Пакіньце адукацыю педагогам!

Замест таго, каб даць настаўнікам свабоду дзеянняў, ім зноў загадваюць, што і як рабіць.

Фота Getty images


Калі ў беларускіх чыноўнікаў няма добрых навінаў, яны пачынаюць нешта ахайваць — вельмі просты спосаб паказаць, што ты ўсё трымаеш пад кантролем, і наогул, як табе цяжка працаваць з падначаленымі — лайдакамі ды абібокамі.

Гэтымі днямі шчаслівы квіток быць публічна раскрытыкаванай выпаў нашай шматпакутнай, рэфармаванай-недарэфармаванай сістэме адукацыі. Аляксандр Лукашэнка абурыўся школьнымі праграмамі — маўляў, занадта складаныя, раней мы такое вывучалі ўжо ва ўніверсітэтах. Запатрабаваў прывесці праграмы ў «нармальны выгляд», і нават прыгразіў міністру адукацыі адстаўкай.

Нешта ў гэтым ёсць — на дрэнна складзеныя праграмы скардзяцца і педагогі, і самі навучэнцы. Аднак наракаюць не на складанасць прадметаў, а на тое, што ў праграмах шмат неактуальнага ды залішняга, мала тэмаў, якія раскрываюцца глыбока ды цікава.

Усе папярэднія спробы «ўрэзаць» праграмы прыводзілі да таго, што той жа аб’ём інфармацыі спрабавалі ўпіхнуць у меншую колькасць гадзін — адпаведна, усё бягом і па вярхах. І добра, калі таленавітыя настаўнікі змогуць раскрыць тэму і ў такіх умовах, а калі каму з педагогам не вельмі пашчасціла…

Дый наогул, мала якія навучальныя праграмы пісаліся на беларускай глебе, большасць цяперашніх праграм — гэта перапрацаваныя савецкія ці скапіраваныя расійскія аналагі. А як жа ўласныя напрацоўкі? Толькі не кажыце, што ў краіне, дзе яшчэ 450 гадоў таму быў заснаваны Полацкі езуіцкі калегіюм, адсутнічае ўласны адукацыйны падмурак.

Займальна і тое, як Аляксандр Лукашэнка ўспрымае рэчаіснасць: «Няўжо жыццё так паскорылася?» Уявіце сабе, паскорылася! Яшчэ трыццаць гадоў таму мабільны тэлефон у Беларусі мог існаваць толькі як прылада з навуковай фантастыкі, а сёння любы трохгадовы малец можа спампаваць гульню на бацькоўскі планшэт.

Мажліва, сучасныя тэмпы жыцця некаторым людзям цяжка асэнсаваць (асабліва калі яны, паводле іх уласнага прызнання, да камп’ютара нават не падыходзяць), але чаго тады лезці ў адукацыю? Жыццё паскорылася — і нам трэба паскарацца, іначай рызыкуем застацца сярод апошніх. Лепш за ўсё гэта разумеюць самі навучэнцы — колькасць цэнтраў нефармальнай адукацыі ўвесь час расце. І гэта не толькі моўныя курсы ды IT, гэта і заняткі па архітэктуры, па мастацтве, па дакладных навуках ды іншае. Бацькі спрабуюць за ўласныя грошы даць дзецям тыя веды, якіх яны недабралі ў школе. Ці, прынамсі, зацікавіць дзяцей, даць ім магчымасць зірнуць на свет шырэй, чым тое выкладаецца на звычайна нелюбімых шкалярамі ўроках біялогіі, хіміі, фізікі.

Тым, у каго няма дзяцей-школьнікаў, часам цяжка ўявіць, наколькі састарэлі некаторыя праграмы. Днямі журналістка Ірына Чарняўка выклала ў сеціва тэксты са зборніка дыктовак, які сказалі набыць у школе яе пляменніку. Дыктоўкі ўсе як на падбор! Напрыклад, урывак з дыктоўкі 2 класа: «Усёй сям’ёй мы працуем у калгасе. Для нашай сям’і калгаснікі пабудавалі новы дом». Цікава, ці шмат хто з сучасных другакласнікаў наогул ведае, што такое калгас?

Асобная праблема — аўтары праграм. З аднаго боку, многія з іх ужо ў паважаным узросце і не могуць развітацца з савецкім мінулым ды пісаць актуальныя рэчы. З іншага — маладыя аўтары таксама не заўжды маюць дастатковую кваліфікацыю (узгадаем ганебна нізкія прахадныя балы ў педуніверсітэты), дый самі выгадаваліся на няякасных праграмах і плагіяце.

Патрэбныя адкрытыя конкурсы, каб пазмагацца за права ўдзельнічаць у напісанні праграм маглі ўсе жадаючыя, каб праявіць свой талент мог любы педагог. Мажліва, калі сярод аўтараў праграмы будуць зацікаўленыя практыкуючыя настаўнікі, якія штодня працуюць са школьнікамі і бачаць зваротную рэакцыю, а не толькі тэарэтыкі ды тыя, хто патрапіў на «цёпленькае месца» выпадкова, праграмы і прыйдуць у «нармальны выгляд».

У любым выпадку, вырашаць праблемы адукацыі павінны дасведчаныя людзі, спецыялісты ў гэтай галіне, а не чыноўнікі. Патрэбная грандыёзная праца педагагічнай супольнасці, якой дзяржава будзе дапамагаць, а не замінаць, баламуцячы ваду то пераносам навучальнага часу, то ліквідацыяй гімназічных класаў, то яшчэ чым. Але гэта адбудзецца толькі, калі чыноўнікі рэальна захочуць альбо пад ціскам грамадскасці будуць вымушаныя заняцца сістэмай адукацыі.

Калі ж асноўная мэта — паказаць выбарцам, што ўсё пад кантролем, тады дастаткова і проста памахаць пальчыкам міністру Карпенку.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!