«Падышоў мужчына ў вопратцы рыбака». Як судзілі пенсіянерак, затрыманых на выхадзе з электрычкі

У панядзелак раніцай мінчук Максім Гулянкоў прачнуўся крыху раней, каб прыехаць у суд Партызанскага раёна Мінска да адкрыцця. З раніцы тут павінны былі разбіраць справу яго 66-гадовай мамы Галіны Георгіеўны. Жанчына — адна з пенсіянерак, якіх у пятніцу затрымалі на выхадзе з «заслаўскай» электрычкі. Для Галіны Георгіеўны гэта не першы адміністрацыйны пратакол, таму суда яна чакала на Акрэсціна.

Ілюстрацыйны здымак

Ілюстрацыйны здымак

У раскладзе працэс Галіны Георгіеўны прызначаны на 9.45, паведамляе TUT.BY. Справу вядзе Міхаіл Макарэвіч. У рэдакцыю перадалі запіс суда. На жанчыну, якая знаходзіцца на Акрэсціна і дае паказанні па скайпе, склалі два пратаколы. Першы — па ч.3. арт. 23.34 КаАП, другі — па арт. 23.4 КаАП.

— Як гэта? — здзівілася Галіна Георгіеўна, пачуўшы пра непадпарадкаванне. — Мяне ўзялі за руку, я адразу пайшла.

— Цяпер будзем разбірацца, — супакоіў яе суддзя.

— У мяне артроз, я трэція суткі сплю пад сталом на падлозе, — звярнула ўвагу на ўмовы ў камеры пенсіянерка і звярнулася да суддзі. — Гэта нармальна?

— Суд не адказвае за ваша ўтрыманне пад вартай, — растлумачыў Міхаіл Макарэвіч. — Але я вас пачуў.

— Дзякуй, — адказала Галіна Георгіеўна і паведаміла, што ў яе рак шчытавіцы, у 1992-м годзе яе прааперыравалі і яна знаходзіцца на ўліку ў анкадыспансеры. — Я шмат гадоў назіраюся, таму што ў мяне можа быць рэцыдыў.

У матэрыялах, якія зачытаў Міхаіл Макарэвіч, напісана: 26 лютага, знаходзячыся на пероне Мінск-Паўночны, Галіна Георгіеўна прымала актыўны ўдзел у пікетаванні, якое не было дазволена Мінгарвыканкамам. Падчас акцыі яна публічна выказвала свой пратэст па факце нязгоды з рашэннямі дзеючай улады, прыцягвала ўвагу мінакоў, жэстыкулявала. Пры затрыманні, працягнуў суддзя, жанчына аказала непадпарадкаванне законнаму патрабаванню службовай асобы: упіралася, паводзіла сябе задзірліва і прыцягвала ўвагу мінакоў.

Галіна Георгіеўна віну не прызнала і патлумачыла, што ў пятніцу вырашыла з'ездзіць на рынак у Ждановічы за джынсамі. Электрычкамі, працягнула яна, да гэтага не карысталася, таму папрасіла людзей растлумачыць, як і дзе ёй выходзіць, але ў выніку выйшла не там.

— [На пероне] да мяне падышоў мужчына ў вопратцы рыбака, у яго быў прадмет, якім дзіркі ў лёдзе круцяць, — апісала яна падзеі таго дня. — Ён узяў мяне за руку і спытаў: «Што вы тут робіце?» «Выйшла з цягніка», — адказала я. [ ... ] Ён узяў мяне за руку і кудысьці павёў. Я настолькі разгубілася, што нават не спытала ў яго дакументы. Мяне адвялі ў аўтобус. Я там была адна. І ён сказаў кіроўцу: «Вось табе, астатніх зараз прывядзём».

— Чаму міліцыянты затрымлівалі грамадзян, у тым ліку вас? — удакладніў суддзя.

— Я выйшла з цягніка перад закрыццём дзвярэй. Бачыла, што жанчыны (мабыць, пасажыры, якія таксама выйшлі з вагона. — заўв. рэд.) пайшлі ўніз да метро (побач знаходзіцца станцыя «Маладзёжная». — заўв. рэд.), а іх не пусцілі. Чаму? Я не ведаю, — патлумачыла Галіна Георгіеўна. — Аніводнай з гэтых жанчын я не ведаю. Можа быць, бачыліся на пенсіянерскіх маршах.

— А ў вагоне нічога не было? — пацікавіўся суддзя.

— Людзі прыйшлі, селі. Было ціха. Хтосьці кнігу адкрыў, чыталі. Потым цягнік спыніўся і пасажыры сталі выходзіць.

— А вы што рабілі, калі ехалі ў электрацягніку?

— Чытала аповесць Васіля Быкава пра тое, як людзі пакрыўдзіліся на багоў, — патлумачыла жанчына, а пазней дадала, што гэта яе трэцяе затрыманне. Першае здарылася, калі яна ішла на могілках, другое — калі Аляксандр Лукашэнка паведаміў, што прымуць новую Канстытуцыю і пройдуць новыя выбары. — І мы каля Камароўкі прайшліся і сказалі: «Ура!»

Сведкам па справе выступае ўчастковы Партызанскага РУУС пад выдуманым імем. На працэсе яго прадстаўляюць як Алега Жука. Ён сядзіць на суседнім з Галінай Георгіеўнай крэсле. Яго версія падзей 26 лютага выглядае так:

— Каля 10.45 на пероне электрычкі вакзала праходзіла несанкцыянаванае масавае мерапрыемства —пікетаванне [ ... ], — распавядае ён. — Грамадзяне, якія прымалі ўдзел у гэтым пікеце, некаторыя выкрыквалі лозунгі, хтосьці размахваў рукамі, склікалі мінакоў [...]. У сувязі з гэтым ім абвясцілі, што іх дзеянні незаконныя, і папрасілі разысціся. Грамадзяне адмаўляліся, у сувязі з чым пачалі адбывацца затрыманні.

— Што вы можаце сказаць у частцы непадпарадкавання? — удакладніў суддзя.

— Падышоўшы, прасіў яе прайсці ў РУУС для разбіральніцтваў. Грамадзянка пачала казаць, што яна нічога не рабіла, нікуды не пойдзе, пачала ўпірацца [ ... ], — растлумачыў участковы, адзначыўшы, што пасля гэтага да яго падышоў другі супрацоўнік, і яны адвялі пенсіянерку ў аўтобус.

— Ці вядома вам, што гэтыя грамадзяне рабілі ў салоне электрацягніка? — пацікавіўся ў яго суддзя.

— Была інфармацыя, але сцвярджаць не магу. Чуў, што грамадзяне, якія ехалі ў гэтай электрычцы, чыталі кнігі ( ... ) бел-чырвона-белых кветак ( ... ) накіраванасць супраць дзеючай улады, — неразборліва адзначыў участковы. — Вось гэтыя размовы ішлі. Але што менавіта і як адбывалася, дакладна не скажу.

— Вы асабіста заводзілі мяне ў аўтобус? — удакладніла ў міліцыянта Галіна Георгіеўна. — Вы і ёсць той «рыбак»?

— Ну так, — адказаў участковы.

— Як жа вам не сорамна? Як жа вы спаць будзеце? — эмацыйна адрэагавала на словы Алега Жука.

Паводле яе версіі, гэтага чалавека яна ўпершыню ўбачыла ў Партызанскім РУУС. У выніку жанчына хадайнічала, каб у працэсе паглядзелі відэа з камер назірання на пероне. «Дадзенае працэсуальнае дзеянне немэтазгодна», — адказаў суддзя.

— Значыць, вы верыце яму, што я супраціўлялася? — звярнулася да Міхаіла Макарэвіча жанчына.

— Супраціў вам не ставіцца, ставіцца непадпарадкаванне, — паправіў яе суддзя.

— Навошта непадпарадкаванне? Навошта падманваць, калі да мяне падышоў толькі адзін «рыбак» і адвёў у аўтобус. Навошта падманваць? Хіба так можна? — не хавала эмоцый Галіна Георгіеўна. — Вы ж разумееце, што гэтай справай, наадварот, настройваеце народ супраць сябе. Як Маркс сказаў: самае страшнае злачынства — гэта дазволеная смеласць. Атрымліваецца, яму ўсё дазволена, а мне нічога. Я нічога не зрабіла, я нават не выкрыквала. […].

Рашэнне па справе галіны Георгіеўны суд прыняў на месцы. 23.34 КаАП — 10 сутак, і столькі ж па 23.4 КаАП.

— Значыць, мне яшчэ сядзець 17 сутак? — перапытала яна суддзі.

— Лічыце з моманту, як вас затрымалі. Сёння трэція суткі, [значыць] амаль 17, — растлумачыў суддзя і пажадаў пенсіянерцы ўсяго добрага.

«Я там стаяла. Потым мне сказалі: «Прайдзіце са мной», — і ўзялі за руку»

Крыху пазней у раскладзе суда Партызанскага раёна Мінска сталі з'яўляцца справы іншых затрыманых у электрычцы жанчын. Тры з іх бліжэй да поўдня разглядала суддзя Наталля Дзядкова. Першая ў спісе — пенсіянерка Ірына Новік. Судзяць яе па ч.1 арт. 23.34. Запіс суда ў рэдакцыю перадалі валанцёры пазбаўленага рэгістрацыі праваабарончага цэнтра «Вясна».

У матэрыялах справы, якія зачытала суддзя, напісана амаль тое ж, што ў Галіны Георгіеўны. А менавіта: 26 лютага, знаходзячыся на пероне Мінск-Паўночны, Ірына Леанідаўна прымала актыўны ўдзел у пікетаванні, якое не было дазволена Мінгарвыканкамам. Падчас акцыі яна публічна выказвала свой пратэст па факце нязгоды з рашэннямі дзеючай улады, жэстыкулявала. З гэтымі аргументамі жанчына не пагадзілася.

Пенсіянерка не адмаўляла, што 26 лютага сапраўды знаходзілася ва ўказаным месцы ва ўказаны час. Паводле яе слоў, у гэты дзень яна вырашыла з'ездзіць за лекамі. Дадому вярталася на электрычцы. Села на вакзале, выйшла на станцыі Мінск-Паўночны. На пытанне, чаму выбрала менавіта гэты транспарт, адказала: «Мне вельмі зручна».

— Як вы былі затрыманыя? — спытала ў яе суддзя.

— Я выйшла з электрычкі. Там стаялі мужчыны, яны сказалі стаяць, я стаяла, — патлумачыла Ірына Леанідаўна. — Потым у канцы платформы камусьці стала дрэнна. Я прапанавала, давайце падыдзем. Са мной [пайшоў] малады чалавек (пазней жанчына ўдакладніла, што, магчыма, гэта быў супрацоўнік праваахоўных органаў. — заўв. рэд.), мы дапамаглі жанчыне сесці на скрыню з-пад пяску або чагосьці іншага. І я там стаяла. Потым мне сказалі: «Прайдзіце са мной», — і ўзялі за руку. [...] І я села ў аўтамабіль.

Сведка па справе — усё той жа участковы Алег Жук. Паводле яго слоў, 26 лютага на пероне Мінск-Паўночны была заўважаная група грамадзян, якія ўдзельнічалі ў пікетаванні. Грамадзяне «выказвалі крытычны настрой супраць дзеючай улады», жэстыкулявалі, звалі іншых людзей на акцыю.

— Грамадзянам неаднаразова было прапанавана разысціся, аднак яны гэтага не зрабілі. У сувязі з чым пачалі адбывацца затрыманні дадзенай групы грамадзян, — паведаміў участковы.

Рашэнне па справе Ірыны Новік суд таксама вынес на месцы: штраф 30 базавых (870 рублёў). Паводле звестак праваабаронцаў, у панядзелак такія ж штрафы атрымалі яшчэ пяць жанчын-пасажырак той электрычкі. Акрамя таго, у дзень затрымання на 25 базавых (725 рублёў) аштрафавалі 75-гадовую Наталлю Іванісаву.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: