«Пакед, пакет!» – экаторба па кошце звычайнага пакета

Быць экапрыязным цяпер больш выгадна, чым згаджацца на пластык: набор «Пакед, пакет!» з пяці стыльных шопераў з матэрыі каштуе ўсяго 1 рубель. Такім чынам «Мэта, 99» і «Аператар другасных матэрыяльных рэсурсаў» матывуюць беларусаў скараціць колькасць шкодных адходаў. 

Больш за 3000 экаторбачак сёння паступілі ў продаж на краўдфандынгавай пляцоўцы ulej.by.

Кожны набор складаецца з пяці розных мадэляў: аб'ёмны мяшок для сямейных паходаў па прадукты, клатч для дробных рэчаў, прадаўгаватая сумка для шкляной бутэлькі, квадратная і прамавугольная торба сярэдніх памераў.

«У многіх людзей паход у краму непазбежна заканчваецца купляй новага пластыкавага пакета. Яго потым выкарыстоўваюць яшчэ раз ці два, пасля чаго мяшок адпраўляецца ў сметніцу. Толькі ўявіце: практычна кожны беларус выкідвае каля 400 пакетаў у год! Наша сумесная акцыя з ulej.by, як і ўсе астатнія ў межах кампаніі «Пакед, пакет!», накіравана на тое, каб кожны беларус скараціў колькасць пластыкавых адходаў і выкарыстоўваў хаця б на адзін пакет менш», – каментуе дырэктар «Аператара другасных матэрыяльных рэсурсаў» Наталля Грынцэвіч.

Усе сабраныя сродкі з продажу набораў пойдуць на аплату навучання ў моладзевым экалагічным цэнтры «Экастарт»: 10 ініцыятыўных маладых беларусаў змогуць бясплатна прайсці курс пра экалогію і пасля рэалізаваць свой эка-праект.

– Мы заўсёды кажам, што «Вулей» – гэта, у першую чаргу, аб праектах і людзях, якія робяць свет вакол сябе лепш, – кажа Аліна Лісаковіч, дырэктар па развіцці краўдфандынгавай пляцоўкі «Вулей». – За чатыры гады працы нашай пляцоўкі больш за 270 праектаў завяршыліся паспяхова. Гэта значыць, што больш за 270 ідэй у розных сферах знайшлі падтрымку і змянілі свет да лепшага. «Пакед, пакет» – якраз той праект, які дапамагае кожнаму стаць часткай важных сусветных змен без асаблівых высілкаў: проста адмовіцца ад лішняга пластыкавага пакета і замяніць яго шоперам.

Ініцыятары праекта ўжо правялі чатыры экскурсіі на смеццесартавальны завод і на смеццевы палігон. У дадатак да экскурсій, топавыя беларускія дызайнеры стварылі спецыяльную калекцыю авосек і правялі модны паказ ля палігона. Таксама ў сталіцы з'явіліся білборды, якія заклікаюць беларусаў сказаць цвёрдае: «Пакед, пакет!».

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: