ведаючы гісторыю складаных узаемадачыненняў пралетарскага правадыра з царскім рэжымам, здагадваўся, што гэтую тэму ён не мог абысці. І сапраўды, чытаем у ленінскім лісце «У баявы камітэт пры Санкт-пецярбурскім камітэце» ад 16 кастрычніка 1905 года:

«Стварайце зараз жа баявыя дружыны паўсюль, і ў студэнтаў, і ў рабочых асабліва... Няхай зараз жа ўзбройваюцца яны як могуць, хто рэвальверам, хто нажом, хто анучай з газай для падпалу... Няхай кожны атрад сам вучыцца хоць бы на збіванні гарадавых...»

Яшчэ не было ў Мінску і Беларусі скульптуры, якая б за два гады свайго існавання зведала столькі эмацыйных знакаў увагі з боку неабыякавых грамадзянаў і мела б патрэбу ў такой пільнай ахове. І пятлю на шыю ёй накідвалі, і сабакам цкавалі, і перформансы наладжвалі... Цяпер вось дайшла справа да аплявухі. Што адметна: падлетак дзейнічаў у поўнай адпаведнасці з ленінскім запаветам.

І канца гэтаму грамадскаму неспакою вакол спрэчнай фігуры ў блізкай будучыні не відаць. Давядзецца альбо ствараць асобнае міліцэйскае падраздзяленне для аховы бронзавага гарадавога, альбо прызнаць палітычную памылку і перарабіць статую ў што-небудзь не такое контраверсійнае. Напрыклад, у дзядзя Сцёпу з вядомага ўсім савецкім дзецям верша Сяргея Міхалкова. Дзядзя Сцёпа, як вядома, на іншадумцаў не паляваў, рэвалюцыянераў не арыштоўваў, а праславіўся тым, што пераводзіў бабулек праз вуліцу ды ратаваў піянераў з палонкі.

 


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!