Падтрымайце артыстаў перамогі: нескароны хор «Унія» і Алеся Дзянісава!

Беларускі фонд культурнай салідарнасці разам з Беларускім інстытутам Амерыкі абвяшчаюць збор сродкаў у падтрымку рэпрэсаваных беларускіх творцаў.



Камерны хор «Унія»

Унікальны мужчынскі камерны хор «Унія» быў створаны 30 гадоў таму выбітным хормайстрам, кампазітарам і педагогам Кiрылам Насаевым (1960–2018). Дзейнасць хору была адноўлена сёлета яго вучнем дырыжорам Паўлам Гонцам. Рэпертуар – манастырскія напевы XV-XVІІ стст., рэлігійныя i свецкія творы розных эпох, у тым лiку гiмны, апрацоўкi народных песень, духоўная музыка кампазiтараў XVІ-XХ стст. i сучасных аўтараў, а таксама патрыятычныя беларускія творы, сярод якіх «Ваяцкі марш» і «Пагоня».
 
За выступы каля філармоніі і ў Чырвоным касцёле на ўдзельнікаў хору пачалося паляванне. Саліста хора Дзяніса Іванова забралі проста з працы ў філармоніі і асудзілі на 15 сутак. Саліста Аляксандра Шыка затрымалі, калі ён прыйшоў на суд да сваёй жонкі (жонку аштрафавалі на 810 руб., яму далі 15 сутак), а пасля пагражалі забраць непаўнагадовага сына. Кіраўнік і дырыжор хора Павел Гонца быў выкліканы на допыт, пасля якога тры ночы правёў на Акрэсціна і быў аштрафаваны. Іншыя 17 удзельніаў «Уніі» зараз у цяжкім фінансавым стане. Некаторыя з іх звольненыя з працы і не маюць сродкаў да існавання. Іх нават пазбавілі магчымасці спяваць на праваслаўных літургіях.

Але «Унія» збіраецца працягваць сваю дзейнасць.

Падтрымаць удзельнікаў «Уніі» можна праз збор у Facebook альбо па спасылцы.

Алесь Дзянісаў


Музыка, паэт, кампазітар і журналіст Алеся Дзянісаў (гурты «КальЯн», «Dzieciuki» і «Людзі на балоце») 11 жніўня быў брутальна затрыманы невядомымі падчас паездкі на ровары, сур’ёзна траўмаваны, а пасля са здзекамі збіты АМАПам. У выніку музыка вымушаны быў праходзіць лячэнне ў аддзяленні ўралогіі ў больніцы хуткай дапамогі. Зараз актыўная дзейнасць Алеся Дзянісава пад забаронай.
 
У найбліжэйшых планах музыкі запіс сольнага альбома на словы Уладзіміра Караткевіча, працы над альбомам гурта «Людзі на балоце» на словы Дануты Бічэль ды Марыі Базылюк-Саснюк, а таксама праца над спектаклем «Рух» рэжысёра Васіля Калача, да якога Алесь піша музыку.

Падтрымаць нескаронага гарадзенца можна праз персанальны збор у Facebook альбо па спасылцы. 

budzma.by

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: