Паліцыя замест міліцыі, цывільны міністр, дэмілітарызацыя, выбары мясцовых кіраўнікоў. 15 фактаў пра рэформу МУС

Святлана Хілько, якая ў Народным антыкрызісным кіраванні адказвае за рэформу органаў унутраных спраў, расказала пра асноўныя блокі праекта распрацаванай камандай рэформы МУС. «Радыё Свабода» прапануе 15 фактаў пра рэформу МУС ад Святланы Хілько.

Былая следчая тлумачыць, як прадухіліць катаванні, хто будзе падлягаць люстрацыі, як пройдзе дэмілітарызацыя, як знікнуць абмежаванні для жанчын у сістэме МУС, чаму гэта будзе паліцыя, а не міліцыя, і што будзе зроблена, каб ніколі не паўтарыўся гвалт 2020–2021 гадоў.

1. Паліцыя, а не міліцыя

— У слове міліцыя ёсць «military», ваенізаванае фармаванне. Ад пачатку міліцыя — гэта не прафесійныя праваахоўнікі, а людзі, якія часова сабраліся падчас надзвычайнай сітуацыі, каб забяспечыць парадак у краіне ці рэгіёне. Паліцыя — людзі, якія пакліканыя абараняць горад. Гэта ад слова «поліс». Калі мы гаворым, што павінны перайсці да грамадска-арыентаванай паліцыі, то тэрміналогія вельмі важная. Само перайменаванне як частка рэбрэндынгу і пераходу на новыя рэйкі вельмі важнае. У тым ліку і для турыстаў. У новай Беларусі будзе шмат турыстаў, і пры патрэбе яны будуць звяртацца не ў міліцыю, а шукаць паліцыю на вуліцах горада, бо так гэтыя органы называюцца ва ўсім свеце.

2. У законе не будзе такой задачы, як «абарона інтарэсаў дзяржавы»

— Калі мы імкнёмся да сусветных дэмакратычных стандартаў, нам трэба адыходзіць ад мінулага і пераходзіць на новую, грамадска-арыентаваную паліцыю, у якой не будзе паводле закону такой задачы, як абарона інтарэсаў дзяржавы. Цяпер такая задача ў законе стаіць на першым месцы. Што за дзяржава нейкая абстрактная? Атрымліваецца, што міліцыя — часовы орган, які быў створаны для забеспячэння функцыянавання новага рэжыму, калі прыйшла савецкая ўлада. Гэты орган, які першапачаткова абараняў рэжым, такім і застаўся. Фактычна, цяпер мы маем службу аховы прэзідэнта, і ўся краіна пераўтварылася ў службу аховы прэзідэнта.

3. Прадухіленне катаванняў праз грамадскі ўдзел і кантроль

— Праз укараненне механізмаў грамадскага кантролю, у тым ліку і ў дачыненні да катаванняў, іх можна прадухіліць, калі ёсць дастатковая колькасць праваабарончых арганізацый, якія гатовыя перыядычна інспектаваць месцы зняволення. Будзе дадзены кругласутачны доступ, праверка можа прыйсці ў любы момант, і самі людзі змогуць кантраляваць абстаноўку за кратамі.

4. Турэмныя дактары не будуць падпарадкоўвацца МУС

— Адбудзецца навучанне ўсіх дактароў па Стамбульскім пратаколе (ёсць добрыя методыкі выяўлення катаванняў пры аглядзе людзей). Сістэма, калі ў турмах дактары носяць пагоны, карумпаваная сама па сабе. Доктар не павінен мець пагоны, ён павінен клапаціцца пра здароўе, у тым ліку і зняволеных. Ён не павінен падпарадкоўвацца МУС і атрымліваць загады зверху, у тым ліку пра інфармацыю, якую можа абнародаваць. Сітуацыі, як са звесткамі аб праміле, за якую асудзілі доктара, трэба выкараніць. Будуць унутраны кантроль і спецыяльныя трэнінгі.

5. Катаванні — гэта ўсё, што прыносіць фізічная і маральныя пакуты

— Важна дакладнае вызначэнне катаванняў. Іх робяць людзі, якія маюць уладу над чалавекам. Калі супрацоўнік пагражае сям’і, выбівае паказанні пагрозамі, гэта катаванні. І гэта не толькі тое, што мы бачылі ў страшных фільмах пра вайну, хоць такія страшныя рэчы адбываліся і адбываюцца ў Беларусі цяпер. Катаванне — гэта і паставіць у нязручную позу каля плота на вуліцы. Катаванне — гэта трымаць на холадзе, пакласці на падлогу ў спартыўнай залі і гадзінамі не дазваляць выйсці, гэта не даваць пайсці ў прыбіральню да моманту, калі чалавек ужо не зможа стрымаць свае натуральныя патрэбы. Гэта маральнае прыніжэнне. Катаванне — гэта забіраць бялізну ў зняволенага, адключаць ваду, не даваць гігіенічныя рэчы. Катаванні — гэта тое, што робяць службоўцы з пэўнай мэтай — прынізіць, падавіць волю за палітычныя погляды, за размову на беларускай мове.

6. Каго будзе датычыцца люстрацыя

— Я б не хацела гаварыць пра люстрацыю ў кантэксце МУС. Тут лепей гаварыць пра адказнасць. Адказнасць за ўчыненыя злачынствы панясуць усе — кіраўнікі, выканаўцы злачынных загадаў, людзі, які заводзілі незаконныя крымінальныя справы. Сутнасць люстрацыі заключаецца ў тым, што мы не дапускаем да органаў кіравання дзяржаўнай улады людзей, якім мы не давяраем. З нейкіх прычын чалавек не «напрацаваў» на крымінальную справу, але мы гаворым, што ёсць шэраг крытэраў, па якіх ён можа жыць, працаваць, займацца рознай дзейнасцю, але мы не хочам, каб ён ствараў палітычныя партыі і вёў людзей за сабой, мы не хочам, каб удзельнічаў у кіраванні дзяржавай на пасадах, якія прадугледжваюць прыманне сурʼёзных рашэнняў. Гэта да міліцыі не мае ніякага дачынення. Выканаўцы, людзі, якія працуюць «на зямлі», не збіраюцца заўтра ствараць свае палітычныя партыі. Менавіта ў такім сэнсе люстрацыя ў паліцыі новай Беларусі не прадугледжаная.

7. Каб атрымаць пашпарт, не патрэбны чалавек у пагонах

— Частка кадравага складу выйдзе са структуры МУС. Ёсць падраздзяленні, якія не выконваюць праваахоўную функцыю. У МУС і паліцыі, як частцы МУС, павінны заставацца тыя супрацоўнікі і падраздзяленні, якія займаюцца непасрэдна правааховай. Дэпартамент выканання пакаранняў павінен існаваць асобна. У нас ёсць пашпартная служба, якая сумяшчае функцыі кантролю за міграцыяй, і гэтыя функцыі павінны быць падзеленыя. Грамадзяніну, каб атрымаць пашпарт, не трэба прыходзіць у міліцыю і кантактаваць з чалавекам у пагонах. Гэта можна зрабіць з дапамогай электроннага ўраду ці іншых сістэм.

8. Скарачэнні ці змены праз аўдыт

— Наколькі трэба зменшыць колькасць супрацоўнікаў МУС? Мы не ведаем, колькі людзей працуе ў міліцыі сёння. Гэтая інфармацыя закрытая і засакрэчаная. Называць лічбы скарачэнняў цяпер — дылетанцкі падыход, а мы хочам выкарыстаць навуковы падыход і рабіць гэта дзеля краіны. Для гэтага трэба правесці аўдыт, пагаварыць з людзьмі, якія маюць практычны досвед кіравання рознымі падраздзяленнямі, асобна правесці аўдыт спецпадраздзяленняў. Ёсць спецпадраздзяленне, пакліканае змагацца з тэрарызмам. Давайце правядзём аўдыт яго дзейнасці за апошнія 10 гадоў і паглядзім, якія функцыі яно выконвала. Я ведаю, што гэтыя падраздзяленні вельмі моцныя і прафесійныя, лічацца аднымі з найлепшых у краінах СНД і Еўропы. Ці застануцца супрацоўнікі ў рамках гэтых падраздзяленняў, ці мы прапануем іншую працу ў рамках іх абавязкаў, каб яны былі сапраўды карысныя сваёй краіне. Спецыялістаў губляць мы не хочам. Выганяць кагосьці, помсціць і караць мы не хочам. Усё будзе зроблена адкрыта і празрыста, і ўсе супрацоўнікі будуць мець права голасу ў гэтым працэсе.

9. Дэмілітарызацыя

— Міліцыя цяпер — моцная ваенізаваная структура, пачынаючы з назвы, у ёй званні супадаюць з вайсковымі, форма падобная да вайсковай. Людзі, якіх мы бачым на вуліцы, маюць вобраз байца ці воіна, які з некім ваюе ў сваёй жа дзяржаве. Ад гэтага вобразу трэба адыходзіць. Дэмілітарызацыя будзе заключацца ў змене вонкавага аблічча, у змене званняў. Цяпер можна ўзяць чалавека з войска і паставіць яго кіраваць МУС, у іх званні аднолькавыя, структуры фактычна адзіныя. У пракуратуры і Следчым камітэце людзі не маюць вайсковых званняў, гэтаксама павінна быць і ў паліцыі. Дэмілітарызацыя — гэта працэс змены тактыкі кантактаў з людзьмі, паводзін паліцыі на масавых мерапрыемствах. Цяпер гэта тактыка падаўлення і застрашвання. Яе трэба мяняць на тактыку перамоў, мяккага суправаджэння, забеспячэння бяспекі людзей, якія выйшлі на вуліцу, але ніяк не цяперашніх жорсткіх захадаў.

10. Дэцэнтралізацыя

— Мы прапаноўваем максімальна прыбраць падпарадкаванне вертыкалі. Сёння міністэрства — самы галоўны орган, які аддае загады ўсім зверху ўніз. Мы хочам перавярнуць сістэму цалкам і зрабіць асноўнай адзінкай тэрытарыяльны орган. Сёння гэта раённае ўпраўленне ці раённае аддзяленне ўнутраных спраў. Яно павінна самастойна прымаць рашэнні і быць незалежным ад вобласці ці сталіцы. На сваёй тэрыторыі, у сваім горадзе яны самі прымаюць рашэнні, як, напрыклад, арганізоўваць працу на масавых мерапрыемствах. Іх не маюць права вывозіць у іншыя вобласці ці завозіць усе сілы ў Мінск, каб падаўляць пратэсты. Не, начальнік паліцыі Гомеля ці Крычава можа сказаць, што яго людзі туды не паедуць. Гэта могуць быць дамоўныя адносіны, але не ў форме загаду. Цяпер найвышэйшае кіраўніцтва мае ўсе рычагі ціску: начальніка міліцыі могуць звольніць, пазбавіць пенсіі, да крымінальнай адказнасці прыцягнуць. Гэтыя кіраўнікі павінны станавіцца максімальна незалежнымі ў прыняцці сваіх рашэнняў.

11. Змяніць не людзей, а сістэму

— Мы ўводзім механізмы, якія павінны не дапусціць падзеяў, якія адбыліся ў 2020-2021 годзе. Звольніўшы ўсіх і замяніўшы людзей на новых, мы праблему не вырашым. Украінскія калегі расказвалі пра стварэнне патрульнай паліцыі, калі з нуля былі набраныя вельмі ідэйныя людзі, якія ўдзельнічалі ў Майдане і сапраўды хацелі нешта змяніць у сваёй краіне, але хутка нешта зламалася, бо не была змененая сама сістэма, не былі дапушчаныя праваабаронцы, грамадзянская супольнасць. Таму мяняць трэба не людзей, а сістэму.

12. Выбары мясцовых кіраўнікоў паліцыі

— Мы прапанавалі выбіраць кіраўнікоў падраздзяленняў паліцыі на абласным узроўні. Атрымалі шмат водгукаў, што гэтая схема патэнцыйна карупцыйная, бо чалавек у вобласці, маючы сурʼёзныя фінансавыя сродкі, можа зрабіць добрую перадвыбарчую кампанію, абрацца і быць не зусім сумленным. Людзі прапануюць усё ж выбіраць на раённым узроўні, а не на абласным. Там, нават не маючы матэрыяльных сродкаў, чалавек заўсёды навідавоку. Ён можа сустрэцца з 300, 400, 500 людзьмі, яму не патрэбныя сурʼёзныя эканамічныя ўкладанні, каб правесці выбары і абрацца на пасадзе. Мы хочам зрабіць тэставанне. Не трэба мяняць адразу ва ўсёй краіне, можам рабіць пілотныя праекты ў некалькіх раёнах. Калі людзі гатовыя выбіраць, дамо такую магчымасць, калі не гатовыя — будзем прызначаць.

13. Гендарная роўнасць у органах унутраных спраў

— Я не прыхільніца, каб мы ставілі планкі і вырашалі дабраць жанчын, каб было 50 на 50. І я б не вітала і цяперашнюю абмежавальную практыку. Цяпер у многіх падраздзяленнях ёсць ліміт на жанчын. Калі я скончыла магістратуру і збіралася паступаць у адʼюнктуру ў Акадэмію МУС, мне было сказана, што на той момант ліміт на жанчын вычарпаны. У цябе, можа, большы ў гэтай сферы патэнцыял, але мы вымушаныя ўзяць хлопца, магчыма, з меншым патэнцыялам, таму што ў нас ёсць ліміт. Гэта звязана з тым, што гэта мілітарызаваная структура. Трэба прыбіраць гэтыя перашкоды. Калі ты здольны і гатовы па прафесійных якасцях вытрымаць няпростую службу, перад табой павінны быць адчыненыя ўсе дзверы. Мы не робім палёгкі, не ставім перашкод, а патрабуем аднолькава ад любога супрацоўніка.

14. Жанчыны-кіраўніцы і дэкрэтны адпачынак

— Трэба прыбраць гендарныя моманты пры прасоўванні па службе і пры прызначэннях. Я ведаю вельмі шмат таленавітых жанчын у міліцыі, у Следчым камітэце, якія не становяцца кіраўніцамі і начальніцамі проста таму, што яны жанчыны. Сядзіць «мужчынскі клуб», усе людзі, якія прымаюць рашэнні, — гэта мужчыны, і яны вырашаюць, хто будзе кіраўніком, з кім яны будуць весці дыялог у кабінеце, і ім часам бывае складана разгледзець жаночую кандыдатуру. Я перакананая, што гэта можна памяняць не штучнымі метадамі праз планкі, а натуральным шляхам.

Падчас працы над рэформай адзін з удзельнікаў запытаўся: калі ўсё пойдуць у дэкрэтны адпачынак адразу, як жа мы будзем працаваць? У нас ёсць дактары, настаўнікі, пераважна жанчыны. І што, такая трагедыя, што ўсе пайшлі ў дэкрэтны адпачынак і не вярнуліся? Ніхто не перашкаджае і мужчыну выходзіць у дэкрэтны адпачынак. Гэта пакуль не вельмі практыкуецца ў Беларусі, але, жывучы ў ЗША, я бачу, што жанчыны і мужчыны на роўных выходзяць.

15. Палітычнае прызначэнне і цывільная асоба на чале МУС

— У нашай прапанове рэформы міністр унутраных спраў — цывільная асоба. Гэта палітычнае прызначэнне. Міністр дамаўляецца аб міжнароднай супрацы, напрыклад, каб нашы паліцыянты далучыліся да Еўраполу і маглі ўдзельнічаць у сумесных праектах. Гэты чалавек ва ўрадзе прадстаўляе МУС, а само міністэрства займаецца навуковай, аналітычнай дзейнасцю, працуе з вялікай базай даных. Гэта не міністр, які будзе ўсім аддаваць загады зверху ўніз. Гэта складана ўкласці ў галаве, столькі гадоў пражыўшы ў таталітарнай сістэме, але роля міністра будзе значна меншая, чым цяпер.


Святлана Хілько скончыла Акадэмію Міністэрства ўнутраных спраў і 10 гадоў працавала ў праваахоўных органах Беларусі. У 2012 годзе яна звольнілася са Следчага камітэта ў званні капітана. Апошнія гады Святлана жыве ў Каліфорніі, працуе ў IT-кампаніі, займаецца тэставаннем праграмнага забеспячэння беспілотных аўтамабіляў. Да гэтага працавала ў кампаніях «Groupon» і «Microsoft».

 

 

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: