Пальчысу не перадалі фота нованароджанай дачкі. Што цяпер вядома пра затрыманых блогераў

Былы прэс-сакратар Ціханоўскай блогер Аляксандар Кабанаў рыхтуецца да суду, Эдуарду Пальчысу не перадаюць фота нованароджанай дачкі Эміліі, а «Шэры кот» даслаў паштоўку з «Валадаркі». Што сёння вядома пра затрыманых беларускіх блогераў.

Дзмітрый Казлоў

«Шэрага ката» абмяжоўваюць у перапісцы

Блогер Дзмітрый Казлоў, які вёў стрымы на ютуб-канале «Шэры кот», нядаўна даслаў з «Валадаркі» паштоўку, піша «Свабода». Яе атрымала минчанка Анастасія Емяльянава. Яна лічыць, што блогера абмяжоўваюць у перапісцы.

«У паштоўцы віншаванні з каталіцкімі Калядамі, але прыйшла паштоўка 30 снежня, яўна са спазненнем. Да таго ж свае лісты да яго я нумарую, дык ён напісаў, што адказвае на другі ліст і пытаецца, пра што быў першы. Значыць, не атрымаў. Вельмі быў рады майму лісту, прасіў пісаць больш. Бачна, што ён нібы ў інфармацыйным вакууме. Пра сябе нічога дрэннага не паведаміў, галоўнае, што жывы-здаровы», — кажа Анастасія Емяльянава.

Зміцер Казлоў скончыў 4 курсы Горацкай аграрнай акадэміі і захапіўся відэаблогерствам. Пазней расказваў пра сябе, што спачатку займаўся толькі сацыяльнымі тэмамі, але «само жыццё ўцягнула ў палітыку». У канцы 2019 году «Шэры кот» актыўна асвятляў акцыі ў абарону незалежнасці, якія ладзіў у Минску Павел Севярынец. Мінулай зімой Казлова асудзілі паводле артыкула 23.34 агулам на 120 сутак арышту.

10 чэрвеня яго затрымалі ў Минску і асудзілі на 20 сутак адміністрацыйнага арышту, але з Акрэсціна відэаблогер на волю не выйшаў. Неўзабаве стала вядома, што Зміцер стаў яшчэ адным фігурантам крымінальнай справы Сяргея Ціханоўскага, якую завялі па 342-м артыкуле Крымінальнага кодэксу аб арганізацыі групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак.

Ад кастрычніка Дзмітрыя Казлова ўтрымліваюць у СІЗА на вуліцы Валадарскага, праваабаронцы прызналі яго палітвязнем. У блогера няма бацькоў, звестак пра яго на волю трапляе недастаткова.

Павел Спірын: «Паветра жадаю вольнага»

З відэаблогерам Паўлам Спірыным лістуецца актывістка Вольга Быкоўская. Вольга адзначае, што лісты ад Паўла з «Валадаркі» прыходзяць розныя: збольшага аптымістычныя, але трапляюцца ў іх і сумныя ноткі.

«У адным з лістоў падрабязна апісаў, як праходзіць кожны турэмны дзень, і адзначыў, што дні вельмі падобныя, параўнаў турэмны час з «днём сурка». Але, спадзяецца, гэтак будзе не заўсёды, і дадае: «Паветра жадаю вольнага!», — кажа Вольга Быкоўская.

Павел Спірын размяшчаў свае блогі на youtube, ягоны відэафільм «Айчым» пра Лукашэнку сабраў каля 945 тысяч праглядаў. Відэаблогера затрымалі 4 верасня ў ягонай кватэры. Праваахоўнікі зрабілі там ператрус і забралі шмат тэхнікі. Крымінальную справу на Паўла Спірына завялі за ягоны фільм «Грань» пра наркагандаль у Беларусі. Ён быў занесены ў спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў. Відэаблогера абвінавачваюць паводле 130 артыкула Крымінальнага кодэксу аб наўмысных дзеяннях, скіраваных на распальванне варожасьці.

Павел Спірын быў сябрам руху «За свабоду», летась спрабаваў вылучацца кандыдатам на прэзідэнта, але ягоную ініцыятыўную групу Цэнтравыбаркам не зарэгістраваў. Сярод прызнаных палітвязнямі Паўла Спірына няма.

Аляксандр Кабанаў: «Журналісты пабачаць, як шыюць у нас крымінальныя справы»

Аляксандр Кабанаў

Вольга Быкоўская таксама падзялілася цытатамі з ліста, які атрымала ад блогера Аляксандра Кабанава. Гэта вядомы актывіст з Брэста, які да арышту быў прэсавым сакратаром выбарчага штабу Святланы Ціханоўскай. Аляксандра Кабанава затрымалі яшчэ да выбараў, 15 чэрвеня. Блогер сядзеў у Брэсцкім СІЗА, потым на «Валадарцы» ў Мінску, цяпер зноў у Брэсце, дзе ўжо азнаёміўся з крымінальнай справай. Завялі справу на Кабанава паводле 342 артыкула — аб арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак. Сваёй віны Аляксандар Кабанаў не прызнае і піша, што з нецярплівасьцю чакае суду. Вось кавалак з ягонага ліста:

«Вельмі спадзяюся, што будуць журналісты і пабачаць, як у нас шыюць справы, гэта нават не белыя ніткі, а нейкія вяроўкі для бялізны, канаты...» — у канцы блогер намаляваў смайлік.

Аляксандар Кабанаў не скардзіцца на ўмовы ў ізалятары, але адзначае, што давядзецца яму яшчэ пабыць у няволі. Марыць пра рыбалку і спадзяецца, што да выхаду на свабоду ўсю рыбу не пераловяць.

Вікторыя Пальчыс: «Прыкра, што фота нованароджанай дачкі да яго не прапусцілі»

Эдуард Пальчыс

Блогер, ранейшы і цяперашні палітвязень Эдуард Пальчыс, пакуль ідзе следзтва па ягонай справе, сядзіць у СІЗА Жодзіна. За час зняволеньня ў яго нарадзілася дачка Эмілія, якой ён ня бачыў нават на фота. Жонка блогера Вікторыя паведаміла, што фатаздымак яму не перадалі, а чаму — невядома.

«Мо які маёр зараз разглядае нашу дачку, а яму здымак не перадалі. Чаму? Прыкра. Пазаўчора з Эдуардам бачыўся адвакат. Вось ведаем цяпер, што нашы лісты ў Жодзіна яму зусім не даходзяць, адпаведна, і фатаздымак дачкі ён не атрымаў. Ягоны тата піша яму амаль кожны дзень, але ён нічога не атрымліваў. А вось некаторыя лісты ад сяброў і знаёмых да яго дайшлі. Атрымаў ліст ад жыхароў Сенніцы, усім дзякаваў. Ад яго рэдкія лісты ідуць, адзін па 3 тыдні», — расказала Вікторыя.

Жонка Эдуарда Пальчыса непакоіцца за здароўе мужа. Ведае, што ён перахварэў на нешта кшталту прастуды. Але быў гэта каранавірус ці што іншае, незразумела, бо аналізаў ня бралі.

«Прасіў сабраць і перадаць яму туды аптэчку», — кажа Вікторыя.

У верасні 2020 году Эдуарда Пальчыса асудзілі на 39 сутак па адміністрацыйным артыкуле, але на волю пасьля адбыцця гэтага тэрміну не выпусцілі. Блогера вінавацяць паводле 293 артыкула — «арганізацыя масавых беспарадкаў». Праваабаронцы прызналі яго палітвязнем.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: