Паліенку паставілі на ўлік як схільнага да суіцыда

Сацыяльнага актывіста Змітра Паліенка паставілі на прафілактычны ўлік як схільнага да суіцыда. Таксама ён быў пераведзены ў ШІЗА, а ў камеры зроблены ператрус, падчас якога былі адабраны лісты таварышаў і фотаздымкі. 
Зміцер Паліенка падчас суда. Фота Дзіяны Пінчук

Зміцер Паліенка падчас суда. Фота Дзіяны Пінчук

Пра гэта сам Зміцер напісаў сваім паплечнікам.

Нагадаем, 17 кастрычніка Змітра Паліенку павінны былі судзіць у Мінскім гарадскім судзе па чатыром артыкулам Крымінальнага кодэкса: арт. 341 (псаванне маёмасці ў грамадскім месцы), ч.1 арт. 130 (распальванне іншай сацыяльнай варожасці або розні па прыкмеце сацыяльнай прыналежнасці), арт. 369 (публічная абраза прадстаўніка ўлады ў сувязі з выкананнем ім службовых абавязкаў) і ч. 3 арт. 339 (асабліва злоснае хуліганства).

Калі Зміцер даведаўся, што судзіць яго будуць у закрытым рэжыме, у знак пратэсту напачатку пасяджэння ён парэзаў вены. Пасля гэта суддзя вырашыў зрабіць суд адкрытым. Акрамя таго, з Змітра знялі абінавачанні па тром артыкулам, цяпер яго абвінавачваюць па арт. 3 арт. 339 (асабліва злоснае хуліганства).

"Як бы гэта пафасна не гучала, але я не баюся шэрых сцен, калючак і нават смерці, зараз мне няма чаго губляць. У мяне ёсць ідэя, цвёрдыя перакананні і погляды, у мяне ёсць вера, любоў, праўда і ўсвядомленыя мэты, годнасць, сумленне, сапраўдныя таварышы і камрады, каханая і салідарныя людзі — гэта тое, што суддзям і сістэме ў мяне ніколі не забраць! 
Наперадзе цяжкі шлях, але вы ведаеце, мяне пазбавяць волі, але не пазбавяць маіх маральных прынцыпаў і таго, што ў маім сэрцы і душы! Нішто не цягнецца вечна!", — прыводзяць у фэйсбуку словы Паліенкі яго таварышы.  


Наступнае пасяджэнне па справе Змітра Паліенкі адбудзецца 23 кастрычніка ў 12:00.





Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!