Палата прадстаўнікоў ухваліла змены ў дэкрэт «аб дармаедах»

Большасць дэпутатаў падтрымала дэкрэт, супраць прагаласавалі два чалавекі — Ганна Канапацкая і Алена Анісім.


Фота Уладзіслава Рубанава

Фота Уладзіслава Рубанава

Палата прадстаўнiкоў 17 мая ўхваліла дэкрэт № 1 ад 25 студзеня 2018 года "Аб змяненні дэкрэта прэзідэнта", паведамляе belapan.by.

Пасля пратэстаў, якія пракаціліся па краіне ў лютым-сакавіку 2017 году супраць дэкрэта прэзідэнта ад 2 красавіка 2015 года № 3 "Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства" (так званы дэкрэт пра дармаедаў), дакумент быў адкарэктаваны, але не адменены. 25 студзеня 2018 года Аляксандр Лукашэнка падпісаў дэкрэт №1 "Аб спрыянні занятасці насельніцтва". З мэтай яго развіцця ўрад 30 сакавіка прыняў дзве пастановы: №239 "Пра зацвярджэнне палажэння аб парадку аднясення працаздольных грамадзян да незанятых у эканоміцы, фарміравання і вядзення базы дадзеных працаздольных грамадзян, не занятых у эканоміцы, уключаючы ўзаемадзеянне з гэтай мэтай дзяржаўных органаў і арганізацый", а таксама №240 "Пра зацвярджэнне прыкладнага палажэння аб пастаянна дзейнай камісіі па каардынацыі работы па спрыянні занятасці насельніцтва".

Прадстаўляючы 17 мая дэкрэт у парламенце, міністр працы і сацыяльнай абароны Ірына Касцевіч адзначыла, што забеспячэнне занятасці і самазанятасці грамадзян з’яўляецца адным з прыярытэтаў у дзейнасці дзяржавы. У той жа час тыя, хто не хоча працаваць легальна, адзначыла яна, "хай не спадзяюцца на дапамогу дзяржавы".

Так, пералік паслуг, якія такім грамадзянам давядзецца аплачваць па поўных тарыфах, ужо вызначаны. Гэта гарачае водазабеспячэнне, газавае і цеплазабеспячэнне. Крытэрыі аднясення працаздольных грамадзян да не занятых у эканоміцы таксама ўжо вызначаны. Да 1 лістапада база такіх асобаў будзе сфарміравана, а затым будзе абнаўляцца, паведаміла Касцевіч. Міністр таксама адзначыла, што эфект ад мер дзяржавы па стымуляванні працоўнай занятасці і падтрымка прадпрымальніцкай ініцыятывы ўжо бачныя. Так, адзначыла яна, адпаведныя паказчыкі ў першым квартале гэтага года былі выкананыя ўсімі рэгіёнамі.

Большасць дэпутатаў падтрымала дэкрэт, супраць прагаласавалі два чалавекі — Ганна Канапацкая і Алена Анісім. Ганна Канапацкая заявіла, што дакумент "мае недахопы, у прыватнасці, не адпавядае Канстытуцыі і міжнароднаму заканадаўству”. Паводле яе слоў, само паняцце "не занятыя ў эканоміцы” — "злёгку ілжывае, бо няма яго азначэння”. Такія грамадзяне, лічыць Канапацкая, усё роўна ўдзельнічаюць у эканоміцы, напрыклад, пры набыцці тавараў. Права на свабодную працу, падкрэсліла яна, з’яўляецца натуральным правам грамадзян. "Незанятасць не можа быць падставай для прыцягнення да якой-небудзь адказнасці”, — сказала дэпутат, прапанаваўшы адмяніць дакумент, бо яго рэалізацыя можа прывесці да новых пратэстаў на вуліцах. У поўнай меры дэкрэт запрацуе 1 студзеня 2019 года.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!