Паэтычны вечар у Купалаўскім тэатры. Bosch адсвяткавала 135-годдзе Янкі Купалы

Кампанія Bosch і Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Я. Купалы арганізавалі паэтычны вечар у гонар дня нараджэння Янкі Купалы. А таксама ў ліпені «Бош Аўта Сервіс» рэалізуе для сваіх кліентаў адмысловы праект, прысвечаны юбілею паэта.

6 ліпеня, вечарам напярэдадні традыцыйнага свята Купалле, кампанія Bosch і Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Я. Купалы запрасілі журналістаў на спецыяльнае мерапрыемства, прысвечанае 135-годдзю з дня нараджэння вялікага беларускага паэта і драматурга Янкі Купалы. У выкананні вядомых акцёраў тэатра прагучалі абраныя творы з яго багатай літаратурнай спадчыны.

 «Так цікава распарадзілася гісторыя, што чалавеку, які нарадзіўся ў свята, прысвечанае свяцілу нябеснаму, наканавана было самому зрабіцца свяцілам літаратурным, адной са знакавых фігур беларускай нацыянальнай культуры. 135-гадовы юбілей Янкі Купалы — адна з галоўных падзей гэтага года для Беларусі, і Bosch як кампанія, якая працуе ў гэтай краіне, не магла застацца убаку. Тым больш, што уласнае 135-годдзе кампанія мае адзначыць усяго праз чатыры гады, так што з класікам беларускай літаратуры яна амаль аднагодкі», — адзначыў Дзмітрый Скакун, эксперт па развіцці сервісных канцэпцый Бош Сервіс.

 Кампанія Bosch з павагай і пашанай ставіцца як да ўласнай гісторыі і дасягненняў, так і да гісторый і дасягненням кожнай краіны, у якой вядзе сваю дзейнасць. Таму і 135-гадовы юбілей Янкі Купалы беларускі офіс Bosch вырашыў адзначыць адмысловым чынам.

 Паэтычны вечар у Купалаўскім тэатры — не адзіная ініцыятыва кампаніі, прысвечаная юбілею з дня нараджэння Янкі Купалы. Праект атрымае свой працяг у нечаканым фармаце: пачынаючы з 7 ліпеня пры звароце на тэлефонную лінію «Бош Аўта Сервіс» па бясплатным нумары 8 044 5 806 806 усе кліенты ў якасці дадатковай опцыі будуць мець магчымасць праслухаць вершы вядомага паэта ў запісе.

Сваю дапамогу ў рэалізацыі гэтай ідэі кампаніі Bosch аказаў Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Я. Купалы: запісаныя для кліентаў «Бош Аўта Сервіс» вершаваныя радкі прагучаць у выкананні тых жа акцёраў, якія прымалі ўдзел у чытаннях, прысвечаных юбілею паэта: Алены Сідаравай, Алеся Маўчанава, Андрэя Саўчанкі, Валянціны Гарцуевай, Дзіяны Камінскай, Дзмітрыя Тумаса, Зоі Белахвосцік, Міхаіла Зуя, Паўла Харланчука, Рамана Падалякі, Святланы Анікей.


 «Прыемна, што сённяшняя падзея будзе мець працяг, і дзякуючы ініцыятыве кампаніі Bosch вершы Янкі Купалы будуць гучаць не толькі ў сценах Нацыянальнага акадэмічнага тэатра, а таксама іх атрымае магчымасць пачуць, ацаніць і палюбіць больш шырокая аўдыторыя», — адзначыў акцёр і вядучы паэтычнага вечара Раман Падаляка.

Спецпраект у гонар 135-годдзя Янкі Купалы для кліентаў «Бош Аўта Сервіс» будзе ажыццяўляцца на працягу ўсяго ліпеня.


Паводле прэс-службы кампаніі Bosch


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!