Patryjoty 1200 100 2e1c7308a3a48a13db21bf292e831989ae0299303b01379966627b13afde24a1

Вынікі першага этапу конкурсу «Курапаты — народны мемарыял»

У Міжнародны дзень аховы помнікаў і памятных мясцінаў, на пасяджэнні аргкамітэту і журы адкрытага грамадскага творчага конкурсу «Курапаты — народны мемарыял» падсумаваныя вынікі першага этапу.

У першым этапе конкурсу, што пачаўся 10 сакавіка 2016 і завяршыўся 22 лютага 2017 году, узялі ўдзел 35 аўтараў з Беларусі і Польшчы, якія прапанавалі 42 працы ў скульптуры, інсталяцыі, графіцы, жывапісе, архітэктурна-ландшафтным праектаванні і літаратуры. Большасьць гэтых працаў экспанаваліся на II дакументальна-мастацкай выставе «Праўда пра Курапаты. Факты, дакументы. сведчанні» ў сталічным Палацы мастацтва з 22 па 28 лютага сёлета. 

Журы пад старшынствам выбітнага беларускага мастака і грамадскага дзеяча Алеся Мары (Аляксея Марачкіна) зазначыла, што большасць удзельнікаў конкурсу прадэманстравала высокія мастацкія якасці і сур’ёзнае пранікненне ў тэму. Разам з тым журы мяркуе, што немэтазгодна завяршаць конкурс зараз, калі расце цікавасць беларускага і міжнароднага грамадства да месца масавай згубы ахвяраў палітычных рэпрэсій 1930-1940-х гадоў і звязаных з ім праблемаў. А дзяржаўныя органы спрабуюць вырашаць пытанні мемарыялізацыі Курапатаў камандавымі мэтадамі і маніпуляваць грамадскай думкай. 

Журы лічыць, што працяг конкурсу дазволіць яго ўдзельнікам удасканаліць зробленае, далучыць да ўдзелу ў творчым спаборніцтве новых творцаў. Таму журы абвясціла другі этап конкурсу з 19 красавіка па 1 лістапада 2017 году. Усе працы, пададзеныя на творчае спаборніцтва да 22 лютага — дня адкрыцця II выставы «Праўда пра Курапаты», залічваюцца для далейшага ўдзелу ў конкурсе.

Да завяршэння другога этапу журы не вызначае пераможцаў у намінацыях, але адзначае раней пададзеныя працы ў дзвюх катэгорыях: удзельнік і лаўрэат конкурсу. Узнагароджанне адбудзецца ў Мінску напрыканцы красавіка з уручэннем адмысловых дыпломаў і медалёў. Пасля абнародавання рашэння журы ўсе працы будуць апублікаваныя для грамадскага абмеркавання. Працы-лаўрэаты журы рэкамендуе лічыць прапановамі па мемарыялізацыі Курапатаў, усе працы — перадаць у фонды будучага Музею гісторыі Курапатаў. 

Удзельнікі пасяджэння звярнуліся з адкрытым зваротам да кіраўніцтва дзяржавы і беларускай грамадскасці.

Аўтары звароту нагадалі мінімум умоваў, які зрабіў бы магчымай супрацу грамадства з дзяржавай ва ўшанаванні памяці ахвяраў савецкіх бальшавіцкіх рэпрэсій на тэрыторыі Беларусі.

 Гаворка ідзе пра спыненне палітычнага пераследу, г.зн. вызваленне ўсіх грамадзянаў, затрыманых паводле палітычных абвінавачванняў; адкрыццё імёнаў курапацкіх ахвяраў; вяртанне ахоўнай зоны Курапатаў, дзе гэта фізычна магчыма, да праекту 2003 году; шырокі ўдзел грамадскасці і нашчадкаў ахвяраў рэпрэсій у конкурсе на найлепшы праект мемарыялізацыі Курапатаў.

Павінна быць ушанаваная памяць не палеглых у ХХ стагоддзі наагул, а менавіта бязвінных ахвяраў сталінскага рэжыму, расстраляных у Курапатах. Прынцыпы ж мемарыялізацыі, адзін з якіх — зберажэнне ўжо сфармаванага народнага мемарыялу, сфармуляваныя беларускай грамадскасцю яшчэ 25 сакавіка 2002-га і пацверджаныя 14 траўня 2016 года.


Каментаваць