«Пагражалі згвалціць, памачыцца на яго, сказалі, што завязуць у гестапа або ў лес»

"Медыязоне" сталі вядомыя падрабязнасці затрымання анархіста, блогера і журналіста Мікалая Дзядка. Пра гэта распавёў чалавек, з якім Міколу ўдалося пагаварыць у ізалятары на Акрэсціна.


Нагадаем, 12 лістапада МУС адчыталася аб затрыманні блогера-анархіста Мікалая Дзядка. Тады прэс-служба ведамства сцвярджала, што затрыманы «актыўна супрацоўнічае са следчымі органамі і дае прызнальныя паказанні». Пры гэтым на запісы, апублікаваным разам з міліцэйскім прэс-рэлізам, відаць, што Дзядок моцна збіты. Цяпер яго абвінавачваюць у арганізацыі дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак (артыкул 342 КК).

Крыніца, якая пажадала застацца ананімнай па меркаваннях бяспекі, распавяла "Медыязоне", што, па словах Мікалая Дзядка, сілавікі прыйшлі ў яго здымную кватэру ў пасёлку Сасновы каля 23:00 11 лістапада. "Разбілі акно і ўварваліся сем чалавек СОБР і АМАП".

"Адразу [яго] пачалі біць, каб даў пароль ад уваходу ў сістэму, потым пачалі душыць падушкай. Калі [ён] стаў задыхацца, даў пароль. Потым [яго] доўга білі, пакуль не ўспомніў пароль ад Тэлеграма", — кажа крыніца.

Пасля нейкі час Дзядок ляжаў на падлозе — сілавікі не давалі яму падняць галаву, але блогер запомніў, што яны хадзілі па кватэры. Неўзабаве яны прывялі панятых — суседзяў і правялі ператрус у кватэры. "[Яму] адразу сказалі, каб пры панятых ні слова не казаў", — перадае суразмоўца "Медыязоны".

"Падчас ператрусу з нішы з інструментамі дасталі тры бутэлькі, якіх [у кватэры] не было, ад іх быў вельмі моцны пах бензіну. Але бутэлькі былі загорнутыя ў ручнік, які ён выкарыстаў на кухні", — успамінаў Дзядок у размове з крыніцай.

Аб тым, што Мікалая Дзядка пры затрыманні збілі, распавядала з яго слоў адвакат Наталля Мацкевіч. Абаронца заявіла хадайніцтва аб правядзенні судова-медыцынскай экспертызы.

"Магу сказаць, што ў мяне было некалькі кліентаў, якія беглі з Чачні пасля прымянення да іх катаванняў і былі затрыманыя ў Беларусі для высылкі. Але я ніколі не думала, што пачую, як падобныя гісторыі будуць адбывацца ў нашай краіне", — казала Мацкевіч, не ўдакладняючы дэталяў затрымання свайго даверніка.
Скончыўшы ператрус, сілавікі сказалі Дзядку, што цяпер будуць запісваць відэа. Яго запіхалі ў каморку і пусцілі туды слёзатачывы газ. «Затым вывелі на вуліцу і пярцовым газам залілі ў твар, проста ў вочы. Сказалі, што калі не скажа на відэа, не дадуць памыцца. Завялі ў дом, і пакуль не знялі відэа, памыцца не далі", — пераказвае суразмоўца "Медыязоны" словы Міколы.

"Увесь час пагражалі згвалціць, памачыцца на яго, сказалі, што завязуць у гестапа або ў лес".

Каля паловы першай ночы Дзядка пасадзілі ў мікрааўтобус і адвезлі ў Мінск, у Галоўнае ўпраўленне па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй (ГУБАЗіК) МУС. Мікола распавядаў суразмоўцу "Медыязоны", што там яго паклалі тварам у падлогу, і ў такім становішчы ён правёў чатыры гадзіны.

"[Ад яго] патрабавалі пароль ад VeraCrypt, ад цвёрдага дыска, патрабавалі сказаць, хто адміны каналаў, асабліва [анархісцкіх] "Прамень" і АЧК. Калі маўчаў, білі дубінкамі па спіне і нагамі", — прыводзіць крыніца апавяданне Дзядка.

Яму пагражалі згвалтаваннем дубінкай, білі па руках, па пятках — электрашокерам; калі ён падымаў галаву, на яе наступалі нагой — так працягвалася да пяці раніцы.

"Бралі бутэлькі, якія нібыта знайшлі ў кватэры, і засоўвалі рыльца ў рот, прымушалі на іх пляваць, потым расціралі. Далі падпісаць нейкія паперы", — казаў Дзядок суразмоўцу "Медыязоны".

Пасля сілавікі запатрабавалі, каб Мікола зноў прамовіў на камеру напісаны імі тэкст — "сказалі, што калі скажа нешта не так, то будуць біць. Калі скажа яшчэ нешта пра ГУБАЗіК, то забяруць з ІЧУ і зноў будуць біць, і яшчэ мацней".

Хто здзекаваўся з Дзядка, сам ён, па словах крыніцы, не ведае — удзельнікі затрымання і ператрусу не прадстаўляліся і былі ў масках. Яны "паабяцалі", што затрыманы атрымае "сем-дзевяць гадоў", а калі нешта раскажа "пра іх", то "на зоне яго загоняць у "петушатню" і заб'юць».

У ІЧУ на Акрэсціна Дзядка даставілі каля пяці раніцы 12 лістапада. Цяпер Мікалай Дзядок знаходзіцца ў СІЗА №1.

Бацька Мікалая падаў у Следчы камітэт заяву аб узбуджэнні крымінальнай справы па факце збіцця сына. Аляксандр Дзядок патрабуе прыцягнення да адказнасці ўсіх, хто «ажыццяўляў незаконнае затрыманне Мікалая, збіваючы яго і ўжываючы да яго катаванні, як у кватэры, так і ў будынку ГУБАЗіКа, прымушаючы яго гаварыць на камеру прызнальныя паказанні пад сцягам».

Адрас для ліставанняў: СІЗА-1, вул. Валадарскага 2, Мінск, 220030, Дзядку Мікалаю Аляксандравічу.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: