Палата прадстаўнікоў: Змены ў заканадаўства аб масавых мерапрыемствах не патрабуюцца

Нацыянальны сход Палаты прадстаўнікоў адказаў на зварот праваабарончай супольнасці Беларусі, у якім праваабаронцы прапаноўвалі ўнесці карэкціроўкі ў закон «Аб масавых мерапрыемствах».
Фота Алены Ляшкевіч

Фота Алены Ляшкевіч

Пасля таго, як арганізатары «Чарнобыльскага шляха» адмовіліся ад правядзення традыцыйнага шэсця з-за немагчымасці аплаты выдаткаў, якія склалі 5737 беларускіх рублёў, шэраг праваабрончых арганізацый выступілі з заявай, у якой выказалі рэзкую крытыку ў дачынні да прынятай Саветам Міністраў Пастановы № 49. Яны лічаць, што ў краіне сітуацыя з рэалізацыяй свабоды мірных сходаў грамадзянамі пагоршылася яшчэ больш, паколькі памеры выдаткаў на іх правядзенне, прадугледжаныя заканадаўствам, уяўляюць сур’ёзную перашкоду ў рэалізацыі гарантаваных канстытуцыйных свабодаў.

Праваабаронцы накіравалі адпаведныя прапановы дэпутатам Палаты прадстаўнікоў, Савету Міністраў і ўладам краіны, дзе прапанавалі ўнесці змены ў Закон «Аб масавых мерапрыемствах», адмяніць Пастанову №49, гарантаваць грамадзянам краіны магчымасць ажыцяўлення імі свабоды мірных сходаў і выказвання свайго меркавання.

У сваім адказе на імя юрыста ПЦ «Вясна» Валянціна Стэфановіча Пастаянная камісія Палаты прадстаўнікоў па правах чалавека, нацыянальных адносінах і сродках масавай інфармацыі адзначае, што згодна з арт. 5 Закона, у заяве аб правядзенні масавага мерапрыемства арганізатарамі ўказваюцца ў тым ліку меры па забеспячэнні грамадскага парадку і бяспекі пры правядзенні масавага мерапрыемства і меры, звязаныя з медыцынскім абслугоўваннем, уборкай тэрыторыі пасля правядзення на ёй массавага мерапрыемства. На думку прадстаўнікоў улады, такі заканадаўчы падыход накіраваны на ўдакладненне прававой рэгламентацыі парадку арганізацыі і правядзення масавых мерапрыемстваў і адпавядае арт. 35 Канстытуцыі.

А ў мэтах устанаўлення аднастайнага падыходу да рэгулявання пры правядзенні масавага мерапрыемства пытанняў забеспячэння аховы грамадскага парадку, медыцынскага абслугоўвання, уборкі тэрыторыі Законам ад 17 ліпеня 2018 года №125-З прадугледжана, што парадак аплаты адпаведных паслуг вызначаецца Саветам Міністраў, а не мясцовымі выканаўчымі і распарадчымі органамі, як было да гэтага.

«Адзначаем, што практыка аплаты такіх паслуг існуе ў іншых краінах, у тым ліку ў дзяржавах – членах АБСЕ», — падкрэслівае ў адказе старшыня Пастаяннай камісіі Валянціна Ражанец.

Таксама парламентарыі ўпэўненыя, што патрабаванні арт. 5 Закона не скажаюць сутнасці канстытуцыйных правоў і свабод, не вядуць да страты іх рэальнага зместу, таму што прымяняюцца толькі ва ўстаноўленых Законам выпадках і з’яўляюцца суразмернымі абараняемым грамадскім і дзяржаўным інтарэсам, правам і свабодам асобы.

«У сувязі з гэтым лічым, што ўнясенне змяненняў у заканадаўства аб масавых мерапрыемствах не патрабуецца. Разам з тым выкладзеная Вамі інфармацыя будзе выкарыстоўвацца Камісіяй у далейшай дзейнасці па маніторынгу і ўдасканальванні названага заканадаўства», — адзначаецца ў адказе.

Аднак праваабаронцы па-ранейшаму лічаць, што ўсе выдаткі на працу міліцыі, хуткай дапамогі, на паслугі па прыборцы тэрыторый мусяць пакрывацца за кошт бюджэта, а не брацца з кішэні арганізатараў.

Гэта замацавана і ў артыкуле 27 Кіруючых прынцыпаў па свабодзе мірных сходаў АБСЕ:

«Дзяржаве варта ўзяць на сябе ўсе выдаткі, звязаныя з забеспячэннем дастатковага ўзроўню бяспекі (уключаючы кіраванне транспартнымі патокамі і вялікай колькасцю людзей).

Дзяржава не павінна спаганяць якія-небудзь дадатковыя грашовыя зборы за забеспячэнне належнага парадку сіламі праваахоўных органаў. Акрамя таго, ад арганізатараў некамерцыйных публічных сходаў не варта патрабаваць страхавання грамадзянскай адказнасці за сваё мерапрыемства. Выдаткі на страхаванне могуць стаць сур'ёзным стрымліваючым фактарам для тых, хто жадае скарыстацца сваім правам на свабоду сходаў, а для многіх арганізатараў — перашкодай для правядзення сходу.

Гэтак жа сама, адказнасць за ўборку тэрыторыі пасля правядзення сходу звычайна павінна ляжаць на муніцыпальных органах улады. Ад арганізатараў сходу не варта патрабаваць кампенсацыі неадпаведных або празмерных выдаткаў на ўборку. Асабліва гэта тычыцца сходаў, якія праводзяцца на грамадскія сродкі. Аднак нават у выпадку камерцыйнага спонсарства сходу ўладам не варта выкарыстоўваць гэты факт у якасці падставы для патрабавання аплаты неадпаведных выдаткаў на ўборку».

 Таксама Валянціну Стэфановічу прыйшоў ліст і з Савету Міністраў, у якім сказана, што зварот праваабаронцаў перанакіраваны для разгляду ў МУС.

Паводле spring96.org

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Грамадства: галоўнае

Больш цікавага на «Новым Часе»: