Пакаранне паводле наркатычнага артыкулу № 328 будзе мягчэйшае

Мінімальнае пакаранне знізяць на два гады паводле ч. 2 і 3 арт. № 328 Крымінальнага кодэксу. Пра гэта паведамляе Белсат
Калі паводле ч. 2 было ад 5 гадоў, то будзе ад 3 гадоў. Калі па ч.3 было ад 8 гадоў, то будзе ад 6 гадоў.

Такую заяву 20 верасня ў Менску зрабіў прадстаўнік Генеральнай пракуратуры.

Змены ў законапраект шэрагу артыкулаў Крымінальнага кодэкса, якія прадугледжваюць адказнасць за нарказлачынствы, прынялі ў першым чытанні.

«Гэта дае магчымасць выбарча падыходзіць да пакарання ў залежнасці ад цяжару злачынства і ад асобы абвінавачанага», — заявіў начальнік упраўлення па наглядзе за выкананнем законаў у дзейнасці органаў дазнання Генеральнай пракуратуры Салаўдзі Магамадаў.

У найбліжэйшы час законапраект разгледзіць парламент. Прадстаўнік Генпракуратуры ўдакладніў, што пакуль не плануецца змяняць пакаранне паводле ч. 1 арт. 328, але «ўсё наперадзе».

У снежні 2014 года Аляксандр Лукашэнка падпісаў так званы «антынаркатычны дэкрэт», які прадугледжвае больш жорсткае пакаранне за злачынствы, звязаныя з наркотыкамі. Улады сцвярджаюць, што дзякуючы дэкрэту Лукашэнкі ў Беларусі стала менш злачынстваў, звязаных з незаконным зваротам наркотыкаў.

Між тым сваякі асуджаных і эксперты лічаць, што адбываецца паказальная барацьба з наркотыкамі, але пад ударам апынуліся не наркагандляры, а пераважна тыя, хто ўжываў лёгкія наркотыкі ў малых дозах. Шмат каго з іх адмыслова падстаўлялі.

Маці асуджаных паводле «наркатычных» артыкулаў дамагаюцца зніжэння тэрмінаў пакарання і пераразгляду справаў. У Калінкавічах і Пухавіцкім раёне актывісткі руху «Маці-328» галадалі 14 дзён – з 27 красавіка па 11 траўня. Яны двойчы хадзілі ў Адміністрацыю прэзідэнта і на 14-ы дзень спынілі галадоўку, атрымаўшы ад чыноўнікаў абяцанне, што законапраект аб змякчэнні пакарання «за наркотыкі» будзе хутка перададзены на разгляд дэпутатам. У сустрэчы з Лукашэнкам жанчынам адмовілі.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!