«Тэрыторыя рыхтавалася на 2000 чалавек». Падрабязнасці і фота будоўлі лагера для пратэстоўцаў пад Слуцкам

На сувязь са «Свабодай» выйшаў адзін з удзельнікаў пераўтварэння лячэбна-працоўнага прафілакторыя (ЛПП) № 3 у нешта падобнае на канцэнтрацыйны лагер для ўдзельнікаў пратэстаў у жніўні 2020 года.

Сцісла

Новыя сведчаньні былых вязьняў лагера пад Слуцкам. Яны таксама расказваюць, што лагер быў абгароджаны высокім плотам з вышкамі для аховы.

Сведка будаўніцтва лагера расказаў, што ЛПП № 3 пад Слуцкам вырашылі пераабсталяваць для ўтрымання пратэстоўцаў 10 жніўня.

Лагер прызначаўся для ўтрымання прыкладна 2000 чалавек. Іх пачалі прывозіць з Мінску 14 чысла.

Абсталяванне для лагера пад Слуцкам звозілі з розных месцаў Беларусі, у тым ліку з вайсковых частак і папраўчых калоній.

Унутранай аховай лагера займаўся Дэпартамент выканання пакаранняў. Вонкавай — салдаты Мінабароны.

Пасля нечаканага вызвалення вязьняў 15 жніўня лагер быў ліквідаваны за некалькі дзён.

19 студзеня «Свабода» апублікавала сведчанні фатографа «Новага часу» Дзмітрыя Дзмітрыева, які 14-15 жніўня знаходзіўся на тэрыторыі лагера пад Слуцкам, куды трапіў з Акрэсціна. Дзмітрыеў расказаў, што ўзгадаў пра тое месца пасля публікацыі запісаў выказванняў Мікалая Карпянкова пра дазвол на стварэнне ў Беларусі канцэнтрацыйных лагераў для пратэстоўцаў.

«Цёмна, агароджаная тэрыторыя, людзі з сабакамі»

«Свабода» пагаварыла яшчэ з двумя былымі вязнямі лагера пад Слуцкам. Адзін з іх, Зміцер Хведарук, таксама трапіў у лагер 14 жніўня з Акрэсціна.

«Нам не казалі, куды вязуць, — расказвае Зміцер. — Прывезлі, паставілі на халодным паветры, ля сценкі. Мы былі ў адных цішотках, холадна было вельмі. Потым адвялі ў душ, памарозілі яшчэ мокрымі. Пасля прыйшоў прадстаўнік унутраных войскаў і сказаў, што мы знаходзімся ў слуцкім ІЧУ. Я ў галаве перакруціў умоўна свае веды пра беларускія турмы і зразумеў, што ў Слуцку такой установы няма. Было цёмна, агароджаная тэрыторыя, людзі з сабакамі. Абсалютна незразумела, дзе мы знаходзіліся».

Зміцер кажа, што ім забаранялі аглядвацца і падымаць галаву. Начавалі затрыманыя ў бараку, агулам іх было там каля 150 чалавек. Барак нагадваў вайсковую казарму. Вызвалялі ўсіх на наступны дзень па спісах. Перад вызваленнем усім давалі падпісаць паперу, дзе папярэджвалі пра крымінальную адказнасць у выпадку паўторнага затрымання.

Яшчэ адзін былы вязень лагера пад Слуцкам пажадаў застацца ананімным. Ён расказаў, што трапіў туды пасля таго, як 10 жніўня яго выпадкова затрымалі ў Мінску. У Слуцк прывезлі праз некалькі дзён з Акрэсціна.

«Гэта быў лагер, — кажа суразмоўца. — Сцены, вышкі, калючы дрот. Усё ў лесе, далёка ад дарогі. Тэрыторыя даволі вялікая, у нашым бараку было каля 100 чалавек. Агулам такіх баракаў было яшчэ 3-4, зараз я дакладна не ўзгадаю. Нам сказалі, што калі мы не будзем выконваць распараджэнні адміністрацыі, то вернемся назад на Акрэсціна. Цяжка зараз узгадваць пра тое месца. Мы ўсе аглядаліся па баках і думалі толькі пра тое, каб хутчэй адтуль выбрацца. Гэта быў напалову турэмны рэжым. Ахоўвалі нас людзі, якія звычайна працуюць з алкаголікамі».

ЛПП № 3 пад лягер абсталявалі на чацьвёрты дзень пратэстаў

Са «Свабодай» таксама звязаўся чалавек, які даслаў у рэдакцыю серыю фота, зробленых падчас будоўлі лагера. На ўмовах ананімнасці ён таксама расказаў некаторыя падрабязнасці пра ўстанову, куды 14 жніўня з Акрэсціна прывезлі некалькі соцень затрыманых удзельнікаў пратэстаў. Сапраўднасць здымкаў «Свабодзе» пацвердзіў Дзмітрый Дзмітрыеў. Па яго словах, на фота «на 99% тое месца, дзе ён быў 14-15 жніўня».

«10 жніўня Дэпартаменту выканання пакаранняў было даручана падрыхтаваць у тэрміновым парадку адну з тэрыторый пад арганізацыю лагера, — сцьвярджае суразмоўца. — Было вырашана выкарыстоўваць для гэтага тэрыторыю ЛПП № 3 каля Слуцку. Тых, хто там знаходзіўся на лячэнні, тэрмінова этапавалі ў іншыя ўстановы. 12 жніўня ЛПП № 3 абсталявалі для ўтрымання грамадзян пад ваенізаванай аховай».

Па словах суразмоўцы, персанал напачатку не ведаў, для каго канкрэтна пераабсталёўваюць тэрыторыю ЛПП. Арганізацыяй лагера займалася ўпраўленне Дэпартамэнту выканання пакаранняў па Мінску і Мінскай вобласці. Пры гэтым абсталяваць лагер было неабходна вельмі хутка. Рыштунак вазілі з іншых ЛПП і папраўчых калоній.

«З Навасад (там размешчаная папраўчая калонія № 14) арганізавалі дастаўку ложкаў, — расказвае відавочца. — Вельмі спяшаліся, вазілі самазвалам. Прадпрыемству, размешчанаму на базе ЛПП, было даручана на працягу сутак распрацаваць і вырабіць вышкі для аховы перыметру лагера. Для ўладкаваньня так званага лагера прыцягнулі людзей, якія ўтрымліваліся ў ЛПП. На тэрыторыі ўжо існуючай жылой зоны прафілакторыя ўсталёўвалі намёты, тэрыторыю дзялілі на квадраты. Выкопвалі ямы, усталёўвалі слупы, усе абносілі калючым дротам».

Па словах суразмоўцы, лагер на тэрыторыі ЛПП № 3 мог быць толькі адным з будучай сеткі падобных месцаў. Рабочым, якія рабілі вышкі для перыметру лагера, загадалі рабіць іх мабільнымі. Каб можна было ў будучыні лёгка выкарыстоўваць іх у розных месцах. Вытворчасць ставілі на паток. Штосьці з абсталявання лагера прывозілі і з вайсковых частак. Напрыклад, рукамыйнікі.

Лагер ахоўвалі вайскоўцы Мінабароны

«Тэрыторыя рыхтавалася да прыёму каля 2000 чалавек, — кажа суразмоўца. — З усёй Беларусі ў Слуцк былі камандзіраваныя супрацоўнікі Дэпартаменту выканання пакаранняў з сабакамі. Пры гэтым супрацоўнікі ДВП прыцягваліся выключна для аховы ўнутры гэтага лягера. Аховай перыметру і прылеглага лесу займаліся вайскоўцы, падначаленыя Мінабароны».

Крыніца сцвярджае, што ў слуцкі лагер таксама камандзіравалі медыкаў. Людзей з Акрэсціна ў лагер пачалі прывозіць 14 жніўня прыкладна а 15-й гадзіне. У гэты час сюды прыехала першая вялікая калона аўтазакаў у суправаджэнні ДАІ. Другая калона прыбыла а 18-й гадзіне. Яе суправаджалі служачыя з унутраных войскаў, у тым ліку з часткі, размешчанай у Мінску на вуліцы Маякоўскага. Па словах суразмоўцы, шмат хто з прывезеных аўтазакамі людзей быў пабіты.

15 жніўня людзей пачалі масава вызваляць з лагера. За некалькі соцень метраў ад яго былых арыштантаў сустракалі валанцёры і адвозілі ў Мінск.

Сам лягер хутка разабралі.

«Праз 4 дні прыйшла каманда тэрмінова ўсё дэмантаваць, — кажа сведка. — У ЛПП вярнулі тых, каго тут утрымлівалі раней і вывезлі пасля 10 жніўня. На сённяшні дзень ЛПП № 3 функцыянуе ў штатным рэжыме».



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: