Палата прадстаўнікоў ухваліла «антыэкстрэмісцкія» змены. За што будуць караць

Палата прадстаўнікоў прыняла ў другім чытанні законапраект «Аб змяненні кодэксаў у пытаннях крымінальнай адказнасці». Абноўленыя нормы дэпутаты ўхвалілі аднагалосна, паведамляе «Свабода».

З пераліку новых «злачынстваў», які апублікаваны на сайце Палата прадстаўнікоў, бачна, што многія з іх тычацца выказвання меркаванняў і арганізацыі акцый пратэсту.

У прыватнасці, прапануецца ўвесці крымінальную адказнасць:

·        за наўмыснае прадастаўленне інфармацыі аб прыватным жыцці і пэрсанальных даных іншай асобы без яе згоды;

·        у дачыненні да ўладальніка інтэрнэт-рэсурса, не зарэгістраванага ў якасці сеткавага выдання, за распаўсюд забароненай інфармацыі цягам года пасля накладання адміністрацыйнага спагнання за такое ж парушэнне;

·        удзел у экстрэмісцкім фармаванні і садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці;

·        парушэнне парадку арганізацыі і правядзення масавых мерапрыемстваў асобай, якая на працягу года пасля накладання двух адміністрацыйных спагнанняў зноў парушыла закон;

·        невыкананне рашэння аб прызнанні арганізацыі экстрэмісцкай і аб прыпыненні яе дзейнасці;

·        кіраванне транспартным сродкам асобай, якая не мае права кіравання, паўторна цягам году пасля накладання адміністрацыйнага спагнання;

·        падатковае махлярства.

Праектам закона гэтаксама прапануецца ўзмацніць крымінальную адказнасць:

·        за паклёп, заклікі да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы;

·        наўмысныя несанкцыянаванае капіраванне, перахоп кампутарнай інфармацыі або іншае неправамернае авалоданне звесткамі;

·        супраціў супрацоўніку органаў унутраных спраў або іншай асобе пры выкананні імі абавязкаў па ахове грамадскага парадку;

·        гвалт або пагрозу гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў ці яго блізкіх з мэтай перашкодзіць яго законнай дзейнасці;

·        гвалт, знішчэнне і пашкоджанне маёмасці ў дачыненні да службовай асобы і яе блізкіх — супрацоўніка праваахоўных органаў, суддзі, народнага засядацеля.

Пад крымінальны пераслед таксама можна патрапіць за шэраг іншых правапарушэнняў:

·        абраза прадстаўніка ўлады ў сувязі з выкананнем ім службовых абавязкаў

·        публічныя заклікі да арганізацыі або правядзення сходу, мітынгу, вулічнага шэсця, дэманстрацыі, пікетавання альбо ўцягванне ва ўдзел у такіх масавых мерапрыемствах, калі іх правядзенне пацягнула па неасцярожнасці гібель людзей

·        прычыненне цяжкага цялеснага пашкоджання асобе або прычыненне шкоды ў буйным памеры

·        здзек з дзяржаўных сімвалаў

·        дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь

·        наўмыснае блакаванне транспартных камунікацый

·        ухіленне ад выплаты падаткаў, збораў, што пацягнула шкоду ў буйным памеры.

З улікам прыняцця закону аб недапушчэнні рэабілітацыі нацызму законапраект дапоўнены палажэннямі пра замацаванне крымінальнай адказнасці ў асобным артыкуле Крымінальнага кодэкса, а таксама аб увядзенні крымінальнай адказнасці за прапаганду або публічнае дэманстраванне, выраб, распаўсюд нацысцкай сімволікі або атрыбутыкі, учыненыя неаднаразова.

Акрамя таго, праектам закона прапануецца заканадаўча вызначыць, што адзін дзень утрымання пад вартай адпавядае двум днях пакарання ў выглядзе пазбаўлення волі асобы, якая ўчынiла злачынства ва ўзросце да 18 гадоў.

 

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: