Падпішыце паручальніцтва за праваабаронцу «Вясны» Марфу Рабкову!

Праваабаронцы "Вясны" распачынаюць кампанію па зборы паручальніцтваў за каардынатарку Валанцёрскай службы Марфу Рабкову ад усіх грамадзянаў.
Сабраныя паручальніцтвы перададуць у Следчы камітэт 8 кастрычніка. На іх падставе Марфу могуць вызваліць з-пад варты з СІЗА, дзе яна ўтрымліваецца амаль два тыдні. Гэтая працэдура прадугледжана артыкулам 121 Крымінальна-працэсуальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь. 

“Вясне” патрэбна ваша салідарнасць і дапамога!

17 верасня ў Мінску была затрыманая каардынатарка Валанцёрскай службы ПЦ “Вясна” Марфа Рабкова. Ёй прад'яўлена абвінавачванне па ч. 3 арт. 293 Крымінальнага кодэкса — навучанне ці іншая падрыхтоўка асоб для ўдзелу ў масавых беспарадках, альбо фінансаванні такой дзейнасці. Цяпер Марфа знаходзіцца пад вартай у СІЗА №1 у Мінску. Санкцыя артыкула, які ёй інкрымінуецца, прадугледжвае арышт або пазбаўленне волі на тэрмін да трох гадоў. Марфа прызнаная палітычнай зняволенай і вязнем сумлення.

Праваабаронцы "Вясны" лічаць, што спробы абвінаваціць Марфу Рабкову ў падрыхтоўцы масавых беспарадкаў з’яўляюцца неабгрунтаванымі, надуманымі і палітычна матыванымі, накіраванымі на перашкоду яе праваабарончай дзейнасці. Палітычна матываваны пераслед Марфы Рабковай адбываецца на фоне бязлітаснай вайны, якую улады абвясцілі ўсяму беларускаму грамадству.

Калі вы таксама лічыце, што змяшчэнне праваабаронцы "Вясны" Марфы Рабковай у СІЗА неабгрунтавана, запаўняйце хадайніцтва і перадавайце яго праваабаронцам для падачы ў Следчы камітэт. Зрабіць гэта можна двума спосабамі да серады 7 кастрычніка ўключна:


  • прынесці на офіс "Вясны" па адрасе: г. Мінск, праспект Незалежнасці, 78А-48;
  • даслаць поштай па гэтым жа адрасе: г. Мінск, праспект Незалежнасці, 78А-48, 220012.
Узор падпіскі, які можна спампаваць і запоўніць.

На падставе Вашых паручальніцтваў праваабаронцу "Вясны" Марфу Рабкову могуць вызваліць з-пад варты.

Хто такая Марфа Рабкова і чым яна займалася ў "Вясне"?

Марфа (Марыя) Аляксандраўна Рабкова нарадзілася ў студзені 1995 года ў Добрушы. Пасля сканчэння сярэдняй школы паступіла ў Мінскі педагагічны ўніверсітэт ім. М.Танка. Аднак з-за актыўнага ўдзелу ў студэнцкіх хваляваннях 2016 года была адлічаная з 4 курса па палітычных матывах.

Адукацыю працягнула ў Еўрапейскім гуманітарным універсітэце па спецыяльнасці “Міжнароднае і еўрапейскае права”, дзе навучаецца і цяпер.

Паралельна з вучобай Марфа некалькі год з’яўлялася валанцёркай Праваабарончага цэнтру “Вясна”, а ўвосень 2019 стала сябрам Праваабарончага цэнтра “Вясна” і каардынатаркай Валанцёрскай службы арганізацыі.

Пры яе актыўным удзеле былі арганізаваныя дзясяткі назіранняў за мірнымі сходамі грамадзян, праведзеныя маніторынгі больш за 100 судовых пасяджэнняў па адміністрацыйных справах над затрыманымі ўдзельнікамі мірных акцый, арганізоўваліся трэнінгі для новых валанцёраў.

У 2020 годзе Марфа Рабкова займалася наборам і навучаннем кароткатэрміновых назіральнікаў для кампаніі “Праваабронцы за свабодныя выбары”.  

З пачаткам масавых рэпрэсій у час выбарчай кампаніі актыўна ўдзельнічала ў арганізацыі дапамогі рэпрэсаваным актывістам. Пасля трагічных падзей у паслявыбарчы перыяд, Марфа дапамагала арыштаваным актывістам і іх сем’ям, брала ўдзел у дакументаванні сведчанняў ахвяраў катаванняў затрыманых удзельнікаў акцый пратэсту.

17 верасня каардынатарка Валанцёрскай службы ПЦ “Вясна” Марфа Рабкова была затрыманая ў Мінску супрацоўнікамі ГУБАЗіК. Разам з Марфай быў затрыманы таксама яе муж Вадзім Жаромскі, які пазней быў вызвалены. У кватэры, дзе яны жывуць, быў праведзены ператрус, вынятая тэхніка, асабістыя грошы і рэчы.

Марфа Рабкова абвінавачваецца ў “навучанні ці іншай падрыхтоўцы асоб для ўдзелу ў масавых беспарадках, альбо фінансаванні такой дзейнасці” (ч. 3 арт. 293 Крымінальга кодэкса). Цяпер яна знаходзіццца ў СІЗА №1 г. Мінска.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: