Палешукі пра сітуацыю вакол возера Чырвонае: Нам хоць у пятлю лезь (відэа)

У Жыткавіцкім раёне на Гомельшчыне некалькі месяцаў трываюць пратэсты супраць намераў улады перадаць трэцяе з вялічыні возера Беларусі – Чырвонае, Нацыянальнаму парку «Прыпяцкі»


Возера Чырвонае – самы буйны натуральны вадаём Гомельскай вобласці і трэці з велічыні ў Беларусі пасля Нарачы і Асвейскага. Сёння Нацыянальны парк “Прыпяцкі” ужо мае ў арэндзе траціну возера і прылеглы з паўночнага захаду лясны масіў. Яшчэ дзве траціны – у Жыткавіцкага лясгаса і акцыянернага таварыства “Жыткавічыхімсэрвіс”. Але ў пачатку года “Прыпяцкі” вырашыў падмяць пад сябе ўсё возера і прылеглую тэрыторыю ў радыусе трох кіламетраў.  

Жыхары Жыткавічаў, а таксама вёсак Дуброва, Пухавічы, Чырвонае, якія знаходзяцца побач з возерам, упэўненыя, што, калі над возерам пачне ўладарыць “Прыпяцкі”, яны страцяць сваю радзіму. І прыклады таго, як нацыянальны парк пазбаўляў людзей магчымасці трапіць у лясы, дзе яны спрадвеку збіралі грыбы і ягады, палявалі і адпачывалі – зусім побач. Каля вёскі Палянка лес, які аддалі нацпарку папросту агарадзілі плотам і забаранілі наведваць.

 Ужо некалькі разоў на ўзбярэжжы возера адбываліся стыхійныя пратэстныя сходы жыхароў навакольных вёсак, на якія прыязджалі і людзі з Жыткавічаў ды прылеглага да возера Любанскага раёна Менскай вобласці. У вёсцы Дуброва праводзіўся агульны сход жыхароў, куды запрашалі і кіраўніцтва Нацыянальнага парка. Але генеральны дырэктар – Сцяпан Бамбіза, ад кантактаў з людзьмі ўсяляк ухіляецца.

Людзі перакананыя, што Нацыянальны парк не будзе займацца аховай прыроды на возеры. Яны бачаць, што робіцца ў лясах былога Прыпяцкага запаведніка, на базе якога ў 1996-м стварылі нацыянальны парк. Эколагі шматкроць звярталі ўвагу на вынішчэнне ўнікальнага масіву поймавых дуброваў на правым беразе Прыпяці. На адказных асобаў нацпарка заводзілі некалькі крымінальных справаў за незаконныя высечкі і паляванні. Жыхары наваколля Чырвонага лічаць, што нацпарк імкнецца прыкрыць сваю безгаспадарчасць пашырэннем тэрыторыі, з якой яшчэ можна нешта высмактаць.


Жыхары Жыткавіцкага раёна не разумеюць, навошта распальваць канфлікт там, дзе яго няма. Сёння Нацыянальны парк “Прыпяцкі” валодае лясамі, ракой Прыпяць, вялікай колькасцю паплавоў, балотаў, азёраў і малых рэчак на тэрыторыі чатырох раёнаў Гомельшчыны – Петрыкаўскага, Жыткавіцкага, Лельчыцкага і Калінкавіцкага, агульнай плошчай амаль у 190 тысяч гектараў. І асабліва эфектыўнай гаспадаркі там не адзначаецца. Не дужа бачна дбайнага гаспадара і на той частцы Чырвонага, якая цяпер у арэндзе “Прыпяцкага”. Ці ж палепшыць перадача ўсяго возера сямейнаму клану братоў Бамбізаў эканамічныя паказчыкі нацпарка?


Людзі не могуць зразумець, чаму гэта робіцца за кошт грэбавання цікавасцямі не толькі жыхароў, але і прадпрыемстваў Жыткавіцкага раёна, які знаходзіцца ў ліку дэпрэсіўных. Жыхары напісалі калектыўны зварот Адміністрацыю прэзідэнта, якая мусіць прыняць канчаткова рашэнне аб перадачы возера. Але адказ атрымалі ад Кіраўніцтва справамі, якому падначаленыя нацыянальныя паркі. У адказе абяцаюць улічыць цікавасці мясцовага насельніцтва. Вось толькі абяцанням такім гэтае насельніцтва ўжо не верыць.

Аўтар Андрэй Мядзведзеў

Відэа Ларыса Шчыракова

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!