Падпішыся супраць жорсткасці! Беларусаў заклікаюць падтрымаць петыцыю за адмену пастак

Таварыства «Зялёная сетка», ГА «Багна», ГА «Ахова птушак Бацькаўшчыны», эколага-культурная асветніцкая ўстанова «Цэнтр этычных адносін да прыроды» запусцілі петыцыю за адмену пастак і заклікаюць яе падтрымаць.

У Беларусі па правілах палявання дазваляецца выкарыстоўваць пасткі для здабычы дзікіх жывёл. Прычым пасткі — найбольш балючы і негуманны спосаб адлову. Звяры, якія трапілі ў іх, адчуваюць страшэнную боль, іх пакуты могуць доўжыцца днямі, і часам, каб выратавацца, яны адгрызаюць самі сабе лапу.

Хваля абурэнняў пракацілася на мінулым тыдні, калі спачатку на сайце агенцтва Reuters, а потым на партале Tut.by з'явіўся фотарэпартаж, як злоўленага ў пастку ваўка двое паляўнічых, адклаўшы стрэльбы ў бок, душаць дротам — жывога!

У каментарах да рэпартажу і ў сацсетках многія людзі абураліся негуманнымі паводзінамі чалавека, жорсткім абыходжаннем з жывёламі. У пасткі трапляюць людзі, хатнія жывёлы (кошкі, сабакі), рэдкія віды (рысі, барсукі і г.д.), або віды, на якія забаронена паляванне. Таму ў большасці еўрапейскіх краін Еўропы пасткі забароненыя з 1982 года, калі ўступіла ў сілу Бернская канвенцыя аб ахове дзікай фауны і флоры і прыроднага асяроддзя пражывання ў Еўропе. Рэспубліка Беларусь нядаўна далучылася да гэтай канвенцыі, але захавала за сабой права  выкарыстоўваць пасткі.



— Пасткі раней выкарыстоўваліся ў асноўным для здабычы пушных звяроў (каб не псаваць скурку). Зараз попыт на пушніну вельмі моцна ўпаў, і сталёвыя пасткі выкарыстоўваюць галоўным чынам для здабычы драпежнікаў і бабра, — кажа на сайце ptushki.org дырэктар АПБ Аляксандр Вінчэўскі. — Але гэта вельмі негуманна і небяспечна. У капкан можа патрапіць і чалавек. І калі для дарослых грыбнікоў і ягаднікаў у закрытым абутку гэта не так страшна, то з нагой дзіцяці можа здарыцца тое ж, што і з нагой звера: пералом. У пасткі трапляюць рысі, барсукі і іншыя рэдкія віды. Нават калі паляўнічы праявіць літасць і выпусціць іх, пакалечанай жывёле будзе цяжка выжыць.
Калі паляўнічы ставіць капкан з прынадай ў выглядзе падалі, то ў яго могуць патрапіць такія ахоўныя законам віды, як арлан-белахвост і беркут. Трапляюць таксама сойка і крумкач, канюк і ястраб-цецерукоўнік. Пасткі забіваюць гэтых птушак. У нас ёсць такія прыклады. Трэба разумець, што, пакуль паляўнічы зловіць у пастку аднаго ваўка, яшчэ 3-5 звяроў патрапяць у яе выпадкова. Так што на аднаго злоўленага ваўка даводзіцца некалькі пакалечаных або загінулых звяроў іншых відаў. Пастка — гэта подла, трэба развітацца з гэтым перажыткам мінулага!


Часта пры трапленні ў пастку жывёла траўмуецца, але не гіне, і паляўнічы яе «дабівае». Каб не марнаваць патроны, часцяком жывёл дабіваюць жорсткімі і негуманнымі спосабамі, чым парушаюцца нормы не толькі нацыянальнага, але і міжнароднага заканадаўства.

З 1980-х гадоў у еўрапейскіх і іншых цывілізаваных краінах распачаўся рух супраць прымянення пастак. Зараз у свеце каля 90 дзяржаў прынялі рашэнне аб забароне пастак. У Еўропе такіх краін каля 20, у Афрыцы — 22, Азіі — 5, Лацінскай Амерыцы — 5.

Аўтары петыцыі вераць, што аднойчы ў спісе гэтых краін апынецца і Беларусь. І чым хутчэй гэта адбудзецца, тым менш жывёл пацерпіць. Дапамажыце наблізіць дзень, калі ў нашай краіне зашчоўкнецца апошняя пастка!

Петыцыя будзе накіравана кіраўніку Рэспублікі Беларусь, у Савет міністраў, у Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, Міністэрства лясной гаспадаркі, Дзяржаўную інспекцыю аховы жывёльнага і расліннага свету, Беларускае таварыства паляўнічых і рыбаловаў.


Паводле greenbelarus.info. Фота Reuters

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Абмеркаванне:

  • я.н.луцко
  • 2017-02-24 21:25:45
ганьба!

Больш цікавага на «Новым Часе»: